Русы беларус, з-пад якого грузiн выбiваецца...

Памятаю, калі на Бабруйскую швейную фабрыку замест вопытнага дырэктара прыйшоў малады і «неабстраляны» Цімур Бачарашвілі, многія сумняваліся, ці пацягне. Пачатак дзевяностых, самая неразбярыха... Можна ўявіць, колькі выцерпеў кіраўнік! Але не здрыгануўся, дзейнічаў па сітуацыі — і ў вузкую адтуліну імкнуўся прасунуцца. Каманда маладых, амбіцыйных спецаў, якую сабраў, з’яўлялася надзейнай падтрымкай. “Славянка”, як бы ні складвалася, ніколі не страчвала пазіцый. Цяпер прадпрыемства добра вядома і ў рэспубліцы, і па-за яе межамі. Непрыметна ў масцітага ператварыўся сам Цімур Мікалаевіч, які прызнаваўся лепшым кіраўніком-прамыслоўцам Магілёўскай вобласці. Але нам захацелася паглядзець на яго крыху інакш: як на чалавека, асобу.
— Цімур Мікалаевіч, дазвольце спытаць: з выгляду вы русы беларус, але чаму “падперазаны” гэткім нетыповым прозвішчам? — Нічога дзіўнага, тата — грузін. Служыў пад Мінскам. Мама працавала на “Гарызонце”. Вось іх шляхі і перакрыжаваліся! Тата завёз матулю да сябе, у горад Руставі. Там мы жылі. У мяне з’явілася сястрычка. Абое хадзілі ў школу. Я ведаў грузінскую мову, здавалася, каранямі ўрос. Але ж пацягнула на радзіму мамы. Скончыў эканамічны факультэт Гомельскага універсітэта, атрымаў накіраванне на швейную фабрыку ў Бабруйск. Тут і асеў. — А ў Грузію, другі родны край, не цягне? — Калi надараецца магчымасць, імкнуся пабываць. Там мама, сястра, шмат знаёмых. Ды і проста цікава паглядзець, супаставіць. Скажу так: у нас, у Беларусі, куды лепш! Парадак, дысцыпліна. Не дай бог бязладдзя. Перажываю за Грузію, яна мне не чужая. Ды і кожны, відаць, на маім месцы пачуваў бы сябе так, калі ён хоць крышачку патрыёт той краіны, у якой нарадзіўся. — Так разумею, што вы добра ведаеце не толькі рускую і беларускую мовы, але і грузінскую. Толькі яе трэба пастаянна трэніраваць. З кім? — Як з кім? З... Цімурам Мікалаевічам, маім цёзкам і былым дырэктарам Бабруйскага завода вінаградных напояў. З цяперашнім кіраўніком гэтага прадпрыемства Джамалам Маніжашвілі. Ужо як сабяромся, дык нагаворымся! Праз усе мовы, якія ведаем, пройдзем. А заканчваем па-грузінска-беларуску: “Да сустрэчы, кацо!” — Цімур Мікалаевіч, цяпер крыху сямейнага. Што ў вас за гісторыя з прыёмнымі дзецьмі? — Тут так атрымалася: у маёй жонкі Таісы памерла сястра. Двое дзетак 9 і 4 гадоў засталося. Куды іх дзяваць? Мы і вырашылі забраць да сябе. Праўда, прозвішча яны насілі сваё, а ўсё астатняе – наша. Разам з нашымі (яны прыкладна аднаго ўзросту) выхоўваліся. Няпроста гэта, але нічога звышасаблівага. Вучыў паважаць старэйшых, быць зычлівымі, спагадлівымі. — І дзе цяпер вашы дзеці? — Старэйшы сын пайшоў па вайсковай лініі — начальнік следчага аддзела армейскай пракуратуры, малодшы яшчэ вучыцца ў школе. Адна дачка скончыла лінгвістычны, другая заканч-вае ў гэтым годзе эканамічны універсітэт. Магу пахвалі-цца: я ўжо дзядуля! Быццам бы някепска складваецца, але ж перажываеш, як яно далей будзе. Напэўна, такая наша бацькоўская доля: да апошняга — са сваімі дзецьмі! Ды і апусцелае “гняздо” пастаянна аб іх напамінае. — Цімур Мікалаевіч, мы не можам абысці ўвагай і ваш чыста жаночы працоўны калектыў. Больш за дзве тысячы работніц! Як вам з імі? — Нармальна. Жанчына, асабліва калі ў яе дома ўсё ў парадку, можа паказаць такую прадуктыўнасць, якой і мужчыны пазайздросцяць. Яна — самая работніца, ініцыятыўная, прадпрымальная. Праўда, трохі эмацыянальная. З гэтым трэба лічыцца. Быць у курсе ўсяго. Таму кожныя два тыдні праводзім сустрэчы з работнікамі непасрэдна ў цэхах. Да таго ж можна апусціць за-піску, адрасаваную кіраўніцтву, у скрыню, якая вывешана прама пры ўваходзе на прадпрыемства. Асаблівых праблем не ўзнікае. Так што я не супраць жанчыны, я — за яе! — У дырэктара клопатаў, як гаворыцца, воз, а ці ёсць хоць нейкія “акенцы” для вольнага часу? — Імкнуся знаходзіць. Тады з задавальненнем плюхаюся ў крэсла — за шматпалосныя газеты. Муж, які ўткнуўся пасля работы ў “таўстушку”, — гэта я. Ну і спорт, вядома. Тэніс, жаночы футбол (каманда “Бабруйчанка”, якая створана на базе нашага прадпрыемства, — неаднаразовая чэмпіёнка рэспублікі). Вось тое, што мяне цікавіць, чым захапляюся. На Белы Бераг выскачу – о-ох якая асалода! — Ну і самы прывабны для вас куточак? — Гэта, канешне ж, Бабруйск. Горад з надзвычайна цікавым мінулым. Ды і сучасным таксама. А тым больш за апошні час ён добраўпарадкаваўся, папрыгажэў. Хто ні прыязджае, нават з Расіі, гэта адзначаюць: “У вас еўрапейскі горад!” Прыемна чуць. Са свайго боку імкнешся ўнесці дастойны ўклад у паляпшэнне ягонага аблічча, умацоўваеш аўтарытэт. Трэба шанаваць тую мясціну, дзе жывеш, якая дала свет тваім дзецям, унукам. — Цімур Мікалаевіч, дык усё ж такі, хто вы болей — беларус ці грузін? — Я перш за ўсё грама-дзянін той краіны, у якой жыву. А калі ты сам тут, то і тваё сэрца тут!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter