Родны подых Балтыкі

Саюз беларусаў Латвіі шырока адзначае 10-гадовы юбілей
Саюз беларусаў Латвіі шырока адзначае 10-гадовы юбілей
Найбольш знакавай, розгаласнай падзеяй сталі Дні беларускай культуры ў Латвіі, дастасаваныя да ўгодкаў суполкі. Яны доўжыліся амаль тыдзень: з 23 па 29 мая. У праграме Дзён, дасланай у рэдакцыю нашымі сябрамі, значыцца восем буйных імпрэз. Вялікія святочныя канцэрты з удзелам народнага фальклорнага гурта “Вербіца” з Беларусі прайшлі ў Рызе ды іншых гарадах, дзе беларусы маюць моцныя суполкі: гэта Ліепая, Елгава, Лудза, Краслава і Даўгаўпілс. У 3-й сярэдняй школе горада Рэзэкнэ праводзіўся ўрок беларускай мовы “Жывое ў вяках беларускае слова”, а ў Рызе, у Залатой зале Дома Рыжскага латышскага таварыства, ладзілася канферэнцыя “Удзел беларускіх суполак у пабудове грамадзянскай супольнасці ў Латвіі”.
Што ж, зладзіць такі святочны феерверк мерапрыемстваў – гэта пад сілу толькі сапраўды моцнаму Саюзу з крэатыўным актывам. Выклікае павагу, што Саюз беларусаў Латвіі рабіў гэта разам з суполкамі “Мара” (Ліепая), “Сузор’е” (Рэзэкнэ), “Злата” (Елгава), “Крыніца” (Лудза), “Пралеска” (Зілупе), а таксама “Прамень” (Рыга), “Радуга” (Прэйлі), “Спатканне” (Екабпілс), “Вясёлка” (Краслава) і “Вярба” (Дагда).
З юбілеем, дарагія суайчыннікі! Супрацоўнікі рэдакцыі зычаць вам не стамляцца, а мацнець ды прыгажэць, працуючы на ўдзячай ніве беларушчыны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter