Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Цэнтр беларускай культуры з Даўгаўпілса заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве з вядомымі літаратурнымі музеямі Беларусі

Роднае слова збліжае

Творчасці Максіма Багдановіча была прысвечана выстава ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК). Экспазіцыя створана на аснове навуковых распрацовак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з Мінска, які аб’яднаў 9 профільных філіялаў.

На літаратурнай вечарыне выступаюць самадзейныя артысты з Даўгаўпілса

Калі месяц таму адкрывалася экспазіцыя, прайшла літаратурная вечарына. Мы віншавалі шаноўных гасцей, усіх прысутных з Міжнародным днём роднай мовы. Якраз да свята ў Латвіі адкрываліся тры перасоўныя выставы, прысвечаныя беларускім паэтам: Рыгору Барадуліну ў Рызе, Петрусю Броўку ў Екабпілсе і Максіму Багдановічу ў Даўгаўпілсе. Дзякуючы таму многія латвійцы адкрываюць для сябе таленавітых беларускіх паэтаў і знаёмяцца з літаратурнай спадчынай Беларусі.

Першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі падкрэсліў: нацыянальна-культурныя цэнтры ў Даўгаўпілсе паступова становяцца інфацэнтрамі, якія дапамагаюць усталёўваць міжнародныя сувязі. Пра цесныя і плённыя кантакты беларусаў горада з этнічнай радзімай казаў Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў. Нагадаю, у ЦБК заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі культуры Мінска, Браслава, Мёраў, Полацка, Глыбокага, Смаргоні, Зэльвы, Віцебскага раёна, а яшчэ — з Цэнтрам беларускай культуры “Крок” (Вісагінас, Літва) і Аб’яднаннем беларускіх арганізацый “Радзіма” (Талін, Эстонія). І вось гэты салідны спіс партнёраў ЦБК пашырыўся: на вечарыне падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Як адзначыў Дзмітры Яцкевіч, дырэктар музея, у ягоных фондах знаходзяцца больш за 100 тысяч экспанатаў: рукапісы, фотаздымкі, дакументы і прадметы. Музей робіць выставы ў розных гарадах Беларусі, за яе межамі. На вечарыне прэзентавалася дзейнасць музея і яго філіялаў, супрацоўнікі якіх вывучаюць творчасць і захоўваюць літаратурную спадчыну вядомых пісьменнікаў: Францішка Багушэвіча, Петруся Броўкі, Васіля Быкава, Адама Міцкевіча, Кузьмы Чорнага ды іншых. Загадчыца культурна-адукацыйнага сектара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Юлія Мацук распавяла пра творчасць і біяграфію самага маладога класіка беларускай літаратуры. Сёння яго вершы вядомыя й за межамі Беларусі, сталі песнямі, у тым ліку і ў рэпертуары ансамбля “Песняры”: “Зорка Венера”, “Вераніка”, “Слуцкія паясы” ды іншыя. А на вечарыне ў Даўгаўпілсе вершы класіка гучалі на беларускай, латышскай і рускай мовах, прычым іх чыталі жыхары горада, якіх цікавіць беларуская культура.

Салістка вакальна-інструмен­таль­нага ансамбля “Пралескі” Юлія Хмяльніцкая выканала песню-прысвячэнне “Суніцы для Багдановіча” на словы Станіслава Валодзькі (музыка Мікалая Яцкова). Госці з Мінска з цікавасцю даведаліся, што ў Даўгаўпілсе кожны дзясяты жыхар — беларус, дыяспара тут мае багатую гісторыю, захоўвае свае культурныя традыцыі. Унікальныя экзэмпляры выданняў з вершамі Максіма Багдановіча, што пабачылі свет на тэрыторыі Латвіі, перадаў у дар Музею літаратуры гісторык, краязнаўца, сябар суполкі “Уздым” Мікалай Паўловіч. А завяршыў вечарыну песняй пра родную мову гурт “Купалінка”.

Дэлегацыя з Мінска наведала Арт-цэнтр М. Роткі, Мастацка-краязнаўчы музей, сінагогу і Музей гісторыі яўрэяў Латгаліі, прайшлі перамовы з кіраўнікамі гэтых устаноў. Плануецца, што на працягу года ЦБК паводле пагаднення аб супрацоўніцтве будзе прадстаўляць жыхарам Даўгаўпілса выставы ў гонар літаратараў з Беларусі, распрацаваныя на аснове навуковых крыніц. Выстава, прысвечаная Максіму Багдановічу, хутка пераедзе ў Дагду. Паедуць па Латвіі таксама іншыя беларускія выставы.

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter