60-я ўгодкі адзначае сёлета Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы

Родныя людзі

“З поспехамі ў мінулым і з энтузіязмам у будучыню” — пад такім дэвізам адзначае сёлета 60-я ўгодкі Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы


Удзельніцы беларускага калектыву “Світанак” з Беластока. Фота: Кацярына Мядзведская

Урачыстасць у Беластоку


Святкаванне 60-годдзя старэйшай беларускай арганізацыі ў Польшчы праходзіла 27 лютага ў вядомым для многіх нашых супляменнікаў месцы — у будынку на вуліцы Варшаўскай, 11 у Беластоку. Святочнасць і важнасць падзеі адчувалася ва ўсім: прыўзняты настрой шматлікіх удзельнікаў, высокія госці, заслужаныя ўзнагароды...

Ва ўрачыстым пасяджэнні Галоўнага праўлення БГКТ прынялі ўдзел дзеячы і актывісты таварыства, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў, Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Эдуард Швайко, прадстаўнікі Міністэрства унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, якое курыруе дзейнасць суполак нацменшасцяў. Былі таксама ваявода Падляскага ваяводства Багдан Пашкоўскі, прадстаўнікі Маршалкоўскай управы, кіраўнікі шэрагу арганізацый і устаноў, самаўрадавых органаў.

Як усё пачыналася


Юбілейны для суполкі, якая аб’ядноўвае сотні людзей, увесь гэты год. Сёння БГКТ успрымаецца беларусамі ў Польшчы, усёй грамадскасцю суседняй краіны як найбольш актыўная і ўплывовая беларуская грамадская арганізацыя. Як адзначыў у дакладзе намеснік старшыні Галоўнага праўлення БГКТ Васіль Сегень, 26 лютага 1956 года стала важнаю датай у гісторыі беларускай меншасці ў Польшчы. Тады дзякуючы згодзе афіцыйных улад польскай дзяржавы, з удзелам 400 дэлегатаў і гасцей прайшоў заснавальніцкі з’езд беларускай арганізацыі.

Першым старшынёй Галоўнага праўлення быў выбраны Аляксандр Давідзюк. Так з’явілася на культурнай карце Польшчы першая пасляваенная беларуская суполка, і гэта дало моцны штуршок для развіцця нацыянальнага жыцця. Адразу ж пасля заснавання таварыства яго актыў наведаў 102 беларускія вёскі на Беласточчыне. Супляменнікам расказвалі пра беларускую суполку, кірункі яе дзейнасці. Такая актыўнасць мела плён, прывяла да склікання павятовых канферэнцый БГКТ, якія прайшлі ў маі-чэрвені 1956 года ў Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы, Гданьску, Саколцы, Сямятычах і ў Варшаве. Так і была створана арганізацыйная аснова для актыўнай грамадскай дзейнасці на ніве беларускасці.


Народныя традыцыі будуць жыць

Калі была “Лявоніха”...


У першыя ж месяцы і гады дзейнасці актывістаў БГКТ закладваўся падмурак, адпрацоўваліся эфектыўныя формы яго шматграннай культурна-асветнай актыўнасці. Ужо 4 сакавіка 1956 года выйшаў першы нумар тыднёвіка “Ніва”. Выданне стала крыніцай ведаў пра жыццё беларусаў у Польшчы, пашырала родную мову і культуру. Дарэчы, праз некаторы час у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” з’явіўся артыкул Адама Мальдзіса аб гэтай падзеі. У чэрвені 56-га быў арганізаваны вялікі, “100-асабовы народны беларускі калектыў песні і танца” (так гучала яго афіцыйная назва). Неўзабаве ён здабыў вялікую папулярнасць, некалькі разоў выступаў на сцэнах Драмтэатра імя А. Вянгеркі ў Беластоку і Нацыянальнага тэатра ў Варшаве пад час агляду мастацкіх калектываў нацменшасцяў Польшчы. Аднак такі шматлікі калектыў не мог выступаць на малых вясковых сцэнах: патрэбен быў невялікі прафесійны мастацкі калектыў. І ўзнік славуты беларускі гурт “Лявоніха”, якім кіраваў Міхал Ануфрыеў. За два з паловай гады гурт выступіў на сцэне 656 разоў, а яго 1000-ы канцэрт адбыўся ў сакавіку 1965-га. За 13 гадоў дзейнасці “Лявоніха” дала ў Польшчы і за мяжою больш за 2000 канцэртаў. Дзейнасць гурта, безумоўна, актывізавала развіццё аматарскай творчасці, якой і сёння адметныя беларусы ў Польшчы.

У лютым 57-га пабачыў свет першы “Беларускі каляндар”, які выдаецца і цяпер. Гэта своеасаблівая кніжная хроніка дзейнасці БГКТ і важнейшых культурных беларускіх падзей у Польшчы. У чэрвені 58-га ў Беластоку прайшла аргсустрэча Беларускага літаб’яднання, пазней названага “Белавежай”. Яго заснавальнікам можна лічыць Георгія Валкавыцкага, першага старшыню і тагачаснага галоўрэда “Нівы”.

А 10 снежня 1960 года Галоўнае праўленне БГКТ атрымала памяшканні па вуліцы Варшаўскай, 11. У другой палове 90-х дзякуючы вельмі прыхільнаму стаўленню да беларусаў тагачаснага прэм’ер-міністра Уладзімежа Цімашэвіча будынак стаў уласнасцю Беларускага таварыства.

Беларуская мова — таварыства аснова


Разгортвалася і дзейнасць таварыства на ніве беларускай адукацыі. Па ініцыятыве БГКТ асветныя ўлады адкрылі ў Варшаўскім універсітэце Кафедру беларускай філалогіі, а ў Беластоку пачала працаваць Завочная настаўніцкая студыя. Таварыства разам з органамі мясцовага самакіравання прадпрымала меры, каб захаваць пастаяннай колькасць школ з беларускай мовай навучання. У 57-м такіх школ на Беласточчыне было 49. У 116 асветных установах беларускую мове вучылі як асобны прадмет. Усяго ў пачатковых школах родную мову вучылі 10 тысяч дзяцей! А былі яшчэ каля тысячы вучняў трох ліцэяў: у Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы і Міхалове. У 60-я гады на Беласточчыне існавалі 33 пачатковыя школы з беларускай мовай навучання, 139 школ з дадатковым навучаннем беларускай мове і згаданыя 3 беларускія ліцэі.

Адзначым і такі істотны факт у гісторыі беларускамоўнай адукацыі ў Польшчы. З 1994 года ва Універсітэце ў Беластоку пачалі вучобу першыя студэнты русістыкі з беларусістыкай, а з 2000-га — кандыдаты на беларускіх філолагаў. Стварэнне беларускай філалогіі ў сталіцы Беластоцкага рэгіёна было вельмі важнай падзеяй: у выпускнікоў сярэдніх школ, якім дарагая беларуская мова, літаратура, гісторыя і культура, з’явілася магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Беласток і сёння — гэта натуральнае месца для існавання беларусазнаўства на вышэйшым узроўні. Кафедра беларускай філалогіі як навучальна-навуковая структурная частка Універсітэта ў Беластоку дзейнічае больш за 20 гадоў. І цяпер выходзіць з новай адукацыйнай прапановаю: даваць веды па беларускай этнафілалогіі. У ахвочых будзе магчымасць паглыблена вывучаць культурныя адметнасці беларускага этнасу на Беласточчыне.

З Белавежы ў Гайнаўку


На працягу некалькіх дзесяці­годдзяў БГКТ займалася і музейнаю справаю. Вялікім энтузіястам, ініцыятарам і рэалізатарам ідэі музея быў Канстанцін Майсеня. Ужо першы з’езд Таварыства прыняў адпаведную пастанову, а ў 1966-м беларускі музей адкрыўся ў Белавежы. Ён карыстаўся вялікім зацікаўленнем. Толькі ў 70-м музей наведала 14,5 тысячы гасцей, у тым ліку 2500 замежных турыстаў. Аднак у 72-м таварыства было вымушанае музей закрыць. Усе экспанаты вывезлі ў Акруговы музей у Беласток, пасля яны трапілі ў Сельскагаспадарчы музей у Цеханоўцы.

На пачатку 80-х узнікла ідэя пабудовы Беларускага музея ў Гайнаўцы. Быў створаны Грамадскі камітэт пабудовы, які ўзначаліў Канстанцін Майсеня, тагачасны сакратар Галоўнага праўлення БГКТ. Дзякуючы яго актыўным і разважным ініцыятывам, вялікай ангажаванасці актыву і дзейснай дапамозе ўлад Беларусі, на пачатку 2000-х пабудова была амаль поўнасцю закончана. У новым аб’екце пачаў дзейнасць Беларускі музей і асяродак беларускай культуры, які цяпер кіруецца аднайменным аб’яднаннем. Хаця гайнаўская музейная ўстанова ўжо многія гады дзейнічае не пад шыльдай БГКТ, аднак — на карысць беларускай культуры.


Янка Сычэўскі. Фота: Іван Ждановіч

Даўнія традыцыі, сучасныя па форме


За гады дзейнасці БГКТ адбылося шмат важных падзей. Былі, акрамя дасягненняў, і страты, выпрабаванні. Але таварыства захавала галоўнае: стратэгічныя кірункі, шматлікі актыў, прыхільнікаў. Ужо 23 гады таварыства ўзначальвае апантаны і адданы беларускай справе Янка Сычэўскі. Менавіта дзякуючы яго спрактыкаванаму вопыту і аўтарытэту (а ён быў і дэпутатам польскага Сейма, шматлікія гады — дэпутатам ваяводскага сейміка), БГКТ не толькі захавала шматгадовы досвед і традыцыі, але сфарміравала і новыя. Штогод праводзіцца 60-70 разнастайных беларускіх мерапрыемстваў, прычым вельмі запатрабавананых мясцовым людам. Найбуйныя з іх — агульнапольскі фестываль “Беларуская песня”, святы беларускай культуры ў Беластоку, беларускае “Купалле” ў Белавежы ды іншыя — праводзяцца штогод, больш за 40 гадоў і заўсёды збіраюць сотні выканаўцаў, тысячы ўдзячных гледачоў і слухачоў. Культурную актыўнасць БГКТ дапаўняюць многія імпрэзы, скіраваныя на дзяцей і моладзь. Звыш сарака гадоў праводзіцца дэкламатарскі конкурс “Роднае слова”, конкурс дэкламатарскіх і тэатральных формаў “Сцэнічнае слова”, конкурс “Беларуская песня” для школьнікаў. У вёсках і мястэчках на Беласточчыне штогод праводзяцца беларускія фэсты, Дажынкі ды іншыя святы беларускага каляндарна-абрадавага цыкла.

Заслугоўвае ўвагі канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”, летась праведзеная ў 21 раз! Форум прысвечаны разнастайным польска-беларускім сувязям. Да яго дапасоўваецца і артыстычны форум: фестываль польскай і беларускай песні “Беласток—Гродна”: па чарзе праводзіцца ў гарадах. А Міжнародны фэст “Культура без межаў” у Сямятычах адлюстроўвае багацце нашай культуры. Знайшла падтрымку і новая ініцыятыва таварыства: эстрадны конкурс “Пявучыя сем’і”. Сёлета ў праекта, які паядноўвае пакаленні ў любові да беларускай песні, ужо “трэці сезон”.

Цяпер у цеснай сувязі з БГКТ працуе каля 60-і аматарскіх калектываў. Многія з іх, як, напрыклад, хары “Крыніца”, “Каласкі”, “Васілёчкі”, “Куранты”, гурты “Прымакі”, “Маланка”, “Цаглінкі”, не толькі пастаянныя ўдзельнікі фэстаў і святаў у Польшчы, але і частыя госці на Беларусі. Вельмі важна, што на Беласточчыне захавалася фальклорнае і традыцыйнае народнае мастацтва, нямала цікавых аўтэнтычных выканаўцаў, а іх традыцыі прадаўжае моладзь.

Калі мяжа — не перашкода


Плённа, рознабакова дзейнічае БГКТ і па прэзентацыі культуры Беларусі на Беласточчыне. Штогод 30-40 лепшых калектываў з Беларусі ўдзельнічаюць у беларускіх імпрэзах, а за гады дзейнасці БГКТ звыш 500 лепшых гуртоў  пабывалі ў суседняй краіне. БГКТ працуе  ў кантакце з гміннымі, гарадскімі, павятовымі ды ваяводскімі самаўправамі, асяродкамі культуры, настаўнікамі беларускай мовы, дырэктарамі школ. Дзейнасць таварыства падтрымліваецца фінансава Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі (якое курыруе дзейнасць суполак нацменшасцяў), Падляшскага ваяводства. Праз дзесяцігоддзі БГКТ атрымлівае рознага кшталту дапамогу з боку Беларусі, Пасольства і Генконсульства ў Беластоку, Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. Сёння таварыства мае сталыя сувязі са шматлікімі ўстановамі культуры, з дзясяткамі творчых калектываў з Беларусі.

Паклон вам, супляменнікі!


Галоўнае багацце таварыства — гэта людзі, апантаныя беларушчынай. Сярод іх шматгадовы сакратар таварыства Валянціна Ласкевіч, нядаўні намеснік старшыні ды шматгадовы прыхільнік суполкі Васіль Сегень, легенда беларускай адукацыі на Беласточчыне Тамара Русачык... Згадаем і носьбітаў аматарскай творчасці: маці і дачку Любу Гаўрылюк і Алу Дубец-Каменскую (якая ў “Каласках” з 9 гадоў), Юрку Астапчука, Гражыну Вакавыцкую-Тамашук…

Менавіта іх цёпла віталі ў Беластоку, ушаноўвалі дзяржаўнымі ўзнагародамі Прэзідэнта Польшчы і Прэзідэнта Беларусі, міністэрстваў і ведамстваў нашых краін. А само БГКТ ушанавана вышэйшай узнагародай Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы: медалём «Заслужаны культуры GLORIA ARTIS”. Таварыства адзначана і ганаровай граматай Беларускага фонду культуры: за захаванне беларускасці ды ўмацаванне братэрскіх сувязяў з нашай агульнай Маці-Радзімай Беларуссю.

Пакуль жывыя нашы песні


На наступны дзень урачыстасцяў у зале Беластоцкай філармоніі прайшоў ужо 23-і агляд-конкурс Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня — 2016”, у якім было звыш 70 выканаўцаў і 500 удзельнікаў. Творчыя вынікі конкурсу, шырокі ўдзел у ім моладзевых калектываў сведчаць: беларуская песня годна жыве ў Польшчы. Як прыўкраса  беларускага руху на Беласточчыне.

Тадэуш Стружэцкі, намеснік старшыні БФК, член журы конкурсу

Голас Радзімы № 12 (3468), чацвер, 7 кракавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter