Сіўка, бурка ды яшчэ і каурка

Конь — адзін з найбольш шануемых персанажаў беларускай міфалогіі, вуснапаэтычнай спадчыны і абрадавай практыкі нашага народа. У казачнай прозе рускіх, украінцаў і беларусаў можна сустрэць устойлівы паэтычны вобраз каня незвычайнай масці: “Сіўка-Бурка, вешчая каурка, стань перада мной, як ліст перад травой!”. У гэтай мастацкай мініяцюры як у кроплі вады адлюстравана ўся гісторыя стасункаў чалавека і прыручанай жывёліны. Гісторыкі культуры і развіцця цывілізацыі сцвярджаюць, што конь быў цесна знітаваны з трыма грамадскімі супольнасцямі: воінамі, земляробамі і святарамі. Аднак кожная з гэтых супольнасцей аддавала перавагу пэўнай масці коней, што з цягам часу стала ўспрымацца тоеснымі сімваламі. Кауры конь неаддзельны ад вобраза абаронцы, воіна. Земляроб аддаваў перавагу бураму каню, а сівы конь быў знакам саслоўя валхвоў, а пазней святароў. У такім разе, калі казачны герой звяртаўся па дапамогу да каня адразу трох масцей, то, зразумела, ён прасіў дапамогі ў прадстаўнікоў трох асноўных сфер жыццядзейнасці грамадства.

Міфалагічны і казачны конь — гэта сімвал часу, вечнасці, непадзельнасці космасу, гэта найбольш надзейны пасрэднік паміж светам жывых і светам памерлых, паміж небажыхарамі і людзьмі. Менавіта таму якраз на сівым-белым кані прыязджае на зямлю Юрый і адмыкае “зямліцу”, выпускае на свет Божы “расіцу гаючую”.
l Сувязь каня з вышэйшым светам стала падставай для вераванняў у тое, што конь надзелены інтуіцыяй і можа прадказваць лёс свайго гаспадара. Напрыклад, калі гаспадар збіраўся ў дарогу, а ўжо запрэжаны конь пачынаў фыркаць або біць зямлю капытамі, то гэта ўспрымалася нядобрым знакам.
l Па паводзінах каня прадказвалі стан надвор’я:
— конь часта фыркае — прадказанне хуткага дажджу;
— конь храпе або закідвае галаву ўверх — будзе непагадзь.
l Асаблівай павагай карыстаўся конь у абрадавай практыцы беларусаў, перш за ўсё на вяселлі і пахаванні. Вясельнага каня ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, кветкамі, да дугі мацавалі званочкі, а на шыю надзявалі шархуны, якія павінны былі адганяць нячыстую сілу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter