Ірына ДАРАФЕЕВА: “Радзіма там, дзе васількі”

Яна нарадзілася, вырасла і стала артысткай у Беларусі. Яе песенная творчасць прасякнута любоўю да роднага краю. Дастаткова ўспомніць, з якім пачуццём яна спявае “Рэчаньку”, “Вышыта сарочка”, “Баладу”, “Каханачку”, і адразу зразумееш, што пачуццё патрыятызму ёй прывіта з дзяцінства. Ірына ўспамінае, колькі было радасці, калі на выхадныя яе і брата бацькі бралі з сабою ў падарожжа па Беларусі.

— Мы любілі назіраць праз акно аўтамабіля, як хутка адзін за адным змяняюцца маляўнічыя пейзажы, як раптам вырастаюць, а потым некуды знікаюць дрэвы, травы, цэлыя лясы, — прызнаецца заслужаная артыстка Беларусі. — Пра тое, што мы — беларусы, гаварыла мама. Яна, дарэчы, выкладала прыкладное мастацтва. І, канешне, гісторыя, літаратура, беларускія народныя песні паўплывалі на станаўленне мяне як асобы.
— Ці ведаеце вы свой радавод, паходжанне свайго прозвішча?
— Даведацца пра гэта для мяне заўжды было цікава. Гісторыя сям’і і нашай Радзімы — гэта і ёсць тыя карані, што напаўняюць наша жыццё сэнсам, натхняюць на стварэнне будучыні. Зараз адзін з маіх родзічаў займаецца састаўленнем генеалагічнага дрэва. Стала вядома, што сярод маіх продкаў было шмат людзей, якія займаліся мастацтвам. Аказваецца, мае родзічы раскіданы па ўсім свеце. Але пакуль што ў гісторыі нашага радаводу шмат белых плямаў, пакінутых шматлікімі войнамі, што давялося вынесці Беларусі.
— Калі гаворыце пра сваю Радзіму, якая карціна паўстае перад вашымі вачыма?
— Рукі маіх бацькоў, пакручасты бераг Дняпра, бяскрайнія залатыя палі пшаніцы з нябесна-сінімі васількамі.
— Якія вашы ўнутраныя якасці гавораць пра вас акружаючым: “Дакладна — гэта беларуска”?
— Я — адкрыты і шчыры чалавек, але, напэўна, лепш было б у іншых спытацца пра гэта.
— Якія беларускія традыцыі існуюць у вашай сям’і зараз?
— Галоўная традыцыя нашай сям’і — збірацца за багата накрытым сталом і ўспамінаць усё самае лепшае, што было ў жыцці, дзяліцца апошнімі навінамі... А яшчэ мы любім ездзіць на лецішча, дзе ловім рыбу, а потым смажым яе на вуглях у дубовых лістах.
— Якая страва беларускай нацыянальнай кухні вам больш за ўсё падабаецца?
— Дранікі з грыбамі. А з той пары, як тата заняўся пчалярствам, вельмі палюбіла мёд.
— На ваш погляд, наколькі значная роля Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур?
— Гэта мерапрыемства яднае народ Беларусі і спрыяе ўзбагачэнню нашых культур, стварэнню духоўна багатага грамадства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter