У таёжнай глыбінцы Цюменьскай вобласці адзначыў 25-гадовы юбілей народны вакальна-фальклорны ансамбль “Россияночка”

“Россияночка” — як сонца ў Ермаках

У таёжнай глыбінцы Цюменьскай вобласці адзначыў 25-гадовы юбілей народны вакальна-фальклорны ансамбль
У таёжнай глыбінцы Цюменьскай вобласці адзначыў 25-гадовы юбілей народны вакальна-фальклорны ансамбль, у рэпертуары якога шмат беларускіх песень


Гурт “Россияночка” пры Ермакоўскім Доме культуры з гасцямі юбілейнага канцэрта

Канец красавіка — прыгожая пара ў нашым сібірскім краі. Цеплыня, прырода ажыла. У такі час і ствараўся гурт — каб зберагаць спеўныя традыцыі продкаў. А гэта, нагадаю, знакавае месца ў расійскай глыбінцы: Вікулаўскі раён Цюменьскай вобласці. Даўно тут жывуць нашчадкі беларусаў-“самаходаў” — яшчэ ў ХIХ стагоддзі аселі ў тайзе сяляне-перасяленцы з тагачаснай Магілёўскай губерні. Вёскі Ермакі, Ялоўка, Сасноўка — як выспы беларускай культуры ў тайзе… Каб не раствараліся яны ў моры іншых культур, трэба не забываць нацыянальныя песні свайго народа, іншыя традыцыі продкаў.

І вось гурт “Россияночка” сабраў у Ермакоўскім Доме культуры жыхароў вёскі, гасцей, сяброў, а таксама сваякоў і прыхільнікаў народнай песні на юбілейны канцэрт “З песняй па жыцці”. Узрост — цудоўны! Калектыў навучыўся рухацца на хвалях жыцця, здольны і да творчага росту. Мы цэнім, паважаем голас кожнай ўдзельніцы! Шмат дабіліся, маем жаданне рухацца далей. У рэпертуары ёсць народныя песні з розных славянскіх культур, запісаныя ад старажылаў Вікулаўскага раёна. А галоўны кірунак творчасці — песні беларускія, якія жывуць па вёсках, ды іншыя фальклорныя песні нашых продкаў. Спявалі ў нас заўсёды, у тым ліку і песні “самаходаў”: ва ўсе часы людзі цягнуцца да прыгажосці. А гурт мы стварылі ў 1991-м. Большасць удзельніц “Россияночкі” маюць беларускія родавыя карані, захоўваюць звычаі, традыцыі, мову продкаў.


У музеі ў Ермаках
Аддаючы належнае мінуламу, гурт адаптуецца і да сучаснасці. У 2000-м наш ансамбль у поўным складзе ўступіў у Цюменьскую абласную Нацыянальна-культурную арганізацыю “Аўтаномія Беларусь”. А ўжо ў 2001-м атрымаў званне “Народны вакальна-фальклорны ансамбль”. Мне пашанцавала кіраваць гэтым цудоўным калектывам. За 25 гадоў мы стварылі, можа, дзясяткі цікавых праграм, паўдзельнічалі ў сотнях канцэртаў, яркіх святаў розных узроўняў, у тым ліку ў раённых, абласных, міжнародных фестывалях і конкурсах, Днях культуры. Цэлыя пакаленні выраслі на песнях, якія спявае “Россияночка”. Цяпер пры гурце ёсць падлеткавы вакальны ансамбль “Зорачкі”, дзіцячы фальклорны гурт “Сонейка”: яны стараюцца зберагаць песенную культуру свайго краю.

Павіншаваць юбіляраў прыехалі творчыя гурты з Цюмені — нашы сябры з “Аўтаноміі Беларусь”: ансамбль беларускай песні “Лянок” (кіраўніца Клаўдзія Зуева) і сямейны ансамбль “Спадчына” (кіраўніца Марыя Піскун). Яны прывезлі, уручылі нам цудоўны падарунак: сцэнічны абутак для ўсіх удзельніц ансамбля. Кранальнае віншаванне гучала ад гледачоў, прыхільнікаў нашай творчасці: многія ермакоўцы прыйшлі падзяліць радасць падзеі. Казалі: “Россияночка” — як сонца ў Ермаках, гэта ўпрыгажэнне вёскі, усяго рэгіёна, а наш юбілей — гэта свята ўсёй вёскі. Вось мы і думаем: а можа ў будучыні ў дні нараджэння гурта адзначаць і Свята вёскі!

Колькі цёплых слоў віншаванняў, пажаданняў гучала ў адрас удзельнікаў ансамбля! Нам дарылі песні сябры па творчасці з вакальнага ансамбля “Жывіца” Ішымскага раёна (кіруе ім Алена Антончанка) і народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Вячоркі” Вікулаўскага раёна (кіраўніца Вольга Міхіенка). З віншаваннем выступіў гурт “Сонейка” (кіраўніца Зоя Маркава): гучала песня “Было у матушки 12 дочерей” — усім вельмі спадабалася. І фальклорны ансамбль “Околица” (кіраўніца Наталля Дзенісенка), што працуе пры Доме культуры, далучыўся да віншаванняў.

Кіраўнік Вікулаўскага раёна Аляксандр Крывалапаў таксама прыехаў павіншаваць юбіляраў — з падарункам, удзячнасцю за тое, што “Россияночка” радуе гледачоў, узвышае душы ўжо 25 гадоў. Віншавалі нас іншыя прадстаўнікі раённых уладаў, старшыня райсавета ветэранаў. Шмат атрымалі мы падзячных лістоў, ганаровых грамат, кветак, падарункаў. І многа цёплых, шчырых слоў пачулі ў свой адрас, у тым ліку і на роднай для ермакоўцаў гаворцы.

І быў вялікі святочны канцэрт. Тры гадзіны гучалі песні юбіляраў і нашых гасцей. У канцы праграмы быў нават сапраўдны феерверк: прыгожае завяршэнне свята. Як бачым, багатая і самабытная спадчына беларусаў-“самаходаў” у Сібіры — не згублена цалкам, шмат што перадаецца ад бацькоў дзецям, унукам, праўнукам. Мне ж хочацца пажадаць: хай збываюцца светлыя мары ўдзельнікаў “Россияночки”, хай чакаюць нас з канцэртнымі праграмамі ў гарадах і вёсках, хай будзе ў самабытнага гурта заўсёды шмат гледачоў як у Расіі, так і ў Беларусі, і хапае нам энергіі ды аптымізму — і на жыццё, і на плённую творчасць.

Надзея Вычужаніна, кіраўніца ансамбля “Россияночка”

Голас Радзімы № 21 (3477), ЧАЦВЕР, 9 чэрвеня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter