Родны куток

Выхадцы з Пастаўшчыны з душой дапамагаюць малой радзіме
Паэтэса Аліна Легастаева штогод бывае ў роднай вёсцы Верацеі Пастаўскага раёна Віцебшчыны. Некалі даволі вялікае было паселішча, а цяпер толькі дзве хаты, ды і то ўлетку, “жывыя”, іншыя пустуюць, век дажываюць... Аліна Антонаўна напісала нядаўна верш “Мая вёсачка”, у якім і туга, і роздум, і радасць ад кожнай сустрэчы з ёй. Пісьменніца вучылася ў Віцебскім педінстытуце, настаўнічала ў Ашмянскім раёне, пасля з мужам пераехала ў Вільнюс. Гадоў пяць таму вярнулася ў Беларусь і з таго часу пачала пісаць вершы па-беларуску. Прызнаецца, вельмі падабаецца ёй з творчымі вечарамі бываць у сельскіх школах, дамах культуры. Часта наведвае і Пастаўшчыну.


Паставы — незвычайны  па сваёй прыгажосці куток Беларусі

“Што можам зрабіць мы для роднай зямлі?” — задаецца пытаннем ініцыятар стварэння “Пастаўскага зямляцтва”, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Сярод пастаўчан шмат цікавых людзей, якія жывуць не толькі ў розных куточках Беларусі, але і ў іншых краінах. Калі нам усім сабрацца ды скарыстаць той патэнцыял, якім валодаем, то шмат можам зрабіць для рэгіёна”. “Пастаўскае зямляцтва” існуе з 2014 года, стваралася па прыкладзе польскіх ды рускіх, што пашыраныя ў суседніх краінах. Сёлетняя сустрэча, чацвёртая па ліку, праходзіла ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. І гаспадаром яе стаў дырэктар установы Ігар Капылоў — выхадзец з Пастаўшчыны: з вёскі Пятрагі. 

Сустракаў Ігар Лявонавіч гасцей-землякоў, сярод якіх былі вядомыя пісьменнікі, краязнаўцы, урачы, грамадскія дзеячы, у канферэнц-зале Інстытута мовазнаўства. Была міні-прэзентацыя аб тым, чым гэтая ўстанова займаецца. Пасля заўважыў: “Нягледзячы на 90-гадовы ўзрост інстытута, калектыў яго малады: з 56 супрацоўнікаў кожны трэці — да 35 гадоў. І ўсе, поўныя сіл, ініцыятывы, гатовы выязджаць у раёны, ладзіць сумесныя праекты з сельскімі школамі, клубамі, бібліятэкамі”. Цяпер у інстытуце рыхтуецца даведнік для вучняў Пастаўшчыны пра паходжанне прозвішчаў жыхароў, назваў вёсак, гарадоў, іншых населеных пунктаў. “Распрацоўваем таксама інтэрактыўны праект: банк лігвістычных звестак у жывой форме для настаўнікаў, — казаў Ігар Капылоў. — У ім у даступнай форме растлумачым дзецям значэнні мясцовых слоў і выразаў, прозвішчаў, назваў”.  



Асабісты скарб вучонага — кніга-фотаальбом “Пятрагі. Тарасаўка. Старонкі вясковага жыцця... Кніга памяці...” Над своеасаблівым летапісам дзвюх вёсак Юнькаўскага сельсавета Пастаўшчыны працаваў ён разам з зямлячкай Соф’яй Жук некалькі гадоў. Збіралі звесткі пра сем’і вяскоўцаў, гісторыю паселішчаў. Складанасць была ў тым, што сёння адной з вёсак увогуле няма на карце Беларусі, другая дажывае свой век. Амаль ніякай інфармацыі няма пра іх у нэце. Шмат часу давялося правесці ў архівах, а таксама ў пошуках раскіданых па свеце землякоў, якія жывуць і ў ЗША, і ў Расіі, і ў Латвіі... 

Пагартала старонкі кнігі. Праца сапраўды фундаментальная. Энтузіястам удалося разгледзець гісторыі родаў за стагадовы перыяд, сабраць шмат фотаздымкаў ды ўспамінаў былых жыхароў. І цяпер калі хто з нашчадкаў вяскоўцаў зацікавіцца сваім радаводам, то кніга “Пятрагі. Тарасаўка...” — найлепшы даведнік.


Артысты “Вясёлкі” — пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх святаў у Новасібірску

Пастаўскі раён, безумоўна, багаты на сваю гісторыю, традыцыі. Вядомы краязнаўца Ігар Пракаповіч, які таксама быў на мінскай сустрэчы, піша ў прадмове да кнігі “Чароўны край — Пастаўшчына”: “Пастаўскі край — тыповая беларуская глыбінка, правінцыя, у якой няма вялікіх гарадоў і буйных прадпрыемстваў, якая не стала месцам перасячэння гістарычных гандлёвых шляхоў альбо цэнтрам глабальных гістарычных падзей. Але подых гісторыі адчуваецца тут амаль у кожнай вёсцы або ў былым мястэчку: шыкоўны палац Тызенгаўзаў, высокія вежы касцёлаў і цэркваў, дагледжаныя магілы ваяроў і паўстанцаў, знакаміты Камайскі каменны крыж, старасвецкія шляхецкія сядзібы, маналітныя бетонныя ўмацаванні часоў Першай сусветнай вайны...”

Шчодра надзяліла прырода Пастаўшчыну прыгажосцю: рэкі ды азёры, лясы, шматлікія маляўнічыя вёсачкі... Адсюль і першы буйны праект “Пастаўскага зямляцтва”: развіццё турыстычнай прывабнасці краю. Нядаўна ў Паставах актывісты зямляцтва сустракаліся з кіраўнікамі райвыканкама, абмяркоўвалі ў тым ліку і турсферу. Дарэчы, прытоку турыстаў спрыяе традыцыйны Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Сёлета ён прайшоў 19-ы раз, сабраў музыкаў, танцораў, спевакоў, умельцаў-рамеснікаў і гасцей горада з усёй краіны. Адным з заснавальнікаў свята быў у свой час Тадэвуш Стружэцкі. Фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” — вельмі важнае для раёна мерапрыемства, іміджавае, — лічыць ён. — Мне падаецца, кожны, хто калісь з’ехаў са сваёй вёскі ці горада, павінен пасля нейкім чынам аддзячыць той мясціне. Скарыстаўшы свае магчымасці і патэнцыял”.

Карына Немагай


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter