Гісторыя і сённяшні дзень Рубяжэвіч

Рубяжэвічы: вароты Налібоцкай пушчы

На мяжы Мінскай узвышанасці і шырокай нёманскай поймы ў міжрэччы прытокаў Сулы і Пярэкуллі шостае стагоддзе адлічвае мястэчка Рубяжэвічы. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца як уладанне князя Вярэйскага, атрыманае ў падарунак ад вялікага князя літоўскага Казіміра IV.

У 1550 годзе кароль польскі Жыгімонт Аўгуст перадаў паселішча ўплывоваму прадстаўніку багатага еўрапейскага роду Мікалаю Радзівілу, і яно стала цэнтрам няўборскіх радзівілаўскіх уладанняў. Пазней тут уладарылі Покусы, Аборскія, Рутынскія і Лопаці. Дзейнічалі Мікалаеўская праваслаўная царква, уніяцкі храм, які згарэў, дзве сінагогі і драўляны касцёл Святога Антонія, помнік архітэктуры драўлянага барока, зруйнаваны ў савецкія часы масавага атэізму.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Рубяжэвічы адышлі да Расійскай імперыі і сталі цэнтрам воласці. Гаспадаром іх стаў адзін з найбагацейшых памешчыкаў Расійскай імперыі Леў Вітгенштэйн. Насялялі тыповае гандлёва-рамеснае мястэчка кавалі, ткачы, гарбары, шаўцы, стальмахі, цесляры. Па некалькі разоў на год ладзіліся вялікія кірмашы, на якія збіраліся гандляры з Вільні, Ліды, Мінска. Аднак, нягледзячы на бурнае развіццё рамесніцтва і гандлю, Рубяжэвічы не сталі горадам. Новыя шляхі ў Вільню і Брэст абмінулі іх. Чыгунка прайшла праз Стоўбцы, і мястэчка страціла гандлёвае прызначэнне. 

На пачатку ХХ стагоддзя над сядзібамі ўзняліся гатычныя шпілі касцёла Святога Іосіфа.

Згодна з Рыжскай мірнай дамовай Рубяжэвічы апынуліся ў складзе буржуазнай Польшчы і сталі цэнтрам гміны. Тут фарміраваліся вайсковыя аддзелы белапольскага генерала Булак-Балаховіча.

У 1939 годзе паселішча ўвайшло ў БССР як цэнтр сельсавета. Арганізаваўся калгас імя Янкі Купалы.

Адной з першых на Стаўбцоўшчыне вёска Рубяжэвічы атрымала статус аграгарадка, у якім дзейнічаюць сельгаспрадпрыемства, філіялы раённых электра- сетак і Фаніпальскай птушкафабрыкі, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, унікальная травяная аптэка, аддзяленне сувязі, магазіны.


З якога боку не пад’язджаеш да Рубяжэвіч, здалёк відаць крыжы на гатычных шпілях каменнага касцёла Святога Іосіфа. Цікавую гісторыю пабудовы ўнікальнага помніка архітэктуры пачатку мінулага стагоддзя пачуў ад настаўніцы Рамуальды Сабалеўскай. 

На 45 метраў узняліся ў неба крыжы касцёла Святога Іосіфа. На гэтым месцы стаяў невялікі драўляны каталіцкі храм. Пасля разгрому паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага будынак перадалі праваслаўнай царкве. Рубяжэвіцкія католікі засталіся без касцёла. У 1866 годзе тутэйшы Антоній Тур стаў збіраць подпісы землякоў пад прашэннем да цара аб дазволе будаўніцтва храма. Тройчы хадзіў у Пецярбург, але вяртаўся з адмоўным адказам імператара. Сям’ю заўзятага католіка саслалі ў Сібір. Пасля вяртання з высылкі ў 1905 годзе выйшаў царскі Маніфест аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці, і ўпарты Атоній Тур зноў адправіўся ў сталіцу. Дабіўся дазволу будаваць касцёл, але пры ўмове, што будынак павінен быць вялікіх памераў і ўзведзены за тры гады.

Старшыня сельсавета Ала СТРАЛКОЎСКАЯ.

Людзі актыўна ахвяравалі грошы на мураваны храм. У далёкай Амерыцы эмігранты-землякі наладзілі збор сродкаў. Дружна закіпела праца. Штодня больш як сотня сялян з навакольных мясцін увіхалася на будоўлі. Адмысловыя кавалі вырабілі металічныя крыжы, якія ўжо другі век узвышаюцца над храмам, што асвяцілі ў 1911 годзе. З Вільні прывезлі і ўстанавілі арган на пятнаццаць галасоў і 820 трубак. 

— Дзякуючы ўдалай акустыцы арган цудоўна гучыць, — выказваецца Рамуальда Сабалеўская. — У святы не ўбіцца ў храм. З розных мясцін прыязджаюць паслухаць чароўныя мелодыі, душу ачысціць. Тры дзесяцігоддзі таму асвоіў інструмент мой муж Тадэвуш Люцыянавіч. Ён таксама тутэйшы.

Касцёльны арганіст і майстар на ўсе рукі Тадэвуш САБАЛЕЎСКІ.

Сваё жыццё без храма і я не ўяўляю. Тут нашы дзяды і прадзеды маліліся і нас да веры прывялі. Дзяцей сваіх мы ў хрысціянстве выхоўвалі, а цяпер і ўнукаў. Дзесяцігоддзі правіў у касцёле шчыры і занадта просты ксёндз Рычард Юнік. Вучыў не зайздросціць, хто лепей жыве, бо не дагоніш. У вечнасці спачывае святар, а мудрыя яго словы “не дагоніш” — памятаем. 

Тры гады таму парафію ўзначаліў малады ксёндз Уладзімір Каспарэвіч, які ў пропаведзях падкрэслівае, што ўсе грэшныя. Для таго і храмы, каб там атрымліваць ачышчэнне. На імшы можна бываць, як душа прагне: штодня ці раз у месяц.

65 гадоў разам ветэран вайны і працы Аляксандр Мікалаевіч і Рэгіна Іванаўна ТУРОК.

У касцёле захоўваецца як святыня абраз Маці Божай Вастрабрамскай, падораны парафіянкай з шляхецкага фальварка Няшота Бянігнай Іванаўнай Валасевіч, маці Янкі Купалы. Яна пакахала сімпатычнага маладога арандатара Дамініка Луцэвіча. Бацькі не блаславілі іх шлюб, і без пасагу пайшла замуж. Не забывала родны куточак. Продкі яе жылі ў наваколлі Рубяжэвіч і пахаваны на цвінтары. 

ПОКЛІЧ продкаў вярнуў пасля працяглых вандровак па былой вялікай краіне ў мілыя сэрцу Рубяжэвічы Яніну-Тэрэсу Чорную, праўнучку таго самага Антонія Тура, ініцыятара ўзвядзення касцёла Святога Іосіфа. Сваякі ганарацца, што імя яго выбіта на камені перад уваходам у касцёл.

Ксёндз Уладзімір КАСПАРЭВІЧ.

Прасторны дом праўнучкі выходзіць вокнамі на галоўную вуліцу, што вядзе да храма. У шчыльна забудаваным мястэчку драўляныя дамы туляцца адзін да аднаго. У палісадніках палаюць рознымі колерамі кветкі. На кожнай сядзібе роўнымі радкамі песціцца пад сонечнымі промнямі бульба. У агародчыках растуць буракі, агуркі, цыбуля. Цягнуцца да сонца цыбатыя сланечнікі. Быццам вартавыя, ахоўваюць наваколле са сваіх гнёздаў на высокіх электрычных слупах верныя гэтым мясцінам буслы. 

Покліч да Бацькаўшчыны вярнуў у Рубяжэвічы дачку пенсіянераў-настаўнікаў Аляксандра і Рэгіны Турок Галіну Губанаву. Многія гады Аляксандр Мікалаевіч кіраваў сярэдняй школай, а потым і міжшкольным вучэбным камбінатам. Рэгіна Іванаўна выкладала біялогію і геаграфію. Звычайна на летніх канікулах школьнікі працавалі ў калгасе. Спецыялістамі сельскай гаспадаркі, настаўнікамі, урачамі, хлебаробамі сталі іх выпускнікі. Электрыкам працуе Дзмітрый Шышко, Анатоль Рамейка — механізатарам. Рамуальда Сабалеўская завочна закончыла сталічны педінстытут і настаўнічае. Яе дочкі Ніна і Рамуальда пасля вучобы вярнуліся педагогамі дамоў.

Юныя футбалісты—браты Дзіма і Мікіта МУЛЕВЫ і Міхаіл БАГДАНКЕВІЧ.

Па слядах бацькоў пайшла і Галіна Турок. Пасля педінстытута закончыла ў Маскве Вышэйшую камсамольскую школу і працавала ў партыйных і савецкіх органах Расіі. З мужам Уладзімірам і сынам Мікалаем вярнулася дапамагаць састарэлым бацькам. 

Днямі Аляксандр Мікалаевіч адзначыў 92-гі дзень нараджэння. У Вялікую Айчынную вайну быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ 1-й Баранавіцкай партызанскай брыгады. Служыў мінёрам у чацвёртай гвардзейскай штурмавой інжынерна-сапёрнай Магілёўскай чырванасцяжнай ордэна Кутузава брыгадзе 2-га Беларускага фронту. Запомнілася яму імгненная баявая аперацыя пры фарсіраванні Одэра.

Школьніцы Марта ДУБІНЕЦ, Ангяліна ПРЫЧЫНЕЦ і Хрысціна ВІННІКАВА.

Пераможны майскі дзень баец Аляксандр Турок разам з аднапалчанамі сустрэў у нямецкім горадзе Расток. Пасля вайны вярнуўся на Радзіму, атрымаў педагагічную адукацыю і да выхаду на пенсію настаўнічаў. Баявыя заслугі Аляксандра Мікалаевіча адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём Жукава.

У родных Рубяжэвічах бачыць сваё будучае дваццацігадовы Андрэй Лабоцкі. Старэйшы брат Віталік паехаў шукаць шчасце ў сталіцу. Андрэй пасля службы ў арміі сеў за руль трактара. У спякотныя летнія дні падвозіць ваду каровам на пашу. Механізатарам у ААТ “Рубяжэвічы” працуе і яго бацька Станіслаў Іосіфавіч. Маці Алена Вячаславаўна даглядае цялят на ферме. Хапае летам гаспадарчых клопатаў і малодшаму брату Яўгену, які перайшоў у восьмы клас. Косіць траву карове, па хатняй гаспадарцы дапамагае.

Механізатар Андрэй ЛАБОЦКІ.

Праўнучка ксяндза Тура Яніна-Тэрэса ЧОРНАЯ.

Родным стаў аграгарадок для дзвюх дачок і чатырох унукаў механізатара Юрыя Сахарука, які з жонкай Наталляй прыехаў сюды. Гаспадыня доіць кароў на жывёлагадоўчай ферме “Гнедзькі”. Сям’я атрымала прасторны катэдж, каля якога больш як паўгектара прысядзібнага ўчастка. Дом прыватызавалі. Разам з бацькамі жыве і сям’я дачкі Надзеі, якая працуе птушніцай у філіяле фаніпальскага “Бройлера”.

Другая дачка Сахарукоў Кацярына — настаўніца. Зараз у дэкрэтным адпачынку. Зяці Сяргей і Васіль разам з цесцем водзяць тэхніку ў ААТ “Рубяжэвічы”. У вольны ад працы час дапамагаюць нарыхтоўваць сена. У хлеўчыку, акрамя каровы, яшчэ і чацвёра парсючкоў.

Трактарыст Юрый САХАРУК з унукам Максімам.

— Летась у вяскоўцаў было амаль 170 кароў, — канстатуе старшыня сельсавета Ала Стралкоўская. — Сёлета на тры дзясяткі галоў паменшала. Гаспадары старэюць, а моладзь не вельмі хоча дадатковага клопату. Ды і асаблівай неабходнасці няма. У вясковых крамах, як у сталічных супермаркетах, — багаты выбар харчовых тавараў. Зарабляй грошы і купляй. 

Сельсавет аб’ядналі з Засульскім. За дзень цяжка аб’ехаць усе 33 населеныя пункты і 36 садовых таварыстваў. Пасля працоўнага дня спяшаюся з агародам управіцца. Муж і сыны дапамагаюць. Старэйшы Алег закончыў БАТУ, а малодшы Сяргей вучыцца там на інжынера-механіка. Муж Чэслаў Казіміравіч выкладае фізкультуру ў школе. Жывём у бацькоўскім доме ў вёсцы Гнедзькі. Агарод вялікі, сад каля дома.

Педагог Нэля ГРЫГОР’ЕВА.

АГРАГАРАДОК Рубяжэвічы перспектыўны. Шэсцьдзясят кіламетраў ад сталіцы. Побач Налібоцкая пушча. Мясціны прывабныя. Для моладзі ёсць занятак. Амаль на сорак працаўнікоў пашырыўся філіял Фаніпальскай птушкафабрыкі. Ёсць вакансіі ў ААТ “Рубяжэвічы”, якім паспяхова кіраваў Дзяніс Колесень і зараз узначальвае райсельгасхарч. Пасаду дырэктара заняў Андрэй Атрушкевіч. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса і па асноўных эканамічных паказчыках — у ліку лепшых у раёне. Працаўнікі добра зарабляюць. Будуецца камфортнае жыллё ў Новых Рубяжэвічах, што прымыкаюць да аграгарадка. 

Маладыя сем’і атрымліваюць участкі пад забудову. Сваё жыллё ўзводзяць у Рубяжэвічах дзеці Рамуальды і Тадэвуша Сабалеўскіх. Працавітая сям’я вясковых інтэлігентаў жыве ў доме, на якім усталявана мемарыяльная дошка з надпісам, што з 1947 па 1965 год тут жыў і працаваў вядомы заснавальнік траўнай аптэкі Станіслаў Іванавіч Вількоцкі. Сваю справу народны лекар перадаў Анатолю Грыгор’еву, які годна нясе аказаны давер. Яго жонка Нэля Раманаўна настаўнічала да выхаду на пенсію. Сустрэліся з ёю на прыгожым дагледжаным падворку. Гаспадыня ўвіхалася каля клумбаў.

Педагог Рамуальда САБАЛЕЎСКАЯ.

Кожны ў Рубяжэвічах ведае, што па ініцыятыве траўніка Станіслава Вількоцкага ўшанаваны ахвяры фашысцкага генацыду. Больш за дзве тысячы яўрэяў жыло ў даваенным мястэчку. Нямецка-фашысцкія акупанты мужчын і юнакоў пагналі ў лагер, створаны ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна. Там вязні будавалі аэрадром. Жанчын і дзяўчат сагналі ў суседні Івянец. У Рубяжэвіцкім гета пакінулі толькі старых і дзяцей. Прыгналі ахвяр з навакольных вёсак Волма і Дзераўная. Ва ўрочышчы Лаза зверскі забілі 360 чалавек. Станіслаў Вількоцкі ў першыя пасляваенныя гады арганізаваў вяскоўцаў і паставілі мемарыял. 

У цэнтры аграгарадка Тадэвуш Сабалеўскі завяршае будаўніцтва музея яўрэйскага побыту. Сонца ўжо чаплялася за верхавіны старых дрэў, а ён спяшаўся пілаваць дошкі, грукаў малатком, забіваючы цвікі. Кароткая летняя ноч. Раніцай наступнага дня майстра чакаў арган у касцёле Святога Іосіфа. 

Падумалася: менавіта на такіх асобах вякамі трымаецца старажытнае мястэчка.

Фота аўтара

Стаўбцоўскі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter