На восточном форте Брестской крепости идут масштабные реставрационные работы

Руiны здзiўляюць ва ўпор

На Усходнім форце Брэсцкай крэпасці пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Менш чым праз год тут адкрыецца новы музей. У ім будзе сем залаў. Зараз на аб'екце працуюць спецыялісты і будаўнікі ААТ «Брэстрэстаўрацыя». Работы фінансуюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Аб'ект няпросты, і наперадзе шмат работы.

Сляды ад куль застануцца

Усходні форт знаходзіцца недалёка ад Паўночных варот цытадэлі. Заўважыць яго няпроста: форт фактычна не мае знешніх сцен. Масіўныя казематы ў форме падковы ўкапаны ў тоўшчу землянога вала. Каб трапіць у сярэдзіну гэтай падковы, трэба абысці насып. Зараз там працуе тэхніка, шчыруюць будаўнікі. Старшы прараб ААТ «Брэстрэстаўрацыя» Сяргей Мазнеў апісвае фронт работ:

— Мы разбіваем кладку карнізаў — яе рабілі ў пачатку 1990-х гадоў з пустацелай цэглы. Відаць, для таго, каб спыніць разбурэнне аб'екта, закансерваваць яго. Гэтая цэгла амаль што развалілася. Галоўная задача, якая стаіць перад намі, — зрабіць аб'ект максімальна падобным да таго, якім ён быў да вайны. Для гэтага выкарыстоўваем таксама і арыгінальную цэглу. Аднак сляды ад куль застануцца. Яны таксама стануць часткай новай экспазіцыі. 

Сем залаў музея стануць увасабленнем гісторыі форта.

Сяргей Мазнеў апісвае, як будзе выглядаць форт, калі работы будуць скончаны: 

— Левы бок — закрытая галерэя. На другім яе паверсе размесціцца музей. На першым — кабінеты, іншыя памяшканні, у апарэлі размесцяцца тэхнічныя. З правага боку будзе адкрытая галерэя. Тут мы адновім аркі, паставім каваныя рашоткі.

Прараб кажа, што аб'ект няпросты і наперадзе шмат работы. Да таго ж час ад часу будаўнікі знаходзяць боепрыпасы часоў вайны: 

— За непрацяглы час, што мы тут працуем, ужо было пяць такіх выпадкаў. Неяк рабочыя разабралі бетонную падлогу і пачалі выраўноўваць зямлю. Знайшлі пяць гранат Ф-1. Работы прыпынілі. Вайскоўцы сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часткі 5526 празандзіравалі памяшканне і знайшлі яшчэ 268 аналагічных гранат і 240 узрывальнікаў. Усе яны — часоў Вялікай Айчыннай вайны. Спецыялісты знішчылі арсенал на палігоне. Яшчэ адна знаходка — 174 авіябомбы. Іх сапёры таксама адвезлі ў бяспечнае месца і ўзарвалі. 

Па лесвіцы падымаюся на другі паверх. Звяртаю ўвагу на цэглу, якая ляжыць у мяне пад нагамі. На ёй выбіты год — 1865. Адзін з рабочых каменціруе:

— Тут кожная дзясятая цэгла мае такую адзнаку. Гады стаяць розныя: 1861, 1862, 1865… Усё зроблена вельмі якасна. Нават аркі, зводы ў выдатным стане. А паглядзі, якія сцены! Вось, трымай рулетку. Амаль што два з паловай метра! 

Супрацоўнікі навукова-экспазіцыйнага аддзела мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» расказалі, што Усходні форт быў апошнім арганізаваным ачагом супраціўлення на тэрыторыі не толькі Кобрынскага ўмацавання, але і ўсёй крэпасці. Таму захаванне гэтага фартыфікацыйнага аб'екта — важная задача: 

— Усходні форт будзе адным з самых цікавых турыстычных маршрутаў. Гэта апошні аб'ект з тых, што маюць непасрэднае дачыненне да абароны крэпасці, але да гэтага часу не музеефікаваны. Ён уключаны ў турыстычны маршрут па тэрыторыі крэпасці, аднак не ўваходзіць у склад агляднай экскурсіі па мемарыяле. Для турыстаў доступ у казематы быў закрыты.

Старонкi гiсторыi

…Усходні форт будавалі 160 гадоў таму. У чэрвені 1941-га тут размяшчаліся артылерысты, захоўвалася зброя і тэхніка. Адным з кіраўнікоў абароны форта стаў маёр Пётр Гаўрылаў. Ён змог аб'яднаць пад сваім камандаваннем тых, хто знаходзіўся ў форце ў момант пачатку вайны, і тых, хто падыходзіў да форта пры адступленні. З байцоў былі сфарміраваны роты, прызначаны камандзіры, наладжана сувязь паміж падраздзяленнямі. У адным з казематаў працаваў імправізаваны шпіталь.

Час ад часу будаўнікі знаходзяць боепрыпасы часоў вайны.

Спрабуючы заняць форт, немцы скідвалі дымавыя шашкі, выкарыстоўвалі слёзатачывы газ, штурмавыя гарматы. Безвынікова. Такім чынам, Усходняму форту было наканавана стаць адзіным аб'ектам крэпасці, на які была нацэлена нямецкая авіяцыя. 29 чэрвеня 1941 года 1700-кілаграмовая бомба цалкам разбурыла правы кут вала. Выбух скалануў не толькі крэпасць, але і горад. Пасля гэтага пачалася зачыстка форта. Многія байцы трапілі ў палон…

Сем залаў

Навуковая канцэпцыя будучай экспазіцыі музея «Абарона Усходняга форта» ўжо зацверджана. Яна будзе ўключаць пастаянную экспазіцыю ў залах-казематах і вулічную — з агляднымі пляцоўкамі і казематамі, адкрытымі для свабоднага наведвання.

Сем залаў музея стануць увасабленнем гісторыі форта. Наведвальнікі змогуць даведацца пра яго абарону, пра лёс байцоў, іх дзяцей і жонак. Пра работу шпіталя і заключны дзень супрацьстаяння. Адзін з залаў будзе прысвечаны апошняму абаронцу крэпасці — маёру Гаўрылаву. Ён трапіў у палон 23 ліпеня і быў вызвалены ў маі 1945-га. Праз 12 гадоў Пятру Міхайлавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны апошні абаронца крэпасці, як ён і завяшчаў, на Гарнізонных могілках у Брэсце. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter