Рудабельская скарбонка

ПА-ПЕРШАЕ, я завітала ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза Рудабельскага. «Маён- так» самага галоўнага казачнага дзядулі — бяспройгрышны калядны брэнд. Займела яго і Гомельшчына. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза Рудабельскага з’явілася ў Акцябрскім раёне каля вёскі Бубнаўка два гады таму. Ужо сёння яна — паўнапраўны канкурэнт «маёнткам» Зюзі Паазерскага, што на Пастаўшчыне, і Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы!

Напярэдадні 2011 года карэспандэнт «БН» марыла каля «Дуба жаданняў» на гістарычнай зямлі Акцябрскага раёна.

ПА-ПЕРШАЕ, я завітала ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза Рудабельскага. «Маён- так» самага галоўнага казачнага дзядулі — бяспройгрышны калядны брэнд. Займела яго і Гомельшчына. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза Рудабельскага з’явілася ў Акцябрскім раёне каля вёскі Бубнаўка два гады таму. Ужо сёння яна — паўнапраўны канкурэнт «маёнткам» Зюзі Паазерскага, што на Пастаўшчыне, і Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы!

А «фішка» ў чым?

Рэзідэнцыя Рудабельскага Дзеда Мароза месціцца на тэрыторыі культурна-забаўляльнага комплексу «Бубнаўка». Краявіды тут маляўнічыя: зусім побач цячэ рака Пціч, растуць векавыя дубы-вартаўнікі, якія нібыта абараняюць гадамі ціш і спакой гэтай глыбінкі.

— Ведаеце, да нас ужо трэці год прыязджаюць госці з усёй рэспублікі, — пачынае экскурсію па рэзідэнцыі Антаніна Кругаль, дырэктар метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама. — Кожнаму — і дзіцяці, і даросламу — падабаецца. Наша «Мароз-шоу» з любімымі персанажамі вядомых мультфільмаў, зразумела, даспадобы малым. Дарослыя ж разам з імі з галавою акунаюцца ў дзяцінства — водзяць карагоды, спяваюць, танцуюць.

— Атрымліваецца, «Мароз-шоу» і Дзед Мароз Рудабельскі — гэта менавіта вашы, акцябрскія, калядныя брэнды? — перапытваю суразмоўцу.

— Можна і так сказаць, — усміхнулася Антаніна Віктараўна. — Калі хочаце, «фішка» ў тым, што вы знаходзіцеся на гістарычнай зямлі — Рудабельшчыне. У Першую сусветную вайну менавіта тут была славутая Рудабельская рэспубліка — цэнтр абароны савецкай улады ад немцаў, палякаў і белагвардзейцаў. Мы і скарысталі ў назве персанажа гістарычны факт. «Мароз-шоу» — гэта непасрэдна наша задумка.

У гэты момант мы з Антанінай Кругаль падышлі да галоўных весніцаў «Бубнаўкі». Тут і запаветная шыльда «Маёнтак Дзеда Мароза», і жывыя снегавікі, якія сустракаюць гасцей. Здаецца, казка пачынаецца менавіта з гэтага месца…

«Смажаныя снежкі», «Халадзец люты» і «Паравыя сняжынкі»

Сюжэт «Мароз-шоу» ў гэтым годзе незвычайны. Вядомыя казачныя героі Маша і Міша вітаюць дзяцей першымі. Яны вядуць дэлегацыю на сустрэчу з уладаром рэзідэнцыі, забаўляючы гасцей жартамі і конкурсамі. Дзед Мароз Рудабельскі сустракае дзяцей у клубе разам са Снягуркай і іншымі персанажамі. Асабліва важныя героі — Коцік Кіса і Дзелавы Кролік. На іх узаемаадносінах і будуецца ўвесь сюжэт ранішніка.

— А зараз усіх запрашаем у наша кафэ. Калі ласка, паспытайце маіх фірменных бліноў, — звяртаецца Дзед Мароз Рудабельскі і да дзяцей, і да мяне асабіста. — Прадстаўляю традыцыйныя стравы ўласнай кухні: «Смажаныя снежкі», «Халадзец люты», «Паравыя сняжынкі» і духмяная гарачая гарбата!

Ролю Дзядулі Мароза Рудабельскага Сяргею Мартыненку — а ў жыцці дырэктару маладзёжна-культурнага цэнтра пры аддзеле культуры — прапанавалі два гады таму, калі збіралі творчую каманду для рэзідэнцыі.

Самы блізкі дзядулеў памагаты — Снягурка. Яе ролю выконвае жонка Сяргея Алена. Яна працуе бібліятэкарам у Акцябрскім, вельмі любіць дзяцей. Сямейны тандэм, які «жыве» і на сцэне, паспяховы.

Загадвай жаданні ў Бубнаўцы!

Новы год — час, калі трэба загадваць самыя патаемныя жаданні. І не толькі спосабам «Пацягай Дзеда Мароза за бараду». У рэзідэнцыі ёсць «Дуб жаданняў». Каб мара здзейснілася, на яго векавыя галіны ці ствол можна прывязаць матузок, альбо проста абняць дрэва. Рудабельцы гавораць, што «сістэма» працуе...

…Паўтарагадзіннае «Мароз-шоу» падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Наеўшыся мясцовых «марозавых» прысмакаў, накатаўшыся ў санях, натанцаваўшыся ў карагодзе, я павінна «вастрыць лыжы» на сталіцу. А так не хочацца развітвацца з казкай!

— Прыязджайце да нас, напрыклад, у ліпені, — раіць Антаніна Кругаль. — «Мароз-шоу» ладзіцца зімой — з 22 снежня па 14 студзеня. Улетку ж Дзядуля Мароз — паўнапраўны ўладар рэзідэнцыі — таксама вядзе «прыём». Катае на кані і ў чоўне па рацэ, частуе грыбамі і ягадамі…

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: Дзед Мароз Рудабельскі і Снягурка — Сяргей і Алена МАРТЫНЕНКІ — запрашаюць у «Бубнаўку»; дзяцей сустракаюць казачныя персанажы;  абавязковая частка «Мароз-шоу» — катанне на санях.

Фота з архіва аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter