Руплiвец Палескага краю

Трэцюю  пяцiгодку  шчыруе  на  пасадзе  старшынi  Мазырскага  райвыканкома  Мiхаiл  Саўчык.  23  чэрвеня  яму  спаўняецца   60.  Вiншуем!

Трэцюю  пяцiгодку  шчыруе  на  пасадзе  старшынi  Мазырскага  райвыканкома  Мiхаiл  Саўчык.  23  чэрвеня  яму  спаўняецца   60.  Вiншуем!

Быццам вытачаны са ствала магутнага дуба, з  кучаравай рыжаватай, злёгку пасярэбранай шавялюрай i прыязнай усмешкай на маладжавым твары, Мiхаiл Уладзiмiравiч нават сваiм знешнiм выглядам выклiкае пачуццi ўпэўненасцi, даверу i спакою. З такiмi людзьмi, як кажуць, можна iсцi ў разведку, яны не трусяць, не падводзяць, побач з iмi лёгка i прыемна працаваць. Менавiта такая выснова напрошваецца з расказаў яго землякоў — людзей, якiя добра ведаюць Мiхаiла Саўчыка. 

Андрэй КОЛАС, заслужаны дзеяч культуры Беларусi, былы рэдактар “Сель­ской газеты” (цяпер  — “Белорусская нива”):

— З Мiхаiлам Уладзiмiравiчам мы  аднавяскоўцы – родам  з Майсееўкi  Мазырскага раёна, — сказаў Андрэй Данiлавiч. — На адным выгане кароў i авец пасвiлi, у адным лесе збiралi грыбы, ягады, арэхi, дахаты валачылi лапушысты бабоўнiк, а за шырокай Прыпяццю траву касiлi… Праўда, было гэта ў розныя гады, бо ён намнога маладзейшы, пасляваеннай, як кажуць, выкрайкi.  Моцна адстаў ад мяне па ўзросту! Але ж не прагадаў: не пабачыў жахаў вайны, якiя давялося перажыць майму пакаленню. 

Але ж хапiла гора i яму – ад цяжкiх наступстваў той бойнi i  разрухi. Яму i яго мацi Арыне Акiмаўне, нястомнай руплiвiцы-працаўнiцы. У 1943 годзе фашысты спалiлi нашу вёску. Страцiла тады Арына бацькоў, у якiх яна была адна-аднюсенька. Пасля вайны  выхоўвала сына, iмкнулася даць яму адукацыю, якую сама не здолела атрымаць… I хлапец вучыўся старанна, паспяхова скончыў сярэднюю школу. Старшыня калгаса Пятро Сiтнiк  (дарэчы, дзядуля вядомай сёння на ўвесь свет эстраднай зорачкi Ксюшы) “сасватаў” яго ў  брыгадзiры… Папрацаваў  Мiхаiл год, а пасля  падаўся ў рамеснае вучылiшча, каб атрымаць рабочую спецыяльнасць, самастойна зарабляць грошы, дапамагаць мацi. А затым —  армiя, вучоба ў сельгасакадэмii, з дыпломам вучонага  агранома вярнуўся ў родную гаспадарку. Здольнага маладога спецыялiста заўважылi, накiравалi старшынёй калгаса. Узяўся Мiхаiл Уладзiмiравiч за справу  сур’ёзна, з энтузiязмам— i паказчыкi пайшлi ўгору… Менавiта  тады i стаў заслужаным работнiкам сельскай гаспадаркi рэспублiкi.  Адтуль — праменькая дарога ва ўпраўленне сельскай гаспадаркi, галоўным аграномам, а пазней – у райвыканком, на ганаровую, але няпростую, нялёгкую пасаду старшынi… 

Расказаў я гэтыя бiяграфiчныя звесткi i задумаўся: гэта ж у нейкiм сэнсе тыповы шлях тысяч  вясковых хлопцаў, якiя атрымалi грунтоўную працоўную, армейскую загартоўку, з дапамогай дзяржавы  зрабiлi дастойную працоўную кар’еру. Канешне, не кожны  змог стаць, як Мiхаiл Саўчык,  кiраўнiком раённай улады, але ж хiба справа ў пасадзе? Галоўнае – сумленна працаваць на карысць  нашай радзiмы, унесцi свой уклад у яе працвiтанне. 

Уладзiмiр ДВОРНIК, член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi, дырэктар саўгаса-камбiната “Зара” Мазырскага раёна:

— У асобе Мiхаiла Саўчыка мы маем кiраўнiка, якi ў складаных умовах пераходу да рынку здолеў  нацэлiць кiраўнiкоў i спецыялiстаў на пошук эфектыўных шляхоў сацыяльна-эканамiчнага развiцця гаспадарак раёна, дапамагчы iх кiраўнiкам у мадэрнiзацыi матэрыяльна-тэхнiчнай базы, укараненнi сучасных пра­грэсiўных тэхналогiй. Асаблiва яскрава гэта вiдаць на прыкладзе нашага саўгаса-камбiната. У свой час гэта быў агромнiсты, на 50 тысяч свiней, комплекс-банкрот з вялiзным падзяжом жывёлы i стратамi. Яго пабудавалi ў сямi­дзесятыя-васьмiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя без улiку магчымасцей кармавой базы i папаўнення пагалоўя свiней. Менавiта па iнiцыятыве старшынi райвыканкома комплекс выдзелiлi са складу эксперыментальнай базы. Я быў тады галоўным ветурачом раёна i сам напрасiўся ў кiраўнiкi комплексу. Мiхаiл Уладзiмiравiч падтрымаў маю кандыдатуру, а затым ва ўсiх нашых справах я адчуваў яго падтрымку. Нашыя спецыялiсты прыкiдвалi i так, i гэтак i прыйшлi да высновы: нам не ўзняцца з кален, калi не забяспечыць комплекс­ны, адзiны цыкл: вытворчасць – перапрацоўка – рэалiзацыя прадукцыi. Iдэя для таго часу гучала даволi нязвыкла, i не ўсе нас разумелi… I  менавiта ў гэты  складаны час, калi iдэя, як кажуць, вiсела на валаску,  сваю цвёрдую станоўчую пазiцыю выказаў Саўчык. Разам са спецыялiстамi  з раёна, якiх накiраваў да нас старшыня райвыканкома, мы  распрацавалi эфектыўны варыянт мадэрнiзацыi гаспадаркi. I пазней, на ўсiх этапах яе ажыццяўлення, мы пастаянна  адчувалi пiльную ўвагу Мiхаiла Уладзiмiравiча. А вынiк вядомы: вытворчасць мяса ў саўгасе-камбiнаце павялiчылася за сем гадоў з 2226 да 5171 тоны, надой малака ад каровы – з 900 да 5666 кiлаграмаў. Рэнтабельнасць дасягнула 30 працэнтаў, растуць аб’ёмы рэалiзацыi прадукцыi. У рэйтынгу ста найбольш эканамiчна плацежаздольных гаспадарак  “Зара” дасягнула самых высокiх паказчыкаў. Нашы дасягненнi высока ацанiў Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка, якi наведаў гаспадарку  i пахвалiў калектыў за высокую культуру земляробства i  жывёлагадоўлi, укараненне мала-стратных тэхналогiй вытворчасцi i перапрацоўкi прадукцыi. Вопыт саўгаса-камбiната, зазначыў Прэзiдэнт, неабходна выкарыстоўваць у iншых рэгiёнах краiны.  Лiчу: у дасягненнях нашай гаспадаркi немалы ўклад i старшынi райвыканкома Мiхаiла Саўчыка. Ён глядзiць далёка, не ўлазiць у розныя дробязi, жыве перспектывай. 

Сяргей КАСЦЯН, дэпутат Палаты прад­стаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па мiжнародных сувязях i краiнах СНД:

— Скажу без перабольшання: мне iмпануе стыль работы Мiхаiла Уладзiмiравiча, з iм прыемна  працаваць — усе пытаннi вырашаюцца   аператыўна, без цяганiны. Так было, калi прымалiся рашэннi па адкрыццi карцiннай галерэi ў вёсцы Гурыны, экалагiчнага цэнтра ў Казенках, iншых пытаннях. Усе карысныя справы, здзейсненыя па iнiцыятыве i з дапамогай Мiхаiла Саўчыка, нялёгка i падлiчыць. 

 Галоўны наш клопат — i  мой як дэпутата, i Саўчыка як кiраўнiка выканаўчай улады – дабрабыт людзей, iх сацыяльныя за­патрабаваннi. Скажам, мы доўга дабiвалiся будаўнiцтва дарогi з цвёрдым пакрыццём да Васькаўкi. Вёсачка невялiчкая, засталiся там адны старыя… У сельсавет цi  ў бальнiцу iм дабрацца цяжка, па пяску i балоту не пройдзе нi “хуткая дапамога”, нi пасажырскi аўтобус… Вось i ўзялiся за справу, да яе падключыўся i тагачасны  кiраўнiк Камчарнобыля… Агульнымi намаганнямi здолелi падвесцi да Васькаўкi добрую дарогу… 

Яшчэ адным важным аб’ектам такiх намаганняў стаў кукурузна-калiбровачны завод. На розных узроўнях улады супрацiўленне будаўнiцтву гэтага завода было дастаткова моцным. Але, пэўна, не ўсе ведалi i ведаюць, што Мiхаiл Саўчык i я не прывыклi спыняцца на паўдарозе, тым больш калi ўпэўнены, што гэта патрэбна нашай краiне, нашым грама­дзянам. I зноў-такi, дзякуючы разуменню i падтрымцы  тагачаснага мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Мiхаiлу Русаму нам удалося скрануць праблему з мёртвай кропкi, завод быў узведзены. Яго наведаў Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка, якi выказаў шэраг слушных заўваг, парад i ў цэлым ухвалiў будаўнiцтва гэтага аб’екта… 

Але справа не толькi i не столькi ў гаспадарчых клопатах старшынi райвыканкома, але i ў тым, як ён пры гэтым сябе паводзiць, з якiм настроем i пачуццём працуе, гутарыць з людзьмi. Я ведаю яго больш за трыццаць гадоў, даводзiлася бачыць Мiхаiла Уладзi­мiравiча ў розных стасунках, нават вельмi напружаных, але ён заўсёды вытрыманы, ветлiвы, дружалюбны. Таму i людзi цягнуцца да яго, паважаюць i як кiраўнiка, i як чалавека. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter