Юбiляр Вiктар Манаеý – пра сталасць, страты i шчасце

«Рысу трэба падводзіць кожны дзень»

«У Грэцыю, на Афон!» — вырашыў напярэдадні свайго 60-годдзя народны артыст Беларусі Віктар Манаеў і схаваўся там ад людскіх вачэй. Бадай, у гэтым і ёсць сапраўдны Манаеў: чалавек веруючы, сціплы і высакародны, ён не любіць да сябе празмернай увагі, не шукае піяру. Але слава не можа не знайсці свайго героя, калі той сапраўды яе варты: а ў Купалаўскі тэатр многія ходзяць менавіта на Манаева. Нашы найлепшыя віншаванні Віктару Сяргеевічу і вялікі дзякуй за знойдзены час для інтэрв'ю.
Фота domdruku.by

— Віктар Сяргеевіч, вы, ледзь дачакаўшыся адпачынку, адразу з'ехалі куды далей. Гэта значыць, што сезон у тэатры выдаўся складаным?


— Усяму свой час. Час раскідваць камяні, час іх збіраць. Час удыхаць, час выдыхаць. Калі чалавек працуе, трэба адпачываць. Калі ж гультай, то няма чаго і адпачываць. Гэты сезон быў цудоўны. З «Чайкай» трапілі ў Кітай — цікавая была паездка. Потым прэм'ера «Рэвізора». Роля Гараднічага — шчасце. Класіку іграць — заўсёды вялікае шчасце. Роля цудоўная. Там усё несыгранае сыграеш. Працаваць з Пінігіным — адно задавальненне. Ён заўсёды ведае, што робіць. А артысты для акцёра — як фарбы для мастака: павінны легчы на свае месцы. 

— Не кожнаму шчасціць знайсці свайго рэжысёра…

— За трыццаць гадоў мы з Мікалаем Мікалаевічам зрабілі больш за дваццаць спектакляў. «Арт», «Пінская шляхта»… Усе працы сур'ёзныя. Гэта гаворыць пра тое, што нам добра разам. Я так думаю.

— Ёсць яшчэ сілы не на адну, а на дзве-тры прэм'еры ў год? Ці хапае работы ў тэатры?

— Хапае работы, але чаму б і не болей? Цяпер па новым вымярэнні жыцця 60 — гэта не старасць, як было раней, а сталасць. Але ж і адкладваць на потым ужо нельга, нават небяспечна. Кожны год усё ж набліжае да 80, то бок да сапраўднай старасці. Таму чаму і не? Вядома ж, я б не змог іграць адзін пяць «Рэвізораў» на месяц. Гэта ж кожны раз навыварат сябе. Цяжка гэта. Дзякуй богу, ёсць другі склад. Але новая роля — заўсёды цікава.

— Яшчэ засталіся ролі ў марах?

— У мяне ніколі такіх мар і не было. Адзіная мара калісьці — працаваць у лялечным тэатры. Але лёс склаўся так, што маім родным домам стаў Купалаўскі. І вось ужо трыццаць восем гадоў я тут. І шчаслівы. Трэба не марыць, а працаваць. Дзякуй богу, ролей дастаткова. Спадзяюся, будуць і яшчэ. Але гэта не мне выбіраць. Як казаў адзін паэт, «и наше дело — жить, а не мечтать».

— Выпадковасці ў вашым жыцці ўсё ж былі?

— Нічога ў жыцці выпадковага не бывае. Усе мы атрымліваем тое, да чаго ідзём. У трэцім класе школьны бібліятэкар, пачуўшы мой пераказ «Цветика-семицветика», сказала, што мне трэба ў драматычны гурток, які, уласна, яна і вяла. Памятаю свой першы выхад на сцэну: у мяне была роля кухара-пельменя — мне падклалі падушку, нафарбавалі шчокі. Зала смяялася, а я атрымаў ад гэтага велізарнае задавальненне. Тады і зразумеў, што мне падабаецца весяліць людзей. Вельмі зайздросціў работнікам цырка, і асабліва клоўнам, якія стваралі настрой, дарылі радасць.

У школе быў харашыст, вельмі любіў хімію, падабалася ставіць вопыты. Настаўнікі казалі, што мне дарога ў тэхналагічны. Але я быў не згодны. Для чаго, скажыце, я хадзіў у драмгурток, займаўся ў студыі мастацкага слова? Толькі ў тэатральны! Вывучыў верш пра вайну Мікалая Маёрава «Есть в голосе моем звучание металла». Уявіце, як я прамаўляю гэтыя радкі сваім пісклявым голасам. Камісія смяялася, але мне здавалася, што ўсе павінны плакаць. Словам, мне сказалі, што я не падыходжу і лепш будзе, калі выберу іншую прафесію. 

А куды ісці? Я сем гадоў займаўся ў драмгуртку, «закахаўся» ў гэтае мастацтва. Аднойчы ўбачыў у газеце аб'яву: «Патрабуюцца юнакі для залiчэння ў акцёрскую трупу лялечнага тэатра». Тады там яшчэ не было прафесійнага калектыву, таму запрашалі людзей з вуліцы. Я прачытаў байку Дзям`яна Беднага, мне далі ляльку, папрасілі паказаць, што магу з ёй рабіць, і выдалі кароткае: «Прыносьце заяву».

Да гэтага часу памятаю: прыходжу ў аддзел кадраў, па радыё гучыць «Арлекіна», і дзве жанчыны абмяркоўваюць, хто гэта спявае: «Нейкае рэвалюцыйнае прозвішча ў гэтай спявачкі, ці то Разіна, ці то Пугачова. Яна, здаецца, яшчэ на нейкім конкурсе перамагла». Мяне ж больш цікавілі словы песні: «Арлекино, Арлекино, нужно быть смешным для всех...» Гэта якраз тое, чаго я хацеў. Вось так мы пачыналі разам з Алай Барысаўнай.

— Значыць, мара пра лялечны здзейснілася?

— Я вельмі любіў той тэатр. Рук тады не хапала, таму папрацаваў практычна з усімі лялькамі. А якія там былі людзі! Яны зараблялі кучу хвароб спіны і рук, але ўсё для таго, каб дзеці весяліліся. А якія тады былі дарослыя спектаклі! На іх немагчыма было дастаць квіточак. Гэта быў казачны час, я быў упэўнены, што вызначыўся са сваёй прафесіяй. Тады якраз набіралі курс для лялечнага тэатра, і я вырашыў ісці туды вучыцца, таму што іншага шляху не бачыў. Але жыццё склалася па-іншаму. Нас вядзе Гасподзь, вядзе туды, дзе мы павінны быць. Тады ў інстытуце выкладаў рэжысёр Купалаўскага Андрэй Андросік, мы з ім рабілі драматычныя спектаклі па апавяданнях Чэхава. Я іграў адразу некалькі роляў. Мабыць, яны яму спадабаліся. Словам, мяне ўзялі за руку і прывялі ў Купалаўскі, хоць сэрца маё было ў лялечным. Ведаеце, потым, калі да мяне былі прэтэнзіі, я заўсёды казаў: «Што вы ад мяне хочаце? У дыпломе ж напісана, што я акцёр тэатра лялек».

— Шасцідзесяцігоддзе ўсё ж сутракаеце з радасцю ці з сумам?

— Радавацца? Усё ж узрост недзіцячы. Падводзіць рысу? Я гэта рабіў у 50. Падзяліў жыццё на дзве часткі: да 50-годдзя і пасля яго. Як казаў прарок Давід дзве тысячы гадоў таму, тэрмін чалавечы — 70—80 гадоў. Значыць, пасля 50, па-царкоўнаславянскаму кажучы, «прочее время». Але гэта ніяк не астатні час. Гасподзь вырашае, колькі нам жыць. Але мы не павінны марнаваць час. Трэба працаваць, рабіць нешта добрае. Рысу трэба падводзіць кожны дзень увечары: каго пакрыўдзіў, што зрабіў не так… І прасіць прабачэння. 

— Самыя шчаслівыя і самыя сумныя моманты кар'еры, творчага жыцця?

— Не магу сказаць, што ў кар'еры былі сумныя моманты. Заўсёды выходзіў на сцэну: калі больш, калі менш. Цудоўныя рэжысёры, партнёры. Нельга наракаць на творчы лёс. Усё ж такі мастацтва — гэта адбітак жыцця. Мы працуем, каб людзям было добра, каб у іх было святлей на душы. Ведаеце, як у песні Алены Камбуравай пра клоўна: «Когда я — вот он, //Одной печалью станет меньше у кого-то, //Выходит, //Ровным счетом// На свете больше станет радостью одной!»

«Мы працуем, каб людзям было добра, каб у іх было святлей на душы»
Фота Яўгена КОКТЫША

А ў асабістым жыцці бываюць і сумныя моманты, калі страчваеш маці ці іншага блізкага чалавека. Мы ж жывыя людзі, таму і плачам, і радуемся. Узгадваю моманты дзяцінства: трымаю за руку прыгожую высокую маці ў паркалёвай сукенцы — вось гэта шчасце. Праходзіць час, і здараецца, па сутнасці, натуральная з'ява — яна сыходзіць з жыцця. І гэта ўжо гора. 

— Каб не заканчваць на сумнай ноце, усё ж узгадайце шчаслівыя моманты.

— Я кожны дзень шчаслівы, калі заходжу ў тэатр. Тут усё роднае. Я не хітрую: сапраўды кожны дзень дзякую Богу, што даў мне такое шчасце. Ведаеце, раней не вельмі зручна было дабірацца дамоў, асабліва пасля спектакля. А некалькі гадоў таму пабудавалі метро «Спартыўная», цяпер дзесяць хвілін — і я на месцы. Ці не шчасце? Яно заўсёды побач, трэба толькі навучыцца заўважаць.

ЦЫТАТА

Аляксандра БУТАР, сцэнарыст, кінарэжысёр:

— Для мяне Віктар Манаеў — суперакцёр. Ён зорка Купалаўскага тэатра, але ў кіно чамусьці здымаўся вельмі мала. Па сутнасці, яго Струк у маіх «Белых росах. Працяг» — гэта яго першая вялікая роля ў кіно. Напачатку ў мяне, вядома, былі пэўныя сумненні. Але як толькі мы з ім бліжэй пазнаёміліся, яны адразу зніклі. Ён вельмі абаяльны чалавек, прычым не толькі знешне, але і ўнутры. Я б нават сказала, што ён у сваім салідным узросце па-ранейшаму застаецца дзіцем: вельмі кранальным і ранімым. Уласна, і Ёзас Будрайціс, другі наш галоўны герой, таксама такі ж, таму яны выдатна глядзеліся разам. Для мяне было вялікім гонарам, што такія вялікія акцёры даверыліся мне. З Віктарам Сяргеевічам мы потым яшчэ доўга не маглі расстацца пасля фільма: ездзілі ў госці да Ёзаса, ладзілі сустрэчы з гледачамі. Сябруем і па гэты дзень. Ведаеце, у яго столькі драмы ў жыцці было! Гэта толькі з выгляду ў яго ўсё лёгка і проста. На самай справе ён столькі ўсяго носіць унутры. Там столькі матэрыялу! Задача рэжысёра — дастаць яго адтуль. Віктара Сяргеевіча часцей за ўсё ведаюць як камедыйнага акцёра, але ён можа быць вельмі розным: і арыстакратам, і суперзлодзеем, і г.д. Вельмі  хацела б зняць яго ў якім-небудзь нечаканым вобразе і веру, што калі-небудзь гэта здарыцца.

МЕРКАВАННЕ

Мікалай ПІНІГІН, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

— Віктар — мая левая рука. Родны чалавек. Мой самы любімы артыст. Мы знаёмыя са студэнцкіх часоў, зрабілі з ім каля дваццаці спектакляў. Бываюць акцёры ўніверсальныя, а ў Манаева ёсць сваё амплуа. Ён у ім настолькі арганічны, што іншага і не патрэбна. Праз свой камічны вобраз гэты акцёр умее гаварыць нават пра трагічнае. Што гэта, калі не талент? У тым жа «Рэвізоры», апроч камедыйнай сітуацыі, шмат сур'ёзных момантаў. Гараднічы — на сто працэнтаў роля Віктара. І ў мяне яшчэ ёсць для яго нешта. Не хачу даваць маленькія ролі, бо ён годны большага. Хачу пажадаць Віктару здароўя, каб і надалей ён так любіў Купалаўскі тэатр, як сёння.

stepuro@sb.by   
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter