Ружаны: беларускi Версаль

Сярод старажытных мястэчкаў Брэстчыны няма роўных Ружанам на багатую спадчыну: палацавы комплекс Сапегаў, Траецкі касцёл, праваслаўная царква Пятра і Паўла, барочная сінагога, манастыр базыльян, карчма ХVIII стагоддзя, капліца Святога Казіміра, старадаўнія муры. Упершыню ўзгадваецца паселішча ў летапісных крыніцах ХV стагоддзя як уладанне заможнага роду Тышкевічаў, дзе выраблялі дываны, абрусы, мастацкія паясы, кераміку. Ладзіліся багатыя кірмашы. 


Валодаў мястэчкам і знакаміты магнат і палітычны дзеяч, канцлер, адзін з аўтараў унікальнага зводу законаў – Статута Вялікага Княства Літоўскага — Леў Сапега, па загадзе якога ў пачатку XVII стагоддзя пачалося грандыёзнае будаўніцтва замка з трыма вежамі, дзе спалучаліся рысы абарончай крэпасці і параднага палаца.

Ружанскі замак стаў значным цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Высокапастаўленыя асобы вырашалі тут дзяржаўныя пытанні, у раскошных залах ладзіліся адмысловыя прыёмы. Двухпавярховыя сутарэнні захоўвалі дзяржаўную казну, арсенал, важныя дакументы і архіў роду Сапегаў, харчовыя запасы і бочкі з віном. 

Ружаны ў трыццатыя гады ХХ стагоддзя

Мястэчка мела Магдэбургскае права, зведала варожыя рабаванні. Асабліва знішчальны след пакінула Паўночная вайна. Нашчадак Льва Сапегі канцлер Аляксандр Сапега аднавіў рэзідэнцыю. Па яго загадзе архітэктар Ян Самуэль Бекер стварыў вытанчаны палац з садамі, паркамі, аранжарэямі, які па прыгажосці не саступаў знакамітаму Версалю. Гонарам Ружан сталі найбагацейшыя бібліятэка і карцінная галерэя, адзін з лепшых у Еўропе тэатр, на спектаклі якога неаднаразова прыязджаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

За ўдзел у паўстанні ў 1831 годзе расійскі імператар пазбавіў Сапегаў ружанскага маёнтка, і пачаўся заняпад уладанняў. Новы гаспадар адкрыў у пакоях палаца ткацкую мануфактуру.

Ружанская брама палаца Сапегаў (канец ХХ стагоддзя).

Жорсткія разбурэнні пакінулі ў архітэктурным комплексе дзве сусветныя вайны ХХ стагоддзя. Стан будынкаў доўга заставаўся гнятліва безнадзейным.

Нядаўна адноўлены цэнтральная брама і бакавыя флігелі, у якіх размясціўся музей. Круглы год прымае адпачываючых санаторый у Ружанскай пушчы. Славіцца мястэчка мэблевай фабрыкай, галоўны брэнд якой – тэатральныя крэслы, што ўпрыгожваюць глядзельныя залы Беларусі і Расіі. 

За пяць вякоў Ружаны, радзіма былога кіраўніка ўрада Iзраіля Iцхака Шаміра, былі цэнтрам воласці, гміны, раёна. Цяпер – гарадскі пасёлак Пружанскага раёна.


ГАМАНЛІВЫЯ гракі ўжо гаспадараць на высокіх дрэвах старога парку. Больш шчодра прыгрэе сонейка і зашчабечуць шпакі, а за імі вернуцца з выраю жаўрукі, кнігаўкі і іншыя птушыныя. Тут, у заходнім кутку Беларусі, ужо адчувальны подых вясны: гатовыя выстраліць першымі лісцікамі набраклыя пупышкі чаромхі, што апанавала рачную пойму Ружанкі. У зацішку агародчыкаў пад лагодным сонейкам песцяцца пасля зімовай сцюжы галінкі бэзу. Наперабой гарланяць з падворкаў галасістыя пеўні.

Кіраўнік спраў Ружанскага сельсавета Наталля ЮРЭНЯ

У выхадныя да Ружанскай брамы падкатваюць вясельныя картэжы. Модным стала рэгістраваць шлюб у палацы Сапегаў, дзе ў забавах бавілі час знатныя асобы Еўропы. Вякамі мацавалася слава маёнтка, рэшткі якога ўзвышаюцца на высокім пагорку. Над уязной брамай паўстала статуя Ганны. Як сведчыць адно з паданняў, назву мястэчка атрымала ад імёнаў дачок гаспадара маёнтка: Ружы і Ганны. Беласнежная фігура здалёк вітае гасцей. Марыя Рыгораўна Ярмасюк, якая сустракае 103-ю вясну, памятае, як пад цокат конскіх капыт па бруку з’язджаліся госці на фэст да мясцовай шляхты. Вуліцы ўпрыгожваліся гірляндамі жывых кветак. Чысціня і парадак заўжды пануюць на ружанскіх падворках. Вякамі крышталізавалася культура мястэчка. Не так і проста трымаць яе на ўзроўні. Гарадскі пасёлак пасля сыходу снегу чысты і прывабны. Заслуга ў гэтым калектыву сельсавета, які пяты год узначальвае былая настаўніца матэматыкі Галіна Верхавец. З кожным годам узмацняецца цікавасць да ўнікальнага мястэчка. Шмат замежных турыстаў. Старшыня Ружанскага сельсавета сярод іншых клопатаў пытанням культуры надае асаблівую ўвагу. Прымаюцца меры па зносе самавольных пабудоў, агародчыкаў, якія псуюць знешні выгляд пасёлка. Калі не дапамагае перакананне, адміністрацыйна ўздзейнічаюць на ўпартых жыхароў. 

Стагадовая Домна ГУСТЫР

Актуальнай стала праблема акультурвання ваколіц мястэчка. Раней пасвіліся статкі кароў, і навакольныя лугавіны прывабна выглядалі. Дзясятак кароў засталося на ружанскіх падворках, а большасць статка ААТ “Ружаны-Агра” на пастаянным стойлавым утрыманні. Хмызамі і быллём зарастаюць выпасы. Хто павінен навесці парадак там? 

СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВА ўтворана на базе пяці навакольных гаспадарак. На палях і фермах занята звыш 700 працаўнікоў. Пасля закрыцця філіяла Пружанскага гароднінасушыльнага завода, пякарні, воінскай часці, дзе працавала большасць тутэйшых, скарачэння аб’ёмаў вытворчасці на мэблевай фабрыцы, аптымізацыі іншых калектываў сельгаспрадпрыемства стала самым буйным у мястэчку. Ёсць каму працаваць на палях і фермах буйной гаспадаркі. Сорак трактароў выйдзе на веснавое поле. 

Выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Андрэй Лаўрутыч, які ўзначаліў агранамічную службу, заклапочаны, што азімыя, а іх амаль пяць тысяч гектараў, часткова пашкоджаны студзеньскімі маразамі. Пасевы рапсу перазімавалі лепш. Турбуе маладога спецыяліста, што пакуль не закуплена неабходная колькасць мінеральных удабрэнняў. Звычайна ў канцы першай дэкады сакавіка пачынаюцца веснавыя палявыя работы. Так плануецца і сёлета.

Ружанскія старажылы Мікалай і Марыя АСТАШЭНІ.

Гаспадарка пастаянна выконвае дзяржзаказ па збожжы і забяспечвае свае патрэбы. У сярэднім штогод кожны гектар стабільна дае па сорак цэнтнераў зерня. 

Сёлетні год для Андрэя Лаўрутыча асаблівы, як і для эканаміста Настассі Шумай, якая прыехала на працу ў Ружаны пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Яны рыхтуюцца да вяселля. Кіраўніцтва гаспадаркі ім выдзеліла кватэру. Летась чатыры сям’і хлебаробаў справілі наваселлі. Сучасны катэдж атрымаў вядучы спецыяліст па кормавытворчасці Іван Сакалоўскі, які з сям’ёю пераехаў з суседняга Зэльвенскага раёна. 

Зацікавіла мястэчка і выпускніка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Андрэя Зыбко, які ўзначаліў Ружанскую бальніцу. Жонка Іна Валер’еўна таксама медык. Сына Уладзіслава і дачку Таццяну выхоўваюць. Новай кватэрай задаволены. Дачушка, акрамя вучобы ў чацвёртым класе, наведвае і дзіцячую школу мастацтваў.

Галоўны ўрач Ружанскай гарадской бальніцы Андрэй ЗЫБКО і спецыяліст ААТ«Ружаны-Агра» Людміла КАСЦЮК

Да райцэнтра з Ружан больш за сорак кіламетраў. Бальніца абслугоўвае не толькі жыхароў мястэчка, а і амаль трыццаць навакольных вёсак. Пасля аптымізацыі засталося толькі 35 стацыянарных ложкаў, і яны пастаянна занятыя пацыентамі. Акрамя адміністравання, Андрэй Рышардавіч займаецца непасрэдна лячэбнай практыкай.

ДАПОЎНІЛАСЯ вандроўка  наведваннем бальніцы, дзе пануюць чысціня і парадак. З вёскі Юндзіны папраўляе здароўе Людміла Касцюк, якая працуе спецыялістам па кармах ААТ “Ружаны-Агра”. Стагадовую Домну Васільеўну Густыр медыкі наведваюць дома. Як і дзевяностагадовага ветэрана вайны і працы Мікалая Паўлавіча Асташэню. Крыху маладзейшая яго жонка Марыя Аляксееўна ўпраўляецца па доме. Дачка падтрымлівае бацькоў. Парадак не толькі ў пакоях, а і на падворку былога франтавіка. Пад павеццю на некалькі гадоў наперад назапашаны дровы. З падвядзеннем прыроднага газу адышла праблема з палівам. Паспяхова вырашаецца і забеспячэнне жыхароў мястэчка жыллём.

— Летась наваселлі справілі два дзясяткі сем’яў у чатырохпавярховым шматкватэрным доме, пабудаваным у былым ваенным гарадку, — адзначае кіраўнік спраў Ружанскага сельсавета Наталля Юрэня. – Ствараецца яшчэ адзін кааператыў для будаўніцтва шматкватэрнага дома. Для жадаючых будаваць сядзібныя дамы сталі праводзіць аўкцыёны па продажы зямельных участкаў. Летась прадалі ўчастак пад забудову за 500 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. 

Галоўны аграном ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй ЛАЎРУТЫЧ і эканаміст Настасся ШУМАЙ

Шматдзетным сем’ям на будаўніцтва жылля дзяржава выдзяляе льготныя крэдыты. Такую падтрымку атрымала сям’я Зараявых. У апошнія гады з-за недахопу сродкаў менш будуецца прыватных дамоў. Летась маладыя сем’і Каненей і Смірновых атрымалі ўчасткі пад забудову. Пакуль збіраюць дакументы для будаўніцтва жылля.

Клапоцяцца ў сельсавеце пра новыя працоўныя месцы. У памяшканнях былога лесазавода дзясятак чалавек займаецца вытворчасцю рапсавага алею. Польскі інвестар на базе былой райсельгасхіміі наладзіў перапрацоўку лесу і тым самым даў тутэйшым жахарам працу. Райвыканкам выдзяляе сродкі на далейшую рэстаўрацыю палаца Сапегаў, на якой заняты мясцовыя жыхары.

Бібліятэкар гарадской бібліятэкі Алена ПАЛЯШЧУК

Паступова развіваюцца магчымасці турызму. Пакуль няма выбару гандлёвых кропак, дзе можна было б хутка і смачна падсілкавацца гасцям. Узгадалася колішняя вандроўка на поўдзень Афрыкі, дзе ў нічым не адметным правінцыяльным пасяленні выпала слухаць аўтэнтычныя спевы. На тэрыторыі палаца-замкавага комплексу Сапегаў заявіў пра сябе фестываль “Ружанская брама”, які задумваўся штогадовым, але вырашылі ладзіць яго раз у тры гады. Фэст патрабуе сродкаў, а выступленні фальк-груп не так затратныя, але эфектныя. На тэрыторыі комплексу стала модным рэгістраваць шлюбы. За трыста кіламетраў са сталіцы прыехала маладая пара ў Ружанскі замак Сапегаў у дзень свайго вяселля. Апрануліся маладажоны ў беласнежныя вышыванкі. Дзядуля нявесты некалі служыў набажэнствы ў ружанскім праваслаўным храме Пятра і Паўла. 

Вандроўнікам далёкім і блізкім рады беларускі Версаль.

Пружанскі раён

Фота аўтара і з архіва Ружанскай гарадской бібліятэкі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter