Сіўка, бурка ды яшчэ і каурка
04.02.2009 01:00:00
Міфалагічны і казачны конь — гэта сімвал часу, вечнасці, непадзельнасці космасу, гэта найбольш надзейны пасрэднік паміж светам жывых і светам памерлых, паміж небажыхарамі і людзьмі. Менавіта таму якраз на сівым-белым кані прыязджае на зямлю Юрый і адмыкае “зямліцу”, выпускае на свет Божы “расіцу гаючую”.
l Сувязь каня з вышэйшым светам стала падставай для вераванняў у тое, што конь надзелены інтуіцыяй і можа прадказваць лёс свайго гаспадара. Напрыклад, калі гаспадар збіраўся ў дарогу, а ўжо запрэжаны конь пачынаў фыркаць або біць зямлю капытамі, то гэта ўспрымалася нядобрым знакам.
l Па паводзінах каня прадказвалі стан надвор’я:
— конь часта фыркае — прадказанне хуткага дажджу;
— конь храпе або закідвае галаву ўверх — будзе непагадзь.
l Асаблівай павагай карыстаўся конь у абрадавай практыцы беларусаў, перш за ўсё на вяселлі і пахаванні. Вясельнага каня ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, кветкамі, да дугі мацавалі званочкі, а на шыю надзявалі шархуны, якія павінны былі адганяць нячыстую сілу.