Рыбак ці паляўнічы?

З кожным годам усё больш людзей аддаюць перавагу больш дынамічнаму і захапляючаму паляванню на рыбу ў яе роднай стыхіі, пад вадой перад маркотным сядзеннем з вудай на беразе. Маска з кіслароднай трубкай, ласты, гідракасцюм і, вядома ж, спецыяльнае ружжо складаюць амуніцыю сучасных дайвераў-рыбакоў.

Прыватны прадпрымальнік з Барысава Аляксандр Левін захапіўся рыбалкай пасля службы ў арміі. Спачатку лавіў рыбу на звычайную вуду. Аднак з цягам часу змяніў рыбалоўныя снасці на рыштунак дайвера: традыцыйная рыбная лоўля, на яго думку, даволі пасіўны від адпачынку. Чаго нельга сказаць аб падводным паляванні, тут значна больш “дробязей”, якія самым непасрэдным чынам уплываюць на канчатковы вынік. Сярод іх — надвор’е, празрыстасць вады, становішча дна і іншыя фактары.
— Калі апускаешся пад ваду — быццам зачыняеш дзверы ў гэты свет з усімі яго праблемамі і хваляваннямі, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр. — Застаешся абсалютна адзін у цудоўным, загадкавым царстве.
Галоўнае правіла рыбалкі — цішыня. Рыба не любіць шуму. Адзін неасцярожны рух — і яна імгненна знікае. Падводныя паляўнічыя добра ведаюць месцы, дзе любіць хавацца здабыча: выгін ракі, яміна, затанулае дрэва, пятачок травы на возеры. Яны бясшумна апускаюцца на глыбіню, далей у кожнага свая тактыка. Можна плаваць у пошуках здабычы, а можна затаіцца і чакаць, пакуль спалоханая рыба вернецца на звыклае месца. 
Сваю першую буйную рыбіну Аляксандр загарпуніў толькі праз тры гады захаплення падводнай рыбалкай. Было гэта на рацэ Друць, што на Магілёўшчыне. Тады яго здабычай стаў трохкілаграмовы шчупак. Для Аляксандра Левіна колькасць злоўленай рыбы не мае значэння — яго больш цікавіць працэс лоўлі. Дарэчы, злавіць буйную рыбіну найбольш складана. У такіх асобін багаты вопыт “сустрэч” з рыбакамі. Таму яны асабліва палахлівыя, і злавіць такую рыбіну пачынаючаму рыбалову-падводніку практычна немагчыма. Аляксандр Левін успамінае такі выпадак. Колькі год назад яны выцягнулі з Бярэзіны старога шасцікілаграмовага шчупака, дык на ім жывога месца не было: рубцы ад гарпуноў па баках, спераду адмеціна ад блешні...
Ганаровае месца ў багатай калекцыі трафеяў Аляксандра Левіна займаюць 24-кілаграмовы сом і 13-кілаграмовы сазан. Апошняга ён загарпуніў на рацэ Сож. А было гэта так. Толькі Аляксандр апусціўся на некалькі метраў пад ваду, як адразу наткнуўся на некалькі буйных рыбін. Выбраўшы самую габарытную, пусціў у яе стралу, але рыба імгненна стала адыходзіць на глыбіню. Катушкі, якую многія падводнікі ставяць на ружжо спецыяльна для такіх выпадкаў, у Аляксандра тады не было. Толькі два з паловай метры капронавага фала. Умомант разматаўшы гэты мізэрны запас, сазан ледзь не вырваў ружжо з рук. Толькі цаной неймаверных намаганняў рыбаку ўдалося адстаяць зброю і здабычу.
З кожным годам, як канстатуюць рыбакі, колькасць рыбы ў вадаёмах і рэках краіны памяншаецца. На гэта ўплывае экалагічны і чалавечы фактар. Нягледзячы на вялікія штрафы, браканьераў менш не становіцца. Падводныя паляўнічыя сустракаюць іх “сляды” паўсюдна: часта натыкаюцца на расстаўленыя сеткі. Сеткі, як правіла, рэжуць, але на наступны дзень на гэтым месцы з’яўляюцца новыя...
Сапраўдныя дайверы займаюцца падводнай лоўляй на працягу ўсяго года. Вядома, зімой узнікаюць пэўныя цяжкасці. У гэтым плане мінулая зіма была сапраўдным падарункам для падводнікаў. Аляксандр і яго таварышы — фанаты дайвінгу. І калі атрымліваецца, на паляванне выбіраюцца кожныя выхадныя. Яны аб’ездзілі амаль усю нашу краіну, апускаліся пад ваду ў карэльскіх вадаёмах, спрабавалі свае сілы ў марской рыбалцы. У іх марах — парыбачыць на Урале і ў дэльце Волгі. Наперадзе іх чакаюць новыя трафеі і яркія ўражанні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter