Родавыя скарбы з архіваў

Мастак Уладзімір Крукоўскі прадаўжае росшукі старажытных прыватных гербаў
Мастак Уладзімір Крукоўскі прадаўжае росшукі старажытных прыватных гербаў

Тыя, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, ведаюць кнігу “Срэбная страла ў чырвоным полі”: яна выйшла ў 2010 годзе. Кнігу цытуюць, выявы з яе прыводзяць на генеалагічных форумах у інтэрнэце, да яе звяртаюцца сотні чытачоў у пошуках родавых каранёў. Аўтар, вядомы мастак-плакатыст, і цяпер вяртае ў культурнае поле Бацькаўшчыны раней у сілу шэрагу абставінаў амаль забытыя ўнікальныя выявы: беларускія прыватныя гербы. “Павага да мінулага — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікасці,” — чытаем словы Аляксандра Пушкіна ў якасці эпіграфа да чарговага выдання “Смеласць. Годнасць. Гонар. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў”. Гэта працяг і развіццё ранейшай тэмы: у кнігу дадаліся больш за 50 гербаў беларускай шляхты, папоўніліся і раней вялікія спісы гербакарыстальнікаў ды старажытных родаў.
Аўтар завітаў у рэдакцыю з новай кнігай, мяркуючы, што яна зацікавіць і суайчыннікаў з замежжа. Як вядома, сярод удзельнікаў паўстанняў на тэрыторыі Беларусі было шмат прадстаўнікоў шляхты, якіх тысячамі ссылалі ў Сібір. А творчыя сувязі ў спадара Уладзіміра з “Голасам Радзімы” даўнія: ён нават лічыць нашае выданне “хросным бацькам Крукоўскага-журналіста”. “На пачатку сакавіка 1972 года менавіта на яго старонках пабачыў свет мой першы артыкул “Штрыхі да партрэта” — пра Браніслава Эпімаха-Шыпілу, выдатнага моваведа, вядомага ў Пецярбургу прафесара, душу выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, — расказаў спадар Уладзімір. — Нагода напісаць пра земляка была надзвычай цікавая: мне выпадкова пашчасціла пазнаёміцца ў Мінску з Анатолем Дашкевічам, блізкім родзічам Браніслава Ігнатавіча. Ён аказаўся ўнукам сястры вучонага, Валерыі Ігнатаўны. У сямейным архіве спадара Анатоля зберагаўся ўнікальны здымак 1929 года — з таго перыяду, калі 70-гадовы Браніслаў Ігнатавіч быў правадзейным членам Акадэміі навук БССР і дырэктарам камісіі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы”.
Як патлумачыў аўтар, папярэдняе выданне “Срэбная страла ў чырвоным полі” цяпер запатрабаванае, і ён вырашыў прадоўжыць росшукі старажытных прыватных гербаў. А дзе шукаў? У архівах былых Віленскай ды Віцебскай губерняў, часткова Мінскай і Гарадзенскай. Дарэчы, нагадаў мастак, само слова герб паходзіць ад нямецкага erbe (спадчына) і ёсць эмблема, спадчынны знак адрознення. Сваёй эмблематычнасцю і сімвалічнасцю гербы падобны да плакатаў — таму ў свой час і зацікавіўся імі мастак. Прыватныя гербы раней былі вельмі пашыраны ў шляхецкім стане-саслоўі. Цяпер жа слова шляхта, ды і вытворныя ад яго, часам маюць іранічнае адценне. Уладзімір Крукоўскі, сам “з гербавай шляхты”, нагадвае: у гісторыі Беларусі са шляхтай, па сутнасці, элітай ранейшага грамадства, звязаны вайсковыя перамогі і дыпламатычныя поспехі, дзяржаўнае будаўніцтва (шляхта выбірала нават караля!) і паўстанні, а таксама навука і культура, мастацтва, рэлігія, літаратура, адукацыя. Ці шмат было шляхты? Каля 10 працэнтаў насельніцтва на час Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай — пра тое яскрава сведчаць гістарычныя крыніцы. Таму зразумела, што і прыватных гер­баў было вялікае мноства.
У кнізе ёсць звесткі, што шляхецкія роды на Беларусі налічвалі тысячы прозвішчаў — а яны і цяпер не зніклі, многія пададзены ў новым выданні. Згубілася толькі гістарычная памяць, лічыць аўтар. Таму і спрабуе дапамагчы тым, хто цікавіцца мінуўшчынай, аб­легчыць пошукі. Чым яшчэ каштоўная кніга: сотні выяваў, што змешчаныя ў кнізе “Смеласць. Годнасць. Гонар. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў” — аўтэнтычныя, а не аўтарскія перамалёўкі ці мастацкія інтэрпрэтацыі. Між тым паўнаколерныя выявы гербаў, пададзеныя ў кнізе, гэта “нязначная частка багатай, разнастайнай геральдычнай спадчыны, што захоўваецца ў архівах, бібліятэках, сховішчах Бела­русі, Польшчы, Расіі, чакаючы даследчыкаў”.
Даведка ГР. Кнігу мастака Уладзіміра Крукоўскага “Смеласць. Годнасць. Гонар. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў” можна набыць, зайшоўшы ў інтэрнэт-краму на сайце http://imbryk.by/, у мінскім "Кніжным салоне" па адрасе: вул. Калініна, 5 ды ў кнігарнях "Акадэмкніга". Можна звязацца і непасрэдна з аўтарам па тэлефоне: +37529-303-46-52.
Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter