Рыцары на Замкавай гары. Выхадныя — у незабыўным і гераічным свеце сярэдневяковай культуры.

24 і 25 ліпеня ў старажытным Мсціславе пройдзе свята сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст-2010”. Мерапрыемства праводзіцца тут ужо трэці раз. Сёлетні фэст арганізатары прысвяцілі 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Невыпадкова. Мсціслаўская харугва, якой кіраваў разам са смаленскай і старадубаўскай Сямён-Лінгвеній, заснавальнік дынастыі мсціслаўскіх князёў, не толькі ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве, але і прыпыніла першы націск Тэўтонскага ордэна.
— Мы паспрабуем аднавіць атмасферу сярэднявечча, — расказала “НГ” арганізатар фэсту начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. — На Замкавай гары вышынёй 20 метраў, дзе не аднойчы вяліся баі за горад, падчас свята адбудуцца рыцарскія турніры, спаборніцтвы лучнікаў і мечнікаў. Мы падрыхтавалі месца для баёў, зрабілі агароджу, арганізавалі назіральныя пляцоўкі, адкуль можна будзе палюбавацца цудоўнай панарамай горада са старажытнымі храмамі.
Акрамя таго, гасцей свята чакаюць тэатралізаванае шэсце з каралём Ягайлам на кані, майстар-класы па танцах і музыцы сярэднявечча, стральба з лука і арбалета, экскурсіі па гістарычных месцах Мсціслаўскага раёна, канцэртная праграма з удзелам гуртоў “Стары Ольса”, “Яварына”, вогненны цырк, “Горад майстроў” і атракцыёны. Падчас фэсту таксама можна будзе пачаставацца стравамі, прыгатаванымі па сярэдневяковых рэцэптах, — не толькі пабачыць, але і адчуць смак часоў рыцараў і князёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter