Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Шэраг святочных імпрэзаў прымеркаваны да 135-х угодкаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

Роднае зерне Каласавін

Цэлы год сёлета — пад знакамі Песняроў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілей першага ўжо адзначаўся ўлетку, цяпер і ў Коласа — Каласавіны. Такую жывую, народную, шматзначную і мілагучную назву калісьці прыдумалі ў плыні лепшых традыцый беларускай мовы, святкуючы дні нараджэння класіка, супрацоўнікі Коласаўскага музея. Цяпер Каласавіны — гэта й Міжнародная навуковая канферэнцыя, што сёлета мае салідны парадкавы нумар: ХХХІ.


Пагартайце сёлетні “Голас Радзімы” — і мы ж нямала пісалі пра дзядзьку Якуба, ягоную творчасць, прысвечаныя юбілею класіка выставы (у тым ліку і ў Вільнюсе, Варшаве), літаратурны конкурс для юных, вечарыны ў гонар Песняроў у розных замежных суполках беларусаў. Такая ўвага да купалаўска-коласаўскай тэматыкі — заканамерная. Бо, як слушна пішуць супрацоўнікі Коласаўскага музея ў днямі дасланым прэс-рэлізе, юбілей класіка — гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры. Гэта юбілей народа: бо з лёсаў лепшых сыноў Айчыны й складаецца лёс Бацькаўшчыны. Ну а жыццё Якуба Коласа — гэта вельмі адметная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Творчасць ягоная ўтварае цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, гэта велізарны пласт нацыянальнага жыцця. Кожны жыхар Беларусі, дададзім, так ці інакш нясе ў сабе хоць маленькае зернейка з тае культурна-асветніцкай дзялянкі, якую шчодра засяваў сялянскі сын Канстанцін Міцкевіч ды шматлікія паплечнікі яго, наступнікі, прадаўжальнікі вялікай справы: гадавання Беларускай Нівы. 

Беларусь і беларусы замежжа рыхтуюцца гожа святкаваць юбілей Песняра — якраз у святую-спрадвечную пару Дзядоў, 3 лістапада. Будзем памятаць пра вялікі Коласаў дар, духоўны зарад ягоных твораў ды — чытаць, спяваць, спазнаваць яго.

На 31 кастрычніка ў святочным спісе значыцца дзіцячы ранішнік “Казкі жыцця”: ён праходзіць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Дзеці пакажуць, як яны ведаюць вершы Песняра, пагуляюць у беларускія народныя гульні. Запрошаны вядомыя дзіцячыя пісьменнікі. А 1 лістапада ў музеі — святочная прэс-канферэнцыя, прысвечаная юбілею. На наступны дзень там жа будзе ўрачыстае гашэнне паштовай юбілейнай маркі, а ў 10.30 пачнуцца “Каласавіны-2017” — з удзелам навукоўцаў з розных рэгіёнаў краіны, супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, сталічных і абласных ВНУ, музеяў. Прыедуць навукоўцы з Расіі, Украіны і Літвы. 3 лістапада ў Беларускай дзяржфілармоніі ў 13.00 — святочны канцэрт “Спяшайцеся з паэтам стрэцца…”. Удзельнічаюць вядучыя мастацкія калектывы і выканаўцы Беларусі. Там жа, пры філармоніі, у 15.00 на плошчы Якуба Коласа будуць ускладацца кветкі да помніка Песняру.

Свята прадоўжыцца 4 лістапада на малой радзіме Якуба Коласа, у Стаўбцоўскім раёне — у музейным філіяле “Мікалаўшчына” ды самім горадзе Стоўбцы. Там у 10.00 пачнецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні ды народных рамёстваў “. То — водгулле душы паэта…”. Паўдзельнічаюць у ім прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны: пісьменнікі, артысты, мастакі, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, мастацкія калектывы. Больш інфармацыі пра тое, як адзначаюцца 135-я ўгодкі Якуба Коласа, можна знайсці на сайце музея www.yakubkolas.by Яго супрацоўнікі, як гаворыць кіраўніца музея Зінаіда Камароўская, заўсёды гатовы адгукнуцца на прапановы беларускіх суполак замежжа аб супрацоўніцтве. І паколькі Год Коласа прадаўжаецца — то надзея ёсць, што й вечарыны яшчэ будуць. Пішыце: мы раскажам, дзе па свеце ўзыходзіць роднае зерне Каласавін, дзе красуе роднае нам усім беларускае слова.

Голас Радзімы № 42 (3546), чацвер, 2 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter