У латышскай глыбінцы жыве беларуская мова

Ручнікі, сімвалы гасціннасці

У той дзень пасёлак Эзерніекі, што ў Дагдскім краі Латвіі, жыў чаканнем гасцей. Аб’явы на вуліцах папярэджвалі: прыедуць самадзейныя артысты ад беларускай суполкі “Спатканне” з горада Екабпілса. Усю ноч напярэдадні падаў снег, і пасёлак выглядаў святочна прыбраным. Госці і гледачы сабраліся ў Народным доме. Сцэна ўпрыгожана руч­нікамі, ды і сама назва імпрэзы інтрыгуе: “Бела­рускія ручнікі”.

Валянціна Дарашчонак (справа) і Зофія Іоніна. Фота: Эвік Муйзніецэ

Сустрэчу распачала Таццяна Гогалінская, кіраўніца Дагдскага беларускага таварыства “Вербiца”. Яна — адна з тых, хто рухае беларускія справы ў рэгіёне. Таццяна падзякавала ўсім, хто цікавіцца народнай культурай беларусаў. Консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Юры Давыдоўскі, павітаўшы публіку, прыз­наўся: ён упершыню ў воласці і рады творчай сустрэчы. Дыпламат нагадаў, што ручнік — найважнейшы элемент культуры беларусаў. Гэта і побытавая рэч, і абярэг, і сімвал чысціні і прыгажосці душы народнай. Старшыня Эзерніекскай воласці Яніс Анджан падкрэсліў: у краі дружна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, і пазнаёміцца з народнымі традыцыямі беларусаў усім будзе цікава.

І вось на сцэне кіраўніца суполкі “Спатканне” Валян­ціна Дарашчонак. Яна расказвае пра народныя традыцыі, у якіх маюць свае вызначаныя ролі розныя ручнікі. Як вядома, гэтыя тканыя ды вышываныя вырабы суправаджалі нашых продкаў праз усё жыццё, асабліва ж былі запатрабаваныя ў самыя важныя яго моманты. Цікава, што сябры апавядальніцы нібы ажыўлялі яе словы, паказвалі сцэнкі з абрадаў сватаўства, вяселля, хрэсьбінаў, суправа­джалі дзеі песнямі. Прыгожа выступалі спеўны гурт “Аколіца”, якім кіруе Тамара Старавойтава, танцоры студыі “Вербіца”, а таксама трыа музыкаў “Skandnieki”.

Цёпла сустрэлі гледачы ансамбль Эзерніекскага Народнага дома “Tautas studija” пад кіраўніцтвам Віты Вітане.

На сцэне Эзерніек — артысткі гурта “Аколіца” з Дагды. Фота: Эвік Муйзніецэ

Артысты з Эзерніек выканалі і беларускую народную “А ў Марысі хата на памосце”, і вядомыя ўкраінскія песні. Як сказала кіраўніца, гэта “ансамбль — дружба народаў”: у ім спяваюць рускія Аксана і Святлана Патапавы, Люба Дунцане, украінка Вера Балтыня, а Таццяна Валаватава — з беларускімі родавымі каранямі. Сама ж Віта Вітане латышка, і так задушэўна выканала яна пад гітару знакамітую песню “Не отрекаются любя”, што ў зале доўга не змаўкалі апладысменты. Вось як суладна суіснуюць розныя культуры пад беларускімі ручнікамі! Можна сказаць: у той дзень яны сталі сімваламі яднання.

Пасля канцэрта кіраўніца аддзела культуры, спорту і асветы Дагдскага краю Марыя Міцкевіча, старшыня воласці Яніс Анджан дзякавалі беларусам з Екабпілса, Таццяне Гогалінскай за цёплую сустрэчу, уручылі гасцям сувеніры, кветкі кіраўнікам ансамбляў, салістам. Між тым, як аказалася, паглядзець на “Беларускія ручнікі” прыехалі гледачы і з іншых паселішчаў. Было шмат моладзі, прыйшлі і пенсіянеры. А беларусы ў Эзерніеках актыўныя! Гэта па іх просьбе Таццяна Гогалінская запрасіла да мікрафона і Наташу Чэрнік, нашу супляменніцу з мясцовых. Пачала нясмела, потым голас загучаў упэўнена. Светлаю тугою кранала за сэрца песня пра вецер з роднай старонкі і маму, якая “каля Брэста жыве”. Дружна апладзіравалі ў зале, і запрасілі на сцэну яшчэ Таццяну Валаватаву, дык той і на “біс” прыйшлося спяваць. 

Удзельнікі ансамбля “Завіруха” з горада Екабпілса. Фота: Эвік Муйзніецэ

А што запомнілася з канцэрта гледачам? У мамы і бабулі, казала Святлана Патапава, таксама ёсць вышываныя ручнікі, але яна раней нічога пра іх не ведала. І вось госці так цікава ўсё расказалі і паказалі. Вольгу Сазвірскую да слёз расхвалявалі вершы пра ручнікі: “Яны нагадалі пра маму, бабулю... У нас было шмат беларускіх ручнікоў, я іх і цяпер выкарыстоўваю, берагу — як памяць”. Загадчыца дзіцячага сада İнэса Маргевіч расказала, што ў яе бабулі ручнікі былі тканыя, без вышыўкі. У Латгаліі ж яны і не мелі такога значэння ў жыцці людзей, як у Беларусі. Парадавалі Інэсу і беларускія песні. Увогуле ж рускія, беларусы, латгальцы казалі: цікава, весела, пазнавальна. І што такія сустрэчы варта прадаўжаць.

А гэта ўжо, дадам ад сябе, залежыць ад нашай нястомнай Таццяны Гогалінскай. Яе актыўную працу як кіраўніцы таварыства, валанцёра ўхваляе і Марыя Міцкевіча. Вельмі дапамагла пры арганізацыі вечара і Лідзія İгауне, загадчыца Эзерніекскай бібліятэкі. Таццяна Гогалінская таксама з удзячнасцю казала і пра старшыню воласці Яніса Анджана, які падтрымаў культурную ініцыятыву беларусаў і словам, і справай.

Зофія Іоніна, Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца”, Латвія
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter