Творчасць Станіслава Жукоўскага прыцягвае ўвагу сяброў Мастацкага аб’яднання “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. XXI стагоддзе” з Санкт-Пецярбурга

Родны бераг мастака

Творчасць Станіслава Жукоўскага, маленства якога прайшло пад Ваўкавыскам і Пружанамі, прыцягвае ўвагу сяброў Мастацкага аб’яднання “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. XXI стагоддзе” з Санкт-Пецярбурга


Станіслаў Жукоўскі. Рака Нёман. 1895 г.

Спачатку — колькі слоў пра месца нараджэння знакамітага мастака. У нэце знаходзім: “Нарадзіўся 13 траўня 1875 года ў вёсцы Ендрыхаўцы, ля мястэчка Рось” — на той час Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губерня Расійскай імперыі. Дарэчы, у дакументах на хрышчэнне, што адшукаліся ў Роскім рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле, згадваецца “мыза Ендрыхаўцы”: сёння гэта аграгарадок у складзе Роскага сельсавета. І хоць пісаўся Жукоўскі палякам, але заўсёды быў патрыётам роднага краю, Гарадзеншчыны. На ягоных карцінах ёсць Палессе, Нёман, Белавежская пушча... Даследчыкі творчасці майстра сцвярджаюць: усе свае найлюбімыя творы ён напісаў у Беларусі. Увогуле ж гэта — вялікі мастак як Беларусі, так і Польшчы, і Расіі.

Як вядома, сусветная мастацкая прастора шчодра ўзбагачаецца талентамі, што прыйшлі ў жыццё на нашай зямлі: Валенцій Ваньковіч, Марк Шагал, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Леў Бакст, Хаім Суцін, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі… Вось і да творчасці апошняга звярнуліся мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” і Мастацкае аб’яднанне “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. XXI стагоддзе” (Санкт-Пецярбург): разам зладзілі ў Мінску выставу па выніках Міжнароднага пленэра жывапісу, прысвечанага 140-годдзю вялікага майстра пейзажа, інтэр’ера, нацюрморта.  Нагадаем, Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі быў акадэмікам Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў, ён жа заснавальнік і сябра Саюза рускіх мастакоў, да таго ж вучань Ісака Левітана, выпускнік Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.

Пленэр адбыўся ў родных мясцінах Станіслава Жукоўскага на Пружаншчыне. Бацькі мастака мелі там спадчынную сядзібу, у Стараволі (Старой Волі), аднак, чытаем у нэце, “за ўдзел у паўстанні 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены шляхецтва і ўсіх сваіх уладанняў”. З часам Жукоўскія здолелі вярнуцца ў родныя мясціны: у якасці арандатараў. Таму і пісаў мастак, што ў маёнтку Старая Воля “правёў я ўсё сваё дзяцінства”. На пленэр сабраліся 10 творцаў з Віцебска, Брэста, Гродна, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Архангельска, Пяцігорска, Уладзіміра, Таганрога, Алушты. Вынік іх працы — каля 100 палотнаў — і прымала наша мастацкая галерэя.


У мастака Валерыя Вычужаніна свой інтарэс да Беларусі

Выстава мела вялікі грамадскі рэзананс. Быў, як вядома, час, калі пейзажу адводзілася роля дэкарацый пры “апяванні” поспехаў савецкіх людзей у пераўтварэнні прыроды. Цяпер мастакі з натхненнем выяўляюць хараство прыроды, гармонію наваколля. Варта ўзгадаць: менавіта развіццё пленэраў і спрыяла станаўленню пейзажнага жывапісу. Між тым вобразы, створаныя Станіславам Жукоўскім, дапамагаюць творцам з розных краін бліжэй прыгледзецца да прыгажосці Беларусі. Вялікую цікавасць да яе, ладу жыцця і ментальнасці мясцовых творцаў мае, у праватнасці, кіраўнік Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў, кандыдат тэхнічных навук, мастацтвазнаўца Валерый Выбаржанін. Інжынер-выпрабавальнік самалётаў па першай прафесіі, мастацтвазнаўца па другой, ён стаў ініцыятарам шматлікіх мастацкіх праектаў у розных рэгіёнах Беларусі, сярод якіх і згаданы пленэр.

Задумы ў творчых людзей, падзвіжнікаў духу, вялікія. Адна з іх — стварэнне Мемарыяльнага музея імя Станіслава Жукоўскага ў Пружанскім раёне. Пакуль жа іх творы будуць знаходзіцца ў сядзібе “Жураўлінае”: своеасаблівы “пружанскі вулей”, прытулак, у якім з 12 па 25 ліпеня жылі, працавалі мастакі. Падрабязней — на сайце http://www.zhuravlinoe.tk/ Сядзіба — у вёсцы Вялікае Сяло, побач з той самай Старой Воляй. Гаспадыня сядзібы Святлана Машкала і будзе захоўваць у старадаўніх сценах калекцыю будучага музея.

Творы з пленэру, з плыні творчых ідэй Станіслава Жукоўскага будуць дэманстравацца на Гомельшчыне, у Буда-Кашалёўскай карціннай галерэі імя Яўсея Маісеенкі (у жніўні ў мастака, Героя Сацыялістычнай Працы — 100-гадовы юбілей!), што знаходзіцца пад патранатам Валерыя Выбаржаніна.

Павел Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

Голас Радзімы № 31 (3487), чацвер, 18 ЖНІЎНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter