“Ромеры прыкіпелі да новай айчыны”

Старажытны рыцарска-шляхецкі род Ромераў выводзіўся з Саксоніі. Потым праз Курляндыю ён перасяліўся ў Вялікае княства Літоўскае, на беларускія і літоўскія землі, дзе прадстаўнікі гэтага роду займалі розныя, не надта высокія пасады — больш хінуліся да культурнай, творчай дзейнасці. Адным з найбольш вядомых сярод Ромераў быў Альфрэд Ізідор (1832–1897), чыё 170-годдзе з дня нараджэння і 110-годдзе з дня смерці адзначылі пад канец красавіка ў мінскім Доме Ваньковічаў, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
“Хрыстос і сірата” А. Ромера (Камаі Пастаўскага раёна)Старажытны рыцарска-шляхецкі род Ромераў выводзіўся з Саксоніі. Потым праз Курляндыю ён перасяліўся ў Вялікае княства Літоўскае, на беларускія і літоўскія землі, дзе прадстаўнікі гэтага роду займалі розныя, не надта высокія пасады — больш хінуліся да культурнай, творчай дзейнасці. Адным з найбольш вядомых сярод Ромераў быў Альфрэд Ізідор (1832–1897), чыё 170-годдзе з дня нараджэння і 110-годдзе з дня смерці адзначылі пад канец красавіка ў мінскім Доме Ваньковічаў, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Жыхар Вішнева на Смаргоншчыне, сябар Францішка Багушэвіча Ян Карловіч пісаў у сваіх успамінах, што Ромеры “прыкіпелі да новай айчыны”. І выдатны мовазнавец ведаў, што сцвярджаў: ён быў шваграм Альфрэда Ізідора, абодва яны былі жанаты на красунях-сёстрах Сулістроўскіх, адораных талентамі і гаспадарлівых. Сваякі часта сустракаліся —то ў Вішневе, то ў Каралінаве, што цяпер на Пастаўшчыне, каля Ка-маяў. Ромер пражыў там не так і доўга — усяго дзесяць год, але пакінуў у наваколлі добры і яркі след, у тым ліку — славуты абраз “Хрыстос і сірата”, што вісіць як падарунак і цяпер у Камайскім касцёле-цвярдыні (сёлетні год абвешчаны ў гэтай парафіі Годам Альфрэда Ромера).

Душой вечара быў мастак Алесь Цыркуноў, які пачаў гаворку і прадстаўляў прамоўцаў. Ён жа падрыхтаваў невялікую юбілейную выставу: сваю карціну з выявай Ромера і абліччам Мадонны побач (сюжэт заснаваны на рэальным факце: будучы пасля паўстання 1863 года як яго ўдзельнік заключаным у Дынабургскую крэпасць і не маючы там чым маляваць, ён пачаў выводзіць на сцяне абрысы Маці Божай пачарнелым агаркам свечкі), копію абраза “Хрыстос і сірата”, свой малюнак сядзібы ў Каралінаве, якая сёння пільна патрабуе рэстаўрацыі, выяву разгалінаванага генеалагічнага “дрэва” Ромераў. Ёсць на “дрэве” і бацька мастака Эдвард Ян, таксама мастак, вучань Яна Рустэма, а яшчэ літаратар, грамадскі дзеяч, выпускнік Віленскага універсітэта.

Пра графіку і медальернае майстэрства А. Ромера гаварыў на вечары выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч. Выявы, якія ён дэманстраваў на экране, пераканалі прысутных, што Ромер з вялікай любоўю паказваў на сваіх акварэлях людзей з простанароддзя. Мовазнавец Алесь Саўка спыніўся на напісанні прозвішча мастака. Больш дакладным было б напісанне Рамэр або нават Рэмэр, але прысутныя рашылі, што трэба пакінуць традыцыйнае, энцыклапедычнае напісанне. Краязнавец з Камарова на Мядзельшчыне Янка Драўніцкі прыгадаў дачку мастака Галену Ромер-Аханкоўскую, аўтарку некалькіх кніг пра мясцовае беларускае сялянства (“тутэйшых”), багаты яго фальклор. Ён бачыў гэтую літаратарку ў дзяцінстве і нават аднойчы асмеліўся прынесці ёй букет бэзу за імкненне ўратаваць вясковага хлопчыка Казіка, які тапіўся ў возеры. Пасля яе ў “Завілейскім краі” заста-лася добрая памяць, адчыненыя з яе дапамогай школы і бібліятэкі.

Гаварылася на вечары таксама, што ў Беларусі, дзе мастак правёў найбольш плённы перыяд сваёй творчасці, замала яго твораў — толькі абраз у Камаях і “Пінская Панна”. Па розных прычынах асноўная частка спадчыны А. Ромера аказалася ў Вільні, Кракаве, Львове і Парыжы. Вярнуць яе цяжка, але выявіць яе, увесці ў супольны навуковы і культурны ўжытак — зусім рэальная мэта.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter