Рукапiсы не гараць

У музеi Янкi Купалы прэзентаваны каталог аўтографаў паэта

Каталог «Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» пашырыць доступ да вывучэння ўнікальных помнікаў беларускай нацыянальнай літаратуры

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага года Песняра, прысвечанага сёлетняму 130-годдзю з дня нараджэння класіка. Распачала шэраг за­планаваных знакавых мерапрыемстваў прэзентацыя каталога «Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы».

Калекцыя аўтографаў Песняра прадстаўляе сабой унікальны ўзор творчай лабараторыі вялікага паэта і адносіцца да разраду ўнікальных культурных каштоўнасцей. Сярод іх ёсць сапраўдныя рарытэты: рукапісны зборнік «Шляхамі жыцця», аўтографы паэм «Сон на кургане», «Бандароўна», камедыі «Паўлінка», ранніх вершаў паэта на беларускай і польскай мовах, асабістыя пісьмы і запісы.

Як адзначаюць спецыялісты, ад натуральнага разбурэння пісьмовыя крыніцы іншы раз не выратоўвае нават спецыяльная атмасфера музейных сховішчаў. Галоўная небяспека для гэтых каштоўнейшых музейных прадметаў — час, які няўмольна разбурае паперу з напісанымі на ёй геніяльнымі радкамі. Захаваць іх з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій было асноўнай мэтай выдання каталога.

Разам з тым рэалізацыя праекта дазволіла пашырыць доступ да вывучэння ўнікальных помнікаў беларускай нацыянальнай літаратуры і ўвесці ў навуковы зварот вялікую групу рэдкіх рукапісаў, стварыць цэльнае ўяўленне аб дакументальнай спадчыне народнага паэта, сфарміраваць адносіны да яе як да беларускай, еўрапейскай і сусветнай культуры.

---------------------------------------

Дарэчы

Сёлетняе 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Загадам Прэзідэнта зацверджаны план мерапрыемстваў, якія пройдуць у Беларусі і за яе межамі пры ўдзеле творчай і навуковай інтэлігенцыі, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва. Сярод мерапрыемстваў — стварэнне тэматычных літаратурна-мастацкіх зборнікаў і дакументальных праграм, правядзенне рэспубліканскага свята паэзіі, выданне кніг, прысвечаных жыццю і творчасці паэта, правядзенне капітальнага рамонту ў будынку музея Янкі Купалы і стварэнне ў ім новай экспазіцыі.

---------------------------------------

На здымку: дырэктар музея Алена МАЦЕВАСЯН з новым выданнем. 

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter