Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У фестывалі “ПРЭСА 2018” у Самары традыцыйна паўдзельнічалі беларусы горада

Родны бераг у медыяморы

Творчы форум журналістаў Самарскай вобласці штогод праходзіць у Самары ў канцы мая, і маладыя актывісты Самарскай абласной арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” традыцыйна ў ім удзельнічаюць. Сёлетняя імпрэза праходзіла на тэрыторыі Струкаўскага саду, прысвячалася 100-годдзю абласнога Саюза журналістаў. Як адзначыла прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская, фестываль быў рэкордны па колькасці ўдзельнікаў: 25 пляцовак! І беларуская суполка выкарыстоўвае такую магчымасць, каб шырэй знаёміць жыхароў і гасцей рэгіёна з дзейнасцю абласной нацыянальнай арганізацыі, з самабытнай культурай беларусаў. Прэзентуюцца штоквартальны грамадска-папулярны і літаратурна-мастацкі часопіс “Адзінства/Единство”, выданні сяброў-партнёраў суполкі.
У фэсце паўдзельнічаў вакальны ансамбль “Сузор’е”

Стэнд і выставачная экспазіцыя абласной суполкі беларусаў былі аформлены ў нацыянальным стылі: гэткі беларускі куток, дзе госці знаёміліся з выданнямі творчых партнёраў самарскіх беларусаў — беларускім штотыднёвікам “Голас Радзімы”, часопісам “Союзное государство”, газетай Парламенцкага сходу Саюза Беларусі ды Расіі “Союзное вече”. “У новым нумары часопіса “Адзінства/Единство” ёсць публікацыі як пра нашу гістарычную Радзіму, так і самарскі рэгіён. Госці задавалі пытанні пра перспектывы супрацоўніцтва паміж Самарскай вобласцю і Беларуссю, знаёміліся з матэрыяламі па гэтай тэме ў новым нумары часопіса”, — распавядае Юлія Цяплянская, кіраўніца моладзевага аддзялення САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000”.

Святочную атмасферу ў фестывальнай Беларускай хаце ствараў вакальны ансамбль “Сузор’е”, мастацкай кіраўніцай у якім Алена Кірылашава. Творчы гурт спяваў пра Самару, вялікую раку Волгу і, вядома ж, пра родную Беларусь. Госці пляцоўкі паўдзельнічалі ў пазнавальных віктарынах і конкурсах па гісторыі, культуры й друкаваных СМІ Беларусі, якія падрыхтавалі актывісты суполкі.

Для беларусаў вобласці Фестываль “ПРЭСА 2018” — свайго роду падвядзенне вынікаў веснавога, вельмі насычанага творчага марафону. Актыў суполкі, яе ансамблі, салісты ўдзельнічалі ў першамайскіх і святочных імпрэзах, прысвечаных 73-й гадавіне Вялікай Перамогі. Правялі моладзевы круглы стол, зладзілі прагляд відэафільма пра Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Беларусі. Напярэдадні ж, 26 мая, у Доме культуры чыгуначнікаў імя А. С. Пушкіна праходзіў вялікі шматнацыянальны канцэрт “Нам Волга-матушка на всех одна”. Ад суполкі самарскіх беларусаў выступіў дзіцячы беларускі вакальны дуэт: Юльяна Буташава ды Уладзіслаў Даутаў. Спявалі песню “Ты, Самара моя!”, якая дзякуючы іх педагогу Іне Сухачэўскай гучала з беларускім нацыянальным каларытам.

Ірына Глуская падзякавала ўсім актывістам, творчым гуртам, салістам суполкі, якія спрыяюць захаванню, пашырэнню беларускай культуры, традыцый на самарскай зямлі. Яна ўдзячна за дзелавое і творчае супрацоўніцтва заснавальнікам, рэдакцыям, журналістам газет “Голас Радзiмы”, “Союзное вече”, часопіса “Союзное государство”. Праз публікацыі ў прэсе, лічыць яна, дзейнасць суполкі не знікае ў часе, каштоўны яе досвед становіцца набыткам іншых беларускіх згуртаванняў па свеце, а ўяўны беларускі мацярык расце, прыгажэе, мацнее. “Бо разам — мы сіла, а публікацыі, узаемадзеянне беларускіх суполак з прэсай спрыяе такому яднанню, аўтарытэту беларусаў па ўсім свеце”, — адзначыла Ірына Глуская.

Мікалай Бойка

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter