Ірына Рогава - ўраджэнка Палесся, прэзідэнт Спецыялізаванага фонду садзейнічання развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы”

“Рухавік прагрэсу” па імені Ірына

Так назвалі ўраджэнку Палесся, прэзідэнта Спецыялізаванага фонду садзейнічання развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” з Санкт-Пецярбурга будаўнікі Астравецкай АЭС
Адам Мальдзіс

Так назвалі ўраджэнку Палесся, прэзідэнта Спецыялізаванага фонду садзейнічання развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” з Санкт-Пецярбурга будаўнікі Астравецкай АЭС

ruhavik.png

Ірына Рогава з удзельнікамі акцыі “Марское братэрства — непарушнае!”


Хаця Ірына Рогава, ураджэнка вёскі Бібікі, што ў Мазырскім раёне Гомельшчыны, ужо больш за 30 гадоў разам з мужам і дзецьмі жыве ў Пецярбурзе, я амаль штогод бачуся і доўга размаўляю з ёй у перапынках між пасяджэннямі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры. Аб чым гаворым? Пра ўшанаванне на Піскароўскіх могілках у Пецярбурзе памяці пра 14 тысяч беларускіх “фэзэвушнікаў”, што загінулі ў Ленінградзе ў час блакады. Пра папулярнасць у расійскай “Паўночнай сталіцы” беларускіх тавараў. Пра навуковую і мастацкую творчасць нашых агульных знаёмых…Апошнім часам усё больш гаворым пра мой родны Астравецкі раён на Гродзеншчыне, дзе яна бывае разам з “місіямі добрай волі” па некалькі разоў на год.

Колькі слоў пра спадарыню Ірыну вазьму з энцыклапедычнага даведніка “Сузор’е беларускага памежжа”: ён толькі выйшаў у Мінску пад маёй рэдакцыяй і быў прадстаўлены ўвазе шматлікіх удзельнікаў Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Артыкул пра зямлячку напісала, дарэчы, супрацоўніца таварыства “Радзіма” Галіна Навіцкая. Адтуль даведваемся: Ірына — са шматдзетнай сялянскай сям’і. Вялікі ўплыў на яе свядомасць аказалі дзед-ветэран вайны і бабуля-пяюння ды казачніца. Таму Ірынка з маленства ўдзельнічала ў школьнай мастацкай самадзейнасці, грала ў спектаклях Мазырскага народнага тэатра. Марыла стаць артысткай, хацела закончыць вучобу ў Ленінградскім тэхналагічным інстытуце халадзільнай прамысловасці, але трэба ж было найперш дбаць пра сям’ю. Таму пайшла ў Піцеры на завод, прайшла шлях ад рабочай да дырэктара прадпрыемства. Потым яе запрасілі на працу ў  Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбурга, адтуль лёс вывеў да кіраўніцтва “Белымі Росамі”.

Першы раз у Астравец Ірына Рогава прыехала ў 2012-м не адна: з кіраўніком Сасноваборскага муніцыпальнага ўтварэння Ленінградскай вобласці Дзмітрыем Пуляеўскім. Яны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве са старшынёй Астравецкагага райвыканкама Адамам Кавалькам. “Калі я даведалася, што ў Беларусі будуецца атамная электрастанцыя, то зразумела: гэта яшчэ адзін пункт судакранання, магчымасць развіцця нашых узаемных кантактаў, — казала госця рэдактарцы “Астравецкай праўды” і пісьменніцы Ніне Рыбік. — У Ленінградскай вобласці дзейнічае АЭС, ідзе будаўніцтва другой яе чаргі. Каму, як не Сасноваму Бору, гораду энергетыкаў Ленінградскай АЭС, сябраваць з Астраўцом!”

І Астравец стаў горадам-пабрацімам Сасновага Бора. Дарэчы, будаўнікі Астравецкай АЭС жартам назвалі нашу зямлячку “рухавіком прагрэсу”. А ў кожным жарце, як мы ведаем, ёсць свая праўда. Пазней Ірына Рогава прыехала туды разам з пецярбургскімі ды мінскімі настаўнікамі і вучнямі. Госці агледзелі мясцовыя святыні і музеі, пабывалі на рабочай пляцоўцы АЭС пад Міхалішкамі, далі канцэрт, дамовіся аб наступных сустрэчах. Так паядналіся “Залатое кальцо школ Ленінградскай вобласці” і “Залатое кальцо школ Беларусі”.

А 4 верасня са Спецыялізаванага фонду “Белыя Росы” ў рэдакцыю газеты “Голас Радзімы” прыйшло электроннае паведамленне: агульны сход фонду адзінагалосна надаў Ірыне Ігараўне Рогавай ганаровае найменне “Гаспадыня-беларусачка”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter