Родныя вобразы.

Летні пейзаж – крыніца светлых эстэтычных уражанняў, радасных пачуццяў. Летні пейзаж – увасабленне надзеі на шчасце, на вечную маладосць. Усё таму, што лета – гэта і ёсць маладосць і шчасце...

Летні пейзаж – крыніца светлых эстэтычных уражанняў, радасных пачуццяў. Летні пейзаж – увасабленне надзеі на шчасце, на вечную маладосць. Усё таму, што лета – гэта і ёсць маладосць і шчасце...

Мастацкая гасцёўня “Роднай прыроды” зноў збірае сваіх сяброў! Трэба ўдакладніць: гэтым разам – літаратурна- мастацкая. Жнівеньскім вечарам, сябры, (лепей вечарам!) я запрашаю вас на няспешную гамонку на ўзлонні цудоўнага беларускага краявіду. Мы пагаворым пра тое, як адлюстраваны летні краявід (пейзаж) менавіта ў сучасным беларускім выяўленчым мастацтве.

Лірыка ў жывапісе

Беларускае лета... Якія ж галоўныя вобразы “летніх” мастацкіх твораў — напісаных летам і аб леце? Першы і галоўны вобраз — гэта сонца. Рознымі сродкамі, тэхнікамі, у розных стылях і рознымі талентамі апявалі і апяваюць яго мастакі. Сонца — сімвал жыцця і красавання. І ў кожным новым, па-сапраўднаму мастацкім творы яно непаўторнае, такое, што не зблытаеш з іншымі “сонцамі” калег па цэху таго ці іншага аўтара. Прынамсі, непаўторнасць, суб’ектыўная адметнасць, верагодна, і ёсць тыя прыкметы почырку, па якіх мы адрозніваем Гагена ад Ван Гога, Сурыкава ад Левітана, Шчамялёва ад Сумарава...

Сапраўдныя летапаклоннікі і сонцалюбы ёсць як сярод мастакоў, так і сярод паэтаў — дастаткова ўзгадаць нашых класікаў Янку Купалу і Якуба Коласа. Паэтычная стыхія выяўленчых сродкаў у прыродаапісаннях гэтых майстроў слова нагадвае дзівосную скарбонку самацветаў.
Іншыя вобразы — вобраз лесу, вобразы ракі і возера, вобразы кургана і дарогі, вобразы каменя і поля, вобраз балота, арніталагічныя і анімалістычныя вобразы — таксама досыць шырока прадстаўлены ў “летніх” карцінах беларускіх мастакоў. Прынамсі, гэта амаль усё, што рознымі спосабамі выяўляюць аўтары пейзажаў. Нярэдка ў пейзаж уводзіцца вобраз чалавека, але часцей за ўсё ён у творах не дамінуе.
Вяртаючыся да адлюстравання прыроды ў паэзіі і жывапісе, трэба зазначыць, што яно шмат у чым падобнае. Маляўнічасць, шматколернасць, размашыстасць фарбаў, пластычнасць — найбольш характэрныя адзнакі пейзажных твораў Леаніда Шчамялёва і Уладзіміра Дубоўкі, Зоі Літвінавай і Язэпа Пушчы, Віктара Ціханава і Максіма Танка, Барыса Казакова і Аляксея Пысіна, Аляксандра Сушы і Юрася Свіркі. Падабенства тыпалогіі паэтычных пейзажаў і карцін беларускіх мастакоў можна адзначыць у Якуба Коласа і Віталя Цвіркі, Максіма Багдановіча і Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. А нестандартныя, для многіх незразумелыя паэтычныя творы Адама Глобуса ўвогуле часам прадстаўляюць не іначай як жывапіс словам. Некаторыя паэты паспяхова ствараюць акварэлі, эцюды, замалёўкі, гравюры ў вершах, удала скарыстоўваючы сутнасць жанраў выяўленчага мастацтва. Усё гэта сведчыць аб тым, што пейзаж у паэзіі і пейзаж у жывапісе маюць адзіны мастацка-эстэтычны кантэкст.

Дык намалюйце ж лета!

Большасць мастакоў любіць адлюстроўваць пераходныя станы ў прыродзе: світанак, надвячорак, раннюю вясну, пачатак восені, першы снег — станы, калі характар прыроды праяўляецца найбольш відавочна. Пры гэтым некаторыя мастакі, асабліва маладыя, адчуваюць цяжкасці пры стварэнні летняга альбо зімовага пейзажу, калі ўсё вакол зеленым-зелена ці, наадварот, белым-бела... І тут аказваецца, што паміж зімовым і летнім пейзажамі шмат агульнага. Дык паспрабуйце ж намаляваць лета! З яго паўдзённай спякотай і ранішняй расой, з начнымі пахамі зёлак і вечаровымі ценямі, з ластаўчыным шчабятаннем над зялёнай сажалкай і бусліным клёкатам ля хаты. Паспрабуйце!..
І яны спрабуюць, майстры алоўка і пэндзля! Памятаюць, што лета — пара пленэраў, і працаваць у гэты час на адкрытым паветры, як кажуць, загадаў сам Бог... “Што летам ножкай “топ”, то ўзімку ручкай “хлоп”, — казалі нашы продкі. Так і ў пленэрным жывапісе: працуючы летам па 18—20 гадзін у суткі, мастакі, здараецца, пасля “збіраюць” плён сваёй працы на працягу года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter