Рымскія канікулы

Сумесны праект “Народнай газеты”, Мінскага аблвыканкама, Валожынскага райвыканкама і рэдакцыі валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” Вандроўка ў край кантрабандыстаў і мудрацоў Мільгаюць з-за лясоў ды над палямі вежы цэркваў і касцёлаў. Храмы старадаўнія, а лясы — першабытныя, бо тут раскінулася Налібоцкая пушча, “малодшая” сястра Белавежскай. Указальнікі, расстаўленыя па “берагах” асфальтоўкі, скіроўваюць вандроўніка да аазісаў культуры. Што ж там, за паваротам?

Сумесны праект “Народнай газеты”, Мінскага аблвыканкама, Валожынскага райвыканкама і рэдакцыі валожынскай раённай газеты “Працоўная слава”

Вандроўка ў край кантрабандыстаў і мудрацоў

Мільгаюць з-за лясоў ды над палямі вежы цэркваў і касцёлаў. Храмы старадаўнія, а лясы — першабытныя, бо тут раскінулася Налібоцкая пушча, “малодшая” сястра Белавежскай. Указальнікі, расстаўленыя па “берагах” асфальтоўкі, скіроўваюць вандроўніка да аазісаў культуры. Што ж там, за паваротам?

Вандроўка ў край кантрабандыстаў і мудрацоў

Мільгаюць з-за лясоў ды над палямі вежы цэркваў і касцёлаў. Храмы старадаўнія, а лясы — першабытныя, бо тут раскінулася Налібоцкая пушча, “малодшая” сястра Белавежскай. Указальнікі, расстаўленыя па “берагах” асфальтоўкі, скіроўваюць вандроўніка да аазісаў культуры. Што ж там, за паваротам?

 Івянец

Таварыш Фрунзе шпацыруе да Арханёла Міхала...

Неверагодна? Але ж “бацька” мінскай міліцыі ў 1916 годзе жыў у Івянцы, у доме славутага разьбяра Апалінарыя Пупко.
Яшчэ большыя славутасці паселішча — белы і чырвоны касцёлы. Адзін — барочны прыгажун, які амаль што паўтарае абрысы сталічнага Свята-Духава кафедральнага сабора, а другі — неагатычны “рыцар”: са спічастымі вежамі, высокімі стральчатымі вокнамі. Белы храм носіць імя Арханёла Міхала, а чырвоны названы ў гонар святога Аляксея — вельмі рэдкае ў каталіцкай традыцыі найменне.
Івянецкая кераміка — адзін з пазнавальных далёка за межамі мястэчка “брэндаў”. Яшчэ пры цары тутэйшыя ганчары вазілі свае вырабы ў Пецярбург — выстаўляць на прэстыжных конкурсах і кірмашах. У канцы XIX стагоддзя ў Івянцы было 17 ганчарных майстэрняў. Ацаніць шэдэўры мясцовых мастакоў вы зможаце ў краязнаўчым музеі, які ўражвае не менш за ракаўскую галерэю.

 Вішнева

Хто ў саркафагу ляжыць?

Мы лічым яго выдатным філосафам, але найперш Сымон Будны быў прапагандыстам новай плыні ў хрысціянстве — пратэстантызму. У XVI стагоддзі гэтае вучэнне карысталася вялікай папулярнасцю сярод эліты беларускага грамадства. Аднак пасля займела яшчэ больш праціўнікаў. У канцы жыцця мысліцель застаўся амаль без прыхільнікаў, памёр у Вішневе. З той пары ходзіць легенда, нібыта пахавалі філосафа ў мясцовым касцёле.
На фасадзе храма відаць лічба: 1424. Але гісторыкі архітэктуры запэўніваюць: дата пабудовы пазнейшая, надпіс жа сведчыць пра заснаванне першага драўлянага храма на гэтым месцы. Зайшоўшы ўнутр дома Божага, пераконваюся, што яго барочны інтэр’ер сапраўды пазнейшы за час жыцця Буднага. Між тым ксёндз кажа, што, паводле народных легенд, у сутарэннях ляжаць чыесьці косткі і яшчэ белы саркафаг, якога ніхто, аднак, не адкрываў. Я бачыў краем вока тую грабніцу, бо ў сутарэнне святар не пусціў. На надмагіллі ніводнага надпісу. У валожынскім краязнаўчым музеі таксама не ведаюць, хто спачывае пад белым “покрывам”: мо нехта з князёў Храптовічаў, фундатараў храма? Загадка...

 Ад Вільні да... Афінаў

Па слядах паэтаў і прэзідэнтаў

Люблю наш край — старонку гэту, Дзе я радзілася, расла...
Памятаеце, чые гэта пранікнёныя і ўжо хрэстаматыйныя словы? Нагадаю: Канстанцыі Буйло — адной з найвыдатнейшых паэтак пачатку ХХ стагоддзя. Нарадзілася яна ў Вішневе. Тут жа з’явілася на свет і Уладзіслава Францаўна Станкевіч — будучая Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. Усе разам яны пазнаёміліся ўжо ў Вільні, працуючы на пачатку ХХ стагоддзя ў рэдакцыі першай беларускамоўнай газеты “Наша ніва”.
З Вішнева і Пятро Бітэль — паэт, перакладчык, які пераклаў з польскай на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Знаўцы кажуць: лепшага “тлумачэння” паэмы не зрабіў ніхто.
У Вішневе многа год служыў айцец Уладзіслаў Чарняўскі — перакладчык Новага Запавету на нашу мову, адзін з нямногіх ксяндзоў, якія ў ХХ стагоддзі славілі пана Бога ў касцёле па-беларуску.
Шымон Перас, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і цяперашні прэзідэнт Ізраіля, таксама з Вішнева! Ён нарадзіўся тут у 1923 годзе, яшчэ да Другой сусветнай вайны выехаў у Палесціну. А ў наш час наведаў родныя мясціны і здзівіўся, што ацалела тая студня, з якой у дзяцінстве будучы палітык піў чыстую крынічную ваду. Пакаштаваў спадар Перас яе зноў, сказаў: “Смачна!” — і з настальгіяй успомніў маленства... А вішнеўцы дужа ганарацца сваім земляком.
У Валожыне, пры дарозе з Мінска на Вільню, дагэтуль стаіць драўляная хатка канца XIX стагоддзя. Мемарыяльная шыльда сведчыць: “У гэтым доме да 1914 года жыў вядомы беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі)”. Яго творы друкавала “Наша ніва”!
Вёску Лоск ведалі далёка за межамі Беларусі яшчэ ў XVI стагодзі. На замчышчы (цяпер пустынным гарадзішчы) стаяў замак магнатаў Кішкаў, а ў двары рэзідэнцыі працавала друкарня. Выдаваў тут свае творы і Сымон Будны.
Літаратурнымі пенатамі, а то і Афінамі называлі сучаснікі сядзібу даваеннага ўладальніка Ракава, вядомага інтэлектуала, акадэміка і пісьменніка Мар’яна Здзяхоўскага. Жывучы большую частку года ў Вільні, улетку Здзяхоўскі вяртаўся да родных крыніц і запрашаў у госці вядомых творчых асоб свайго часу.

 Люцынка

Гусь ад Дуніна-Марцінкевіча

Невялікі фальварак Люцынка на беразе аднайменнай рэчкі ў ХІХ стагоддзі набыў выхадзец з-пад Бабруйска, грамадзянін Мінска шляхціц Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У доме пісьменніка ўзнік літаратурна-мастацкі салон, дзе бывалі паэт Уладзіслаў Сыракомля, кампазітар Станіслаў Манюшка. Побач на грошы Дуніна-Марцінкевіча працавала школа, у якой атрымаў пачатковую адукацыю вядомы пасля літаратар Ядвігін Ш. Але галоўнае, што ў гэтай ціхай мясціне нарадзіліся найлепшыя творы самога пана Вінцэнта, якога нашчадкі ахрысцілі “дударом беларускім” — лічыце, народным пісьменнікам.
Дом творцы, аднак, згарэў адразу пасля яго смерці. Але ў 2005 годзе за некалькі соцень метраў ад таго месца, дзе жыў пясняр, набыў хату гісторык Аляксандр Белы. Ён стварыў тут шляхецкі падворак XIX стагоддзя, які назваў у гонар адной з папулярных страў старадаўняй кухні — “Марціновая Гусь”.

 Багданава

“Ля касцёла” Фердынанда

А прозвішча ўласніка незвычайнага імя — Рушчыц. Гэтага мастака добра ведаюць у Польшчы, бо пражыў ён усё сваё жыццё ў гэтай дзяржаве, да якой належаў у 20—30-я гады і родны кут творцы — маёнтак Багданава. Карціна “Ля касцёла” — адзіная, што захоўваецца ў нашай краіне, у Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта краявід храма ў Багданаве, які, на жаль, не захаваўся...
А магіла мастака дагэтуль прыкметна на мясцовых могілках. Рушчыц пражыў большую частку творчага жыцця ў Вільні, але пахаваць сябе завяшчаў на бацькаўшчыне.
Работы мастака цэняць не толькі ў нас ды ў Польшчы, пры жыцці пана Фердынанда яны экспанаваліся ў Маскве, Пецярбургу. А на вялікую творчую сцэну нашага земляка вывелі Шышкін і Куінджы, яго шанаваў і Рэпін, з ім сябравалі Рэрых і Чурлёніс. У Вільні ў Рушчыца вучыліся асновам жывапісу Язэп Драздовіч і Пётр Сергіевіч.

 Валожын   

 Вечны горад

...З валожынскай аўтастанцыі дарога вядзе ўгару — да цэнтральнай плошчы. Дамінанта пляца — касцёл святога Юзафа, пабудаваны на грошы колішніх уладальнікаў горада графаў Тышкевічаў. Побач захаваўся іх палац з аранжарэяй (на жаль, без экзатычных раслін).
І ўсё ж найбольшую славутасць у свеце Валожын здабыў дзякуючы тутэйшай ешыве. У перакладзе з іўрыту гэтае слова азначае “пасяджэнне”. Ешыва была галоўным іудзейскім універсітэтам. Тут выхоўвалі равінаў і вучоных. Валожынскую “акадэмію” мясцовыя яўрэі шанавалі як “маці ешыў”, найгалоўнейшую з галоўных. А Валожын, мабыць, нездарма празвалі “Рымам літоўска-беларускіх яўрэяў” яшчэ ў XIX стагоддзі.
Ешыва адкрылася ў 1803 годзе. Яе заснаваў Хаім з Валожына, вучань віленскага равіна Эліяху бэн Шлома Залмана, якога пры жыцці празвалі Гаонам, або Геніем. Гаон прапаведаваў вяртанне яўрэяў з Еўропы на Зямлю запаветную, у Палесціну, і стаў адным з прадвеснікаў адраджэння Дзяржавы Ізраіль. Валожынская ешыва дзейнічала да 1939 года, тут вывучалі Талмуд студэнты з усяго свету. Будынак акадэміі захаваўся, але дагэтуль чакае рэстаўрацыі.

 Ракаў

Вітаўт на агародзе

Ад Мінска да Ракава, здавалася б, рукой падаць. Але да 1939 года гэта была сапраўдная заграніца, ды яшчэ і “буржуазная”. 70 гадоў таму валожынская зямля была ўскраіннай тэрыторыяй панскай Польшчы, за якой пачыналася Савецкая Беларусь. У памежным Ракаве ішоў бойкі гандаль кантрабанднымі таварамі, перапраўленымі з БССР. Але цяпер тут ці-і-і-ха... Правінцыя: сярод машын нярэдка, бывае, пракоціцца сялянскі воз. Бо і мястэчкам паселішча лічылася толькі да вайны, а цяпер, паводле статусу, — вёска. Але ж са сваім музеем.
Мураваныя касцёл, царква і кунсткамера — даволі прыстойны антураж для сельскай мясцовасці. Музей заснаваў мастак Фелікс Янушкевіч. Ён набыў даваенны пляц з домам, што належаў тутэйшаму яўрэйскаму ці то купцу, ці то рамесніку. Спадар Фелікс пераехаў сюды на жыхарства з Мінска, а каб не сумаваць — арганізаваў пры жытле мастацкую галерэю. Паколькі краязнаўчага музея Ракаў не мае, то такім лічыцца сядзіба Янушкевіча. Ёсць тут нават рарытэтны дарожны столік, які нібыта належаў самому Адаму Міцкевічу.
Не думайце, што ў вёсцы няма чаго паглядзець. У Ракаве ёсць нават свой манумент правадыру. Праўда, герою даўно мінулых часоў — вялікаму князю Вітаўту. Манумент стаіць пры Янушкевічавым доме-музеі, амаль на агародзе. Але пашукайце, дзе яшчэ ў Беларусі пастаўлены скульптуры ў гонар славутага валадара? Толькі ў Гродне і, бадай, больш нідзе.

 Выбіраем разам

Дарагі чытач!
Выбраць упадабаныя вамі цуды проста: запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння дзівосаў Валожынскага раёна. Анкету адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць таксама на сайце рэдакцыі ў інтэрнэце: www.ng.by

Ваш голас вельмі важны!

7 цудаў  Валожынскага раёна                                          Ваша адзнака
Ракаў. Музей Янушкевіча
Люцынка. Сядзіба Дуніна-Марцінкевіча
Валожын. Ешыва
Багданава. Радзіма Рушчыца
Івянец. Белы і чырвоны касцёлы
Вішнева. Родны кут класікаў
Вішнева. Храм з саркафагам

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter