Рукавы закасаць – не значыць карову падаiць

На жывёліну, як і на чалавека, ніколі не трэба злавацца, перакананы перадавы палескі дояр Іван Андык

На жывёліну, як і на чалавека, ніколі не трэба злавацца, перакананы перадавы палескі дояр Іван Андык


У МАЛЯЎНІЧЫМ палескім кутку, які праз гады стаў Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, нарадзіўся і вырас адзін з лепшых жывёлаводаў жыткавіцкай гаспадаркі “Коленскае” Іван АНДЫК. Пасля армейскай службы ў Падмаскоўі, на вядомым касмадроме Байканур і ў горных мясцінах Паўночнага Каўказа закончыў у Гомелі курсы мантажнікаў-высотнікаў і па камсамольскай пуцёўцы ўзводзіў масты праз таёжныя рэкі, зварваў рэйкі на Байкала-Амурскай магістралі. На ўсесаюзнай будоўлі пазнаёміўся з забайкальскай дзяўчынай Вольгай Дзяменцьевай, з якою пасля маладзёжнага вяселля ўжо чвэрць стагоддзя разам. На радзіме яе, у сібірскім калгасе імя Леніна, даіў кароў, атрымаў ганаровае званне “Заслужаны жывёлавод Бураціі”. Пасля распаду вялікай краіны сям’я Андыкаў пераехала ў Беларусь. У аграгарадку Кольна, што паміж Жыткавічамі і старажытным Туравам, атрымалі новы катэдж. Дзясяты год Іван Іванавіч раздойвае першацёлак на малочна-таварным комплексе “Пасека” КСУП “Коленскае”, дзе таксама працуюць яго жонка Вольга Міхайлаўна і дачка Алеся.


ПАЎНАВОДНАЯ Прыпяць кожную вясну шырока разліваецца, паглынаючы лугі і сенажаці. Быццам цыбатыя буслы, углядаюцца ў водную прастору векавыя дубы-веліканы. Любіў сялянскі сын Іван Андык з сябрамі з высокай пясчанай выспы, што за роднаю вёскаю Перароўскі Млынок, назіраць, як магутная плынь нясе-варочае вывернутыя з каранямі дрэвы, падхопленыя невядома дзе копны сена. Навадненне кожную вясну ачышчае лугавіну, якая летам ператвараецца ў суцэльны стракаты ад рознакаляровых кветак дыван. Кожны вясковы падворак некалі атрымліваў на лузе ўчастак густых прыпяцкіх траў. Да позняга вечара пад меладычны перазвон у Перароўскім Млынку кляпалі косы, каб раненька выйсці на сенажаць. Гэтае майстэрства пераймаў ад бацькі і старэйшы ў сям’і Андыкаў Іван. З чатырнаццаці гадоў нароўні з вясковымі мужыкамі станавіўся ў пакос. Пад разлапістым дубам у час адпачынку слухаў расповеды пра бацькавых продкаў, якія ў царскія часы мелі вялікія надзелы ў наваколлі. Гурты кароў і коней гадавалі. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя, каб пазбегнуць раскулачвання і высялення ў Сібір, працавітыя Андыкі перабраліся ў Польшчу і там засталіся. Ніякіх звестак ад іх не атрымлівалі. А сям’я дзеда Маісея засталася ў Перароўскім Млынку. Дзве дачкі і чатыры сыны сталі паляводамі, калгасную жывёлу даглядалі. А пяты сын Іван сваё жыццё прысвяціў лесу. Амаль сорак гадоў адпрацаваў лясніком у Перароўскім лясніцтве Жыткавіцкага лясгаса.

У касавіцу ўся вёска дружна выходзіла на прыпяцкі луг. І сям’я Івана дапамагала сваякам варочаць пакосы, падграбаць і стагаваць сена. Для сваёй каровы Іван Маісеевіч касіў па лясных прагалінах. З малых гадоў і старэйшы сынок Іванка засвоіў майстэрства касара. Да лясных дзялянак звычайна крочылі праз луг і рэчку. Выходзілі на золку, каб па ранішняй расе лягчэй каса хадзіла. Берагам юрклівай рачулкі, што з ляснога гушчару прабівалася да шырокай Прыпяці, накіроўваліся да мелкаводдзя. У ранішнім тумане бацька прыкмеціў, як па супрацьлеглым беразе прыцішана прабіралася зграя ваўкоў. За мацёрым важаком былі шэсць хударлявых звяроў. Як толькі касцы падышлі да рачнога броду, зграя звярнула ў лясны гушчар і знікла.

— У мяне паджылкі трасліся, — узгадвае Іван Андык. — Супакойвала толькі, што побач бацька, які добра ведаў нораў лясных жыхароў. Неаднойчы ён сустракаўся ў лясных масівах са статнымі аленямі, магутнымі ласямі, гуртамі дзікоў. Ведаў запаведныя мясціны журавоў, такавішчы глушцоў, схаваныя ад людскога вока гнёзды чорных буслоў, арланаў і іншых рэдкіх птушак. Гадзінамі мог бацька расказваць пра жыццё лясных гаспадароў і заўсёды адзначаў, што першым звер рэдка кідаецца на чалавека. Не трэба хваляваць яго — і не кране. Зімою зубры прыходзяць да жывёлагадоўчых памяшканняў, паласуюцца кармамі і вяртаюцца ў лясны гушчар. Летам няма спасу ад дзікоў, якія рыюць пасевы. Баброў па берагах рэчак шмат развялося.

Бацька ведаў кожную сцяжынку ў лесе і самае рыбнае месца на прыпяцкіх затоках. З маленства хадзіў з ім у грыбы і на рыбалку. З парожнімі кошыкамі дамоў не вярталіся. Пад старымі дубамі збіралі толькі белыя грыбы, іншых не прызнавалі. На пячным чаране сушылі.

— Рыхтавалі на продаж?

— Такой завядзёнкі не было. Паспрабуй дабрацца з нашых глухіх мясцін да гарадоў. Гэта цяпер да Перароўскага Млынка можна хутка па асфальце цераз прыпяцкі мост прымчаць. Раней цераз раку ў сезон паромы курсіравалі каля Петрыкава і ля тураўскай вёскі Чэрнічы. У міжсезонне рабілі вялікую дугу праз Мазыр, да якога сотня кіламетраў. Так і жылі адрэзанымі ад свету.

— А ў школу куды хадзілі?

— Праз лес у Перароўскую дзесяцігодку. Дырэктарка Марыя Арсеньеўна Курбан часта наведвала ўрокі, цікавілася нашымі справамі. Кожны клас меў участак зямлі, дзе вырошчвалі гародніну. З пачатковых класаў працавалі там. Нас прывучалі да сялянскай справы. Старэйшая сястра Святлана вучылася ў Рэчыцкім саўгасе-тэхнікуме і атрымала дыплом заатэхніка. Малодшы брат Анатоль таксама стаў жывёлаводам. І мяне цягнула на жывёлагадоўчую ферму.

У вольны час дапамагалі бацькам упраўляцца па гаспадарцы. Касіць, нарыхтоўваць дровы, даглядаць карову, свіней прызвычаіліся з малых гадоў. Пасля васьмігодкі некаторыя мае аднакласнікі падалі дакументы ў Жыткавіцкае прафтэхвучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. За імі падаўся і я. Пасля заканчэння атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і вярнуўся ў калгас. Восенню прызвалі на службу ў армію.

— Пасведчанне трактарыста-машыніста спатрэбілася ў войску?

— Веданне тэхнікі нікому не перашкодзіць. І мне ў вайсковай часці даручалі працаваць на тэхніцы. Першыя паўгода служыў у Падмаскоўі, а потым накіравалі ў Казахстан. Цягніком прыехалі на чыгуначную станцыю, вакол якой як вокам кінуць прасціраўся стэп. Ніколі не думаў, што пабываю на касмадроме. Два месяцы правёў на Байкануры. Многае мяне там уразіла. Давялося служыць і на Паўночным Каўказе. У снах бачыў родныя мясціны, бацькоўскую хату. У пісьмах дамоў цікавіўся жыццём аднавяскоўцаў.

— Але чамусьці пасля службы ў арміі не вярнуліся на Палессе...

— Уся краіна жыла будаўніцтвам БАМа. Па радыё і тэлебачанні расказвалі пра камсамольскую будоўлю, гучалі песні пра сібірскую магістраль. Загарэўся і я гэтай мэтай. Вярнуўся дамоў, а вёска жыла будзённымі справамі. Душа прагла нечага большага. Даведаўся пра кароткатэрміновыя курсы мантажнікаў-высотнікаў у Гомелі і паступіў на іх. Закончыў вучобу і па накіраванні з чатырма сябрамі адправіўся ў сталіцу БАМа — Тынду Амурскай вобласці. З усіх куткоў неабсяжнай краіны ехалі маладыя будаваць магістраль стагоддзя. Адных вабілі высокія заробкі, іншых клікала рамантыка працоўных будняў. Жыццё на БАМе бурліла. У Тынду часта наведваліся з канцэртамі зоркі савецкай эстрады і кіно. Пасля работы арганізоўваліся культурна-масавыя мерапрыемствы. На адным з іх пазнаёміўся з сімпатычнай дзяўчынай Вольгай Дзяменцьевай, якая таксама па пуцёўцы прыехала на будоўлю. Доўга не цягнулі. Зарэгістравалі шлюб і сабралі на застолле сяброў, якія падарылі нам магнітафон. Без асаблівай пышнасці згулялі вяселле.

— У бацькоў руку нявесты не прасілі?

— І ў царкве не вянчаліся. Прыехалі на радзіму Вольгі ў далёкую бурацкую вёску. Сабраліся сваякі і сціпла адзначылі наш шлюб. Упершыню давялося бываць у Забайкаллі, і вельмі ўразіла, што вясковыя жыхары трымаюць шмат жывёлы. На кожным падворку гурты кароў, авечак, коней і іншай жыўнасці. Тэрыторыя не так густа заселена, як на Палессі, і выпасаў хапае. Забайкальскія гаспадаркі багатыя.

— Паспрабавалі цешчыных бліноў у далёкай Бураціі?

— Там гасцям ставяць на стол ў першую чаргу бурацкую нацыянальную страву – позы, якія па форме і смаку нагадваюць пельмені. Але крыху большыя. Цеста начыняецца фаршам са свіной і ялавічнай свежаніны, і гатуецца страва на пары. Ад распаранага мяса цеста напаўняецца духмянай юшкай. Выпякала цешча Фёкла Давыдаўна і традыцыйныя рускія бліны. Яна цудоўная кухарка і прайшла вялікую працоўную школу. Два пасляваенныя дзесяцігоддзі працавала калгаснай трактарысткай.

— Сапраўдная бурацкая Паша Ангеліна...

— За свае вытворчыя дасягненні атрымала высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Яе запрашалі на святочных сходах у прэзідыўм. Шчырая і дабрадушная жанчына. Мяне як роднага сына прыняла.

— А цесць?

— Міхаіл Кірылавіч дваццаць гадоў адпрацаваў зваршчыкам у калгасе. Сціплы, інтэлігентны чалавек. Распытваў пра Беларусь, пра нашы звычаі і традыцыі. У іх вёсцы пераважная колькасць жыхароў бураты, і храм, які называецца бацан, у цэнтры стаіць. Шануюць сваю веру і нацыянальныя традыцыі.

Сваякі жонкі ўгаварылі мяне застацца там. Прапіскі мясцовай не было, таму працаваў грузчыкам. Доўга ў Забайкаллі не затрымаліся. Пераканаў Вольгу пераехаць у Беларусь. У дзяржынскім калгасе імя Марата Казея нас прыняла сястра Святлана, якая працавала загадчыцай малочна-таварнай фермы. Жывёлаводам стаў і я. Кіраўніцтва калгаса нам дало сялянскі дом, які мы адрамантавалі, і сталі жыць.

У гады перабудовы модным стала фермерства і арандатарства. І я вырашыў займець сваю справу. З працавітым Мішам Лесуном арганізавалі ферму па раздоі цялушак. Набіралі жывёлу па навакольных гаспадарках, два месяцы раздойвалі і разам з прыплодам вярталі назад. За гэта атрымлівалі грошы. Для такога бізнесу першапачатковы капітал не патрабаваўся. Два гады працавалі без выхадных і адпачынку. Фізічна стаміліся і спынілі дзейнасць.

Нарадзіўся ў нас з Вольгай першынец, але ў тры месяцы ад няўдалай прышчэпкі хлопчыка не стала. Страта дзіцяці маральна падкасіла. Ад горычы вырашылі памяняць жыхарства і вярнуліся ў Бурацію.

— Да бацькоў жонкі?

— Далікатна яны нас прынялі. Пра перажытае стараліся не ўзгадваць. Мне прапанавалі працу на жывёлагадоўчай ферме мясцовага калгаса імя Леніна. Раздойваў першацёлак і заняў прызавое месца ў аўтаномнай рэспубліцы. Атрымаў званне заслужанага жывёлавода Бураціі. Пра мяне пісалі ў газетах, расказвалі па мясцовых тэлебачанні і радыё. І Вользе знайшлося месца на ферме. Мы добра зараблялі і працавалі б далей. Але пачаўся развал краіны, і ўмомант распаўся моцны бурацкі калгас імя Леніна. Усю агульную маёмасць падзялілі на паі і раздалі калгаснікам ваўчары. Нам таксама дасталося некалькі, але іх так і не выкарысталі.

— Чаму?

— Занятку сабе ў Бураціі не знайшлі, і прыехалі да маіх бацькоў у Перароўскі Млынок. Малодшы брат займеў сям’ю і ўладкаваўся жывёлаводам на Міншчыне. Сястра Святлана па-ранейшаму загадвае малочна-таварнай фермай. І я пайшоў працаваць жывёлаводам на ферму жыткавіцкага калгаса “Чырвоны Кастрычнік”. Нарадзілася дачушка, а праз паўтара года і сынок. А потым і яшчэ адзін хлопчык. Дзевяць гадоў таму пераехалі ў “Коленскае”, што цераз Прыпяць ад Перароўскага Млынка. Гаспадарка пабудавана на асушаных землях Палесся. На сучасным малочна-таварным комплексе раздойваю першацёлак. Нам выдзелілі прасторны катэдж у аграгарадку Кольна. Разам з намі жыве сям’я дачкі Алесі. Яна завочна вучыцца ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы і працуе лабарантам на жывёлагадоўчым комплексе “Пасека”, а жонка асемянатарам. Старэйшы сын Міша атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Магілёве. Малодшы Ілля яшчэ школьнік. З ахвотаю дапамагае даглядаць жывёлу, але кіраўніцтва гаспадаркі не дазваляе дзецям бываць тут. Адчуваю, што Ілля прадоўжыць сямейную справу. Мы ўсяляк гэту ініцыятыву падтрымліваем.

— У вашай групе пастаянная колькасць першацёлак?

— У залежнасці ад сезона пагалоўе мяняецца. З напарніцай Аленай Пашкевіч раздойваем 70 першацёлак. У выхадныя нас падмяняе іншая даярка. На працягу двух месяцаў прывучаем маладых кароў да дойкі.

— Напэўна, не ўсім пад сілу раздойваць маладняк?

— Як у народзе кажуць, рукавы закасаць — яшчэ не значыць карову падаіць. Ня простая гэта справа, але цікавая. Люблю прыручаць наравістых кароў. Маладняк амаль што як дзікія жывёлы, якіх злавілі і прывялі на ферму. Да кожнай першацёлкі трэба мець асаблівы падыход.

— Вы да жывёлы крыкам ці ласкава звяртаецеся?

— Злосцю нічога не даб’ешся. А калі яшчэ ўдарыш, то больш можаш і не падыходзіць. У мяне выпрацавана методыка раздою, якою дзялюся з іншымі жывёлаводамі.

— Каровы адчуваюць ваш настрой?

— Яшчэ як. Толькі позірк кіне на мяне, адчувае мае трывогі і хваляванні. Як ты да яе, так і яна. Калі будзеш груба абыходзіцца, то на надой не спадзявайся. Голасу на жывёлу стараюся не павышаць. У нашай групе сярэднегадавы надой на карову пераўзышоў шэсць тысяч кілаграмаў малака.

— Колькі ў гэтыя апошнія дні лета атрымліваеце малака ў суткі ад першацёлак?

— Рэкардысткі даюць да трыццаці кілаграмаў. Такіх адназначна пераводзяць у дойны статак. А далейшы лёс малапрадуктыўных вырашаюць селекцыянер Алена Багук і загадчыца комплексу Яўгенія Туравец. Ад надояў залежаць заробкі. У сярэднім штомесячна атрымліваем па 700 рублёў. Кіраўнік гаспадаркі Валянцін Карпаў уважліва адносіцца да нас. Па яго прапанове стала традыцыяй, што ўсім жывёлаводам на полі арганізавана пасадка бульбы, механізатары апрацоўваюць яе і ўвосень камбайнамі выбіраюць. Гатовую развозяць па падворках.

— Іван Іванавіч, рознае вам давялося перажыць. На край свету ляцелі ў пошуках рамантыкі, напэўна, былі і вялікія мары, а жыццё так распарадзілася, што, як у той прымаўцы, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Ці лічыце сябе шчаслівым?

— На шостым дзясятку жыцця вялікае шчасце адчуваць сябе сынам. Рады, што трымаецца цяпло ў бацькоўскай хаце, дзе засталася маці. Здаровыя мае дзеці і ўнукі, цудоўная жонка і верныя сябры. Усё гэта і ёсць маё шчасце.

Уладзiмiр СУБАТ

Жыткавіцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter