Родным словам — ганарымся!

Беларускія суполкі Латвіі ўшаноўваюць памяць пра пісьменнікаў-землякоўЯшчэ летам Саюз беларусаў Латвіі сумесна з беларускімі таварыствамі, што ўваходзяць у яго склад, пад час Дзён беларускай культуры правёў фэст беларускай песні. Ён прысвячаўся 130-м угодкам песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Імпрэзы ладзіліся ў розных гарадах Латвіі: Рызе, Зілупэ, Лудзе, Рэзэкнэ, Вілянах, Екабпілсе, Прэйлях, Даўгаўпілсе, Краславе, Дагдзе, Ліепаі, Вентспілсе, Елгаве. Пра падзеі падрабязна расказвалася ў адным з нумароў газеты беларусаў Латвіі “Прамень”.
Ушанаванне памяці пісьменнікаў-юбіляраў Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка суайчыннікі з Латвіі ладзяць шырока і прыгожаБеларускія суполкі Латвіі ўшаноўваюць памяць пра пісьменнікаў-землякоў
Яшчэ летам Саюз беларусаў Латвіі сумесна з беларускімі таварыствамі, што ўваходзяць у яго склад, пад час Дзён беларускай культуры правёў фэст беларускай песні. Ён прысвячаўся 130-м угодкам песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Імпрэзы ладзіліся ў розных гарадах Латвіі: Рызе, Зілупэ, Лудзе, Рэзэкнэ, Вілянах, Екабпілсе, Прэйлях, Даўгаўпілсе, Краславе, Дагдзе, Ліепаі, Вентспілсе, Елгаве. Пра падзеі падрабязна расказвалася ў адным з нумароў газеты беларусаў Латвіі “Прамень”.
А нядаўна ў Рызе ладзілася музычна-паэтычны вечарына, прысвечаная 100-м угодкам Максіма Танка. Яе рыхтавалі разам Саюз беларусаў Латвіі з Рыжскім беларускім таварыствам “Прамень” і Рыжскай асноўнай беларускай школай імя Янкі Купалы. У памяшканні школы, па вуліцы Ілукстэс,10, і збіраліся прыхільнікі творчасці класіка. На вечарыне згадвалі жыццёвыя шляхі-дарогі паэта, што пачыналіся ад возера Нарач. Там ён спасцігаў мудрасць продкаў, мужнеў у сялянскай працы, “калі ішоў за плугам і кожную грудку зямлі, кожны камень на ёй адчуваў сваімі босымі нагамі”. Вучыўся ў Вілейцы, Радашкавічах, блізкай для паэта стала Вільня, дзе скрыжаваліся шляхі розных культур. Знаёмствы з такімі талентамі, як Адам Станкевіч, Рыгор Шырма, Ежы Путрамант, Генрых Дэмбіньскі, Ёнас Каросас, узбагацілі душу паэта. У Вільні ён вучыўся, там выйшлі першыя яго паэтычныя зборнікі, там сустрэў і сваё каханне. Яўген Скурко, які ўзяў псеўданім Максім Танк, выдаў дзясяткі кніг, шмат зрабіў для людзей і займаючыся грамадскай працай, на адказных пасадах. Ён доўгі час быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”, больш за чвэрць стагоддзя ўзначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пісаў не толькі свае вершы, але і перакладаў творы Ш. Петэфі, Дж.-Г. Байрана, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, Н. Хікмета, Э. Межэлайціса, Я. Судрабкална і іншых паэтаў, пашыраў ідэі згоды і дружбы. “Максім Танк пакінуў усім беларусам унікальную духоўную спадчыну, самабытнае слова, асветленае любоўю да людзей, дабрынёй, мудрасцю і вернасцю вечным духоўным каштоўнасцям” — гаварылі пра земляка ўдзячныя суайчыннікі.
Старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова пачала з радкоў Максіма Танка, які “не верыў нi ў якiх багоў,/ Толькi ў праўду i ў дружбу сяброў,/ На далонях мазолi насiў,/ Шчырым сэрцам Радзiму любiў”. Кіраўніца таварыства “Прамень” Алена Лазарава падкрэсліла: імпрэза сабрала людзей, якія любяць роднае слова, ганарацца ім, жадаюць дакрануцца да творчасці класіка. Яна чытала знаёмыя, бадай, усім беларусам яшчэ са школы Танкавы радкі пра “простае шчасце людское”. Дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ распавяла аб водгуках сучаснікаў на творчасць Максіма Танка, чытала прысвечаныя яму радкі Рыгора Барадуліна.
У зале быў стэнд з партрэтам і кнігамі паэта, выстава малюнкаў вучняў школы па матывах вершаў Максіма Танка. Усіх віталі дэпутаты Рыжскай думы, першы сакратар Пасольства Беларусі ў Латвіі Аляксандр Часнаўскі, прадстаўнікі нацменшасцяў Латвіі. Гучалі вершы паэта — іх чыталі як дарослыя, так і школьнікі. Парадаваў гасцей гурт беларускай народнай песні “Надзея” і яго салістка Сіма Смірнова, хлопчыкі з дзіцячага ансамбля “Вавёрачка”. Заслужылі апладысменты беларусы з Екабпілса і гурт “Завіруха”. Салістка Саюза беларусаў Латвіі Людміла Сінкевіч спявала разам з трохгадовым сынам песні “Калыханка для сына” і “Беларусь”. У заключэнне па традыцыі Саюза беларусаў Латвіі ўсе разам выканалі песню “Родны край”. На развітанне Алена Лазарава гаварыла: “Паэтам заўсёды ўласціва адкрытасць і дзёрзкасць пачуццяў. Таму літаратура, паэзія прымушаюць нас зазірнуць у наш уласны свет, спыніцца і задумацца. Чытайце вершы, слухайце вершы, пішыце вершы — і адкрывайце сябе свету, як рабіў гэта наш сучаснік Максім Танк”.

Алена Міцкевіч, г. Рыга
На здымку:
Ушанаванне памяці пісьменнікаў-юбіляраў Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка суайчыннікі з Латвіі ладзяць шырока і прыгожа
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter