Рыхтуй форму летам

Гандаль прапануе пашыраны асартымент школьных тавараў

Ужо цяпер прадпрыемствы гандлю прапануюць пашыраны асартымент школьных тавараў

Цалкам экіпіраваць дзіця да школы абыдзецца бацькам у гэтым годзе ў суму ад 860 тысяч беларускіх рублёў да 3,6 мільёна для малодшых і ад 1,6 да 4,28 мільёна рублёў для старэйшых школьнікаў. Пра гэта «Р» расказалі ў Міністэрстве гандлю.

Калі параўноўваць з мінулым годам, кошт школьнага асартыменту крыху падрос. А менавіта на 10—30 працэнтаў за кошт павышэння адпускных цэн таваравытворцаў, тлумачыць прэс-сакратар Мінгандлю Дзмітрый Маліноўскі. У цэлым жа, паводле яго слоў, для гэтай групы тавараў дзейнічае мінімальная гандлёвая надбаўка, якая вагаецца ад 10 да 25 %.

Для таго каб затраты на падрыхтоўку дзіцяці да 1 верасня не надта білі па бацькоўскіх кішэнях, прадпрыемствы гандлю прадугледзелі сістэму бонусаў. «Так, напрыклад, ГУМ Мінска прапануе беспрацэнтныя крэдыты на набыццё тавараў школьнага асартыменту пры куплі на суму 500 тысяч рублёў і вышэй, — распавядае Дзмітрый Маліноўскі. — Для шматдзетных сем’яў шэраг прадпрыемстваў прадугледзелі скідкі».

У цэлым прадпрыемствы гандлю ў гэтым годзе прапануюць дастаткова шырокі асартымент тавараў для школы. Напрыклад, хлопчыкі змогуць выбіраць з 250 мадэляў адзення, дзяўчынкі — з 270. Што тычыцца абутку, іх чакаюць 80 і 70 мадэляў адпаведна. Спартыўнага абутку ў гандлёвую сетку паступіць каля 60 дзявочых і хлапчуковых мадэляў. Рукзакоў і сумак са святлоадбівальнымі элементамі — да 85 мадэляў. Дзецям будзе прапанаваны значны пералік канцылярскіх і школьна-пісьмовых прылад айчыннай і імпартнай вытворчасці.

У гэтым годзе ў перыяд падрыхтоўкі да школы, адзначыў Дзмітрый Маліноўскі, школьныя тавары можна будзе набыць у 7300 аб’ектах гандлю, у тым ліку адзенне і абутак — у 2000 магазінаў. Дадаткова ў мэтах паляпшэння якасці абслугоўвання адкрыта 300 гандлёвых кропак, аформлена больш за 5700 куткоў для першакласнікаў і школьнікаў. З 15 ліпеня да канца жніўня ў рэспубліцы будуць працаваць 760 школьных кірмашоў, 200 з якіх — пастаянна дзеючыя, а 560 — працуюць у выхадныя дні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter