Ружанскі замак падобны на Версаль?
07.07.2011 20:00:02
Кнігазбор Сапегаў набыў электронны варыянт.
Яго прэзентавалі ў галоўнай рэзідэнцыі прадстаўнікоў знакамітага магнацкага роду — Ружанскім палацавым комплексе. Сёння велічны замак — руіны і адрэстаўраваны ўсходні флігель, дзе не так даўно адкрыўся музей.
Ідэя стварэння электроннай бібліятэкі канчаткова выспела ў 2010 годзе. Рэканструкцыя “Сапегіяны” стала справай людзей, апантаных гэтым культурным праектам, якія прадстаўляюць адразу некалькі краін: Беларусь, Расію, Літву. Такім чынам кнігазбор і атрымаў другое жыццё, на гэты раз — віртуальнае.
Дарэчы, першая прэзентацыя дыска “Сапегіяна: кнігазбор роду Сапегаў” адбылася падчас нядаўняга абласнога свята “Ружанская брама”. У невялікі пасёлак з’ехаліся каля пяці тысяч чалавек з розных куткоў нашай краіны. У Ружанскім палацы адбыўся тэатралізаваны шляхецкі баль, выступілі лепшыя творчыя калектывы Брэстчыны.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ
НА ЗДЫМКАХ: такой вось была некалькі стагоддзяў таму галоўная рэзідэнцыя Сапегаў; падчас свята ў Ружанах.
Фота Алега СІДАРЭНКІ