Знакамітую легенду аб Трыстане ды Ізольдзе, пошуках чарадзейнай чары Грааля дагэтуль любяць увасабляць на экране і сцэне.

Рукапісы пад аховай

Знакамітую легенду аб Трыстане ды Ізольдзе, пошуках чарадзейнай чары Грааля дагэтуль любяць увасабляць на экране і сцэне. А беларусы былі знаёмыя з ёю яшчэ ў XVI стагоддзі. Тады ўзнік яе пераклад на беларускую мову. І той рукапіс захаваўся да гэтага дня. Напярэдадні ЮНЕСКА ўключыла бясцэнны манускрыпт у спіс “Памяць свету” (Memory of the World) — праграму па абароне сусветнай дакументальнай спадчыны.



Трапіў беларускі рукапіс пад абарону ЮНЕСКА разам з іншымі творамі, створанымі на нашых землях у XVI-XVII стагоддзях: паданнямі пра цара Гвідона, караля Атылу, “Хронікай Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”. Усе яны пераплеценыя ў адну кнігу, якая захоўваецца ў бібліятэцы імя Рачыньскіх у Познані і налічвае 344 старонкі.

У замежны збор наш манускрыпт трапіў у XIX стагоддзі з бібліятэкі Нясвіжскага замка — праз некалькі рук. Ужо тады навукоўцы звярнулі на яго ўвагу. Гэта адзіны захаваны празаічны пераклад заходнееўрапейскай легенды аб Трыстане на славянскую мову.

У “Памяці свету”, такім чынам, беларуская культура прадстаўлена цяпер двойчы. Раней у спіс ЮНЕСКА былі ўключаныя архівы Радзівілаў, раскінутыя па свеце (Беларусь, Літва, Польшча, Расія, Украіна, Фінляндыя), з бібліятэкай Нясвіжскага замка.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter