Родам з Вішнева

Вёсак з назвай Вішнева на беларускай зямлі не так ужо і мала. Таму не дзіўна, што ў пошуках слядоў вялікага польскага кампазітара Мечыслава Карловіча можна патрапіць… зусім не туды, куды збіраўся. Такая недарэчнасць гадоў пяць таму здарылася і з нашым сучаснікам — вядомым польскім дырыжорам, таксама выхадцам з Беларусі, Віктарам Дмухоўскім. Але трохі пазней яны з жонкай усё ж здолелі пабываць на смаргонскай зямлі, дзе насамрэч нарадзіўся і правёў маленства Мечыслаў Карловіч.

Са смаргонскай вёскай выдатнага польскага кампазітара Мечыслава Карловіча звязаў не толькі жыццёвы пачатак

Вёсак з назвай Вішнева на беларускай зямлі не так ужо і мала. Таму не дзіўна, што ў пошуках слядоў вялікага польскага кампазітара Мечыслава Карловіча можна патрапіць… зусім не туды, куды збіраўся. Такая недарэчнасць гадоў пяць таму здарылася і з нашым сучаснікам — вядомым польскім дырыжорам, таксама выхадцам з Беларусі, Віктарам Дмухоўскім. Але трохі пазней яны з жонкай усё ж здолелі пабываць на смаргонскай зямлі, дзе насамрэч нарадзіўся і правёў маленства Мечыслаў Карловіч.

ДЛЯ ЧАЛАВЕКА куды менш дасведчанага адшукаць месца нараджэння кампазітара, пачынальніка польскай сімфанічнай музыкі, увогуле справа няпростая. Бо многія крыніцы ігнаруюць сучасную палітычную карту свету і радзімай Карловіча называюць ці то Літву, ці то Расію. Зрэшты такая блытаніна цалкам натуральная. У той час, калі нарадзіўся Мечыслаў — а было гэта 11 снежня 1876 года, — яшчэ жыла памяць пра Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, але ягоныя землі пасля падзелу Рэчы Паспалітай належалі Расійскай імперыі і часцяком называліся ў той час Літва.

На Смаргоншчыну Карловіча-старэйшага прывяло… каханне

У адрозненне ад іншага свайго знакамітага земляка Міхаіла Клеафаса Агінскага, пра Мечыслава Карловіча ў сённяшняй Смаргоні памятаюць відавочна нямногія. Па меншай меры, з некалькі апытаных мной на вуліцы чалавек сказаць, хто ж такі Карловіч, не здолеў ніхто. Затое ў Вішнева захавалася два месцы, звязаныя з імем вялікага польскага кампазітара. Гэта возера Вішнеўскае, на беразе якога стаяла калісь сядзіба Карловічаў, — з ім, дарэчы, па адной з версій, звязваюць паходжанне назвы самой вёскі. А таксама касцёл Святога Тадэвуша, пабудаваны ў 1811 годзе, дзе хрысцілі малога Мечыслава. Сам жа маёнтак Карловічаў, на жаль, не захаваўся. Мясцовыя людзі расказваюць, што ад панскага дома да нашых часоў дайшоў толькі адзіны падмурак. На тым месцы цяпер стаіць агратурыстычная сядзіба з вельмі трапнай назвай — “Спадчына”.

Упершыню Вішнева ўпамінаецца ў летапісах XVI стагоддзя. На працягу свайго існавання яно належала розным гаспадарам. Пакуль не перайшло да вядомага беларускага роду Сулістроўскіх. У адну з яго прадстаўніц і закахаўся знакаміты ў будучым лінгвіст і фалькларыст шляхецкага паходжання Ян Карловіч. Вяселле гулялі ў Вільні, а пасля маладыя Ірына і Ян пераехалі ў Вішнеўскі маёнтак, які жонка атрымала ў пасаг. Тут Карловіч-старэйшы і заняўся фалькларыстыкай.

— Гісторыяй свайго краю ў нас зацікавіліся ўпершыню яшчэ пры Кацярыне Другой. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай распачалася своеасаблівая барацьба за Беларусь паміж польскай шляхтай і рускім дваранствам. Але, вядома, тую ці іншую пазіцыю трэба было абгрунтаваць. Дзеля гэтага і распачалося вывучэнне гісторыі Беларусі, — расказвае мне галоўны захавальнік фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Павел Картавік. — Прыкладна з 20-х гадоў XIX стагоддзя пачалі выдаваць кнігі па гісторыі Беларусі. Так што захапленне Яна Карловіча этнаграфіяй для таго часу не было чымсьці дзіўным.

Пяру Яна Карловіча, дарэчы, належыць нямала навуковых прац. І некаторыя з іх маюць вялікую каштоўнасць для беларускага народа: гэта і “Дапаможнік для збіральніка народных песень”, і кніга “Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве”, якая ўтрымлівае шмат старадаўніх беларускіх паданняў, казак, а таксама лінгвістычная праца “Аб мове літоўскай”.

Карловіч-старэйшы сябраваў са знакамітым паэтам Францішкам Багушэвічам, аўтарам двух паэтычных зборнікаў з дзіўнай для таго часу назвай: “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Дзіўнай таму, што ўжыванне слова “беларускі” для тагачаснага шляхціца зусім не было звычнай справай. Ян Карловіч таксама дапамог іншаму фалькларысту Міхаілу Федароўскаму выдаць кнігу пад назвай “Люд беларускі”. Але найбольш значнай яго справай на этнаграфічнай ніве, на думку Паўла Картавіка, быў гісторыка-краязнаўчы часопіс “Вісла”, дзе друкаваліся ў тым ліку матэрыялы па гісторыі беларускай культуры і нашага народа.

Бацька і сын

Будучы кампазітар нарадзіўся ў Вішнева ў снежні 1876 года. Гэта было апошняе, чацвёртае, і вельмі любімае дзіця. Познія дзеці, кажуць, таленавітыя. У дачыненні да Мечыслава гэта насамрэч было так. Свае першыя ўрокі музыкі будучы кампазітар атрымаў ад бацькі, які, дарэчы, меў вельмі добрую, у тым ліку музычную, адукацыю. Гісторыю і філалогію Ян Карловіч спасцігаў у Маскоўскім універсітэце, потым вучыўся ў Парыжы, Гейдэльбургу, Берліне, тэорыі і гісторыі музыкі — у Брусельскай кансерваторыі.

— Ён быў вельмі таленавіты віяланчэліст, піяніст. Я ўпэўнены — сёння зрабіў бы бліскучую кар’еру музыкі, — лічыць Віктар Дмухоўскі.

Сам пан Віктар паходзіць са Свіслацкага раёна, з польска-беларускай сям’і. Быў, між іншым, намеснікам старшыні толькі створанага тады Саюза палякаў на Беларусі. Заканчваў Дзяржаўную кансерваторыю ў Мінску, але ўжо амаль дваццаць гадоў жыве і працуе ў Польшчы. Дарэчы, менавіта там ён і пазнаёміўся з творчасцю Мечыслава Карловіча. А было гэта ў 1991 годзе на міжнародным конкурсе імя Гжэгожа Фітэльберга ў Катовіцэ, першым у якім давялося ўдзельнічаць маладому дырыжору Віктару Дмухоўскаму. І вельмі паспяхова.

— Якраз тады я стажыраваўся ў музычнай акадэміі ў Катовіцэ па сімфанічным дырыжыраванні ў аднаго з самых лепшых польскіх дырыжораў сучаснасці Кароля Стрыі. Той конкурс — маё першае выпрабаванне як дырыжора. Там упершыню я пазнаёміўся з творчасцю Карловіча, і дырыжыраваў ягоным творам “Адвечныя песні”, — расказаў падчас апошняга свайго візіту ў Мінск Віктар Дмухоўскі.

Між іншым, у Беларусь маэстра прыязджае штогод, і нават не адзін раз: прыцягвае малая радзіма! У адно з такіх наведванняў — у 1993 годзе — пан Віктар прыехаў з канцэртам, на якім, мабыць, упершыню на Беларусі прагучала музыка Мечыслава Карловіча. Гучалі тады і “Адвечныя песні”, якія настолькі моцна ўразілі маладога дырыжора на катовіцкім конкурсе, што ён зусім не на жарт зацікавіўся і музыкай, і асобай Карловіча-малодшага.

— У ягонай творчасці няма перавагі формы над зместам, што звычайна бывае ўласціва маладым кампазітарам ці нашым сучаснікам, — лічыць мой суразмоўца. — Наогул, перавага формы над зместам — гэта, на маю думку, сапраўдная хвароба нашага стагоддзя, нашай цывілізацыі. Сімфанічная ж творчасць Мечыслава Карловіча — лаканічная і выразная па сваёй форме і глыбіні думкі. Бачна рука майстра! Да таго ж, перакананы, што Карловіч быў наватар. Таму пацвярджэнне і “Маладая Польшча”. Але — аб усім па парадку…

У Вішнева будучы кампазітар пражыў зусім мала — толькі да шасці год. Ад’езд сям’і быў звязаны з працай таты, які спачатку накіраваўся працаваць у Нямеччыну, а потым — у Варшаву. Там Мечыслаў атрымаў і першапачатковую музычную адукацыю. Заўважыўшы здольнасці сына, бацькі аддалі яго вучыцца ў прыватную школу прафесара Гурскага. Кансерваторскую адукацыю Мечыслаў набыў у знакамітага на той час скрыпача Станіслава Барцэвіча. Потым быў Берлін і вельмі моцная кампазітарская школа Генрыха Урбана.

У 1901 годзе Мечыслаў Карловіч вярнуўся ў Польшчу і амаль цалкам прысвяціў сябе стварэнню польскай сімфанічнай музыкі: нацыянальных традыцый у гэтай сферы яшчэ не было. Тады ж, на пачатку 1900-х гадоў, ён піша свае самыя значныя творы: скрыпічны канцэрт,  сімфанічную паэму “Адвечныя песні”, “Літоўскую рапсодыю”, якая, між іншым, пры жыцці кампазітара так нідзе і не выконвалася. Дарэчы, менавіта Карловіч стварыў Варшаўскае музычнае таварыства і першы ў Польшчы філарманічны аркестр. Ён вельмі цікавіўся творчасцю кампазітараў, якія ў той час адносілі сябе да групы “Маладая Польшча”, што імкнулася да стварэння нацыянальнай музыкі: Гжэгожа Фітэльберга, Кароля Шыманоўскага… Яны запрасілі Карловіча да ўдзелу ў сваім канцэрце ў Берліне, дзе вясной 1907 года ўпершыню прагучала сімфанічная паэма “Адвечныя песні”, працу над якой кампазітар завяршыў амаль год таму. Тым канцэртам ён пацвердзіў сваё ідэйнае адзінства з “младапольскімі” кампазітарамі.

Паляк або беларус?

Кім быў Мечыслаў Карловіч: літвінам, як часам называлі яго бацьку, палякам ці беларусам? Ставіць такое пытанне, на маю думку, бессэнсоўна дый няправільна. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, у які гістарычны час жыў кампазітар. Мечыслаў Карловіч, безумоўна, шмат зрабіў для станаўлення польскай класічнай музыкі  — і ягонае імя ў сённяшняй Польшчы ў глыбокай пашане. Аднак даследчыкі творчасці Карловіча адзначаюць, што яна цесна звязана з народнымі вытокамі. Прычым ёсць тут месца і польскаму, і літоўскаму, і беларускаму фальклору.

— Наша беларуская зямля дала жыццё цэламу шэрагу вялікіх асоб: навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, літаратараў, музыкаў, якія аб’ядноўваюць адразу некалькі культур, — гаворыць Віктар Дмухоўскі. — Гэта і Міхаіл Клеафас Агінскі, і Адам Міцкевіч, і Станіслаў Манюшка. І, канешне ж, бацька і сын Карловічы. Калі казаць пра канкрэтныя творы Мечыслава Карловіча, беларускія ноткі ёсць і ў “Адвечных песнях”. А ягоная “Літоўская рапсодыя” поўнасцю, падкрэсліваю, заснавана на беларускім меладычным матэрыяле. Так што беларусы з поўным правам могуць лічыць музыку Карловіча беларускай, як і палякі — польскай.

...Летась мінула 100 год з моманту трагічнай смерці Мечыслава Карловіча. Апошнія гады свайго жыцця ён правёў не ў Варшаве, а ў Закапане, куды ў чэрвені 1907 года з’ехаў на сталае месца жыхарства, расчараваны стасункамі ў варшаўскім музычным свеце. Тут, у Закапане, ён скончыў яшчэ адну сімфанічную паэму — “Станіслаў і Ганна Асвецым”. Гэты твор, як лічыцца, паказаў найвышэйшае майстэрства Карловіча-кампазітара. Але ў Закапане Мечыслаў шмат часу аддаваў яшчэ двум сваім улюбёным заняткам: Татрам (горы на поўдні Польшчы) і фатаграфіі. Менавіта Карловіч адкрыў у Татрах многія турыстычныя маршруты і любіў падарожнічаць у гарах разам са сваёй фотакамерай.

…Татры сталі месцам заўчаснай смерці 32-гадовага кампазітара. І яе прычынай. Мечыслаў Карловіч загінуў, накрыты снежнай лавінай. Калі цела кампазітара адкапалі, побач з ім знайшлі і верны яго спадарожнік — фотаапарат…

Сумную дату ў нашай краіне таксама ўспаміналі: творчасці Генрыха Вагнера і Мечыслава Карловіча быў прысвечаны дзевяты музычны фестываль “Заслаўе-2009”, які традыцыйна ладзяць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, Мінскі аблвыканкам і райвыканкам. Але музыку Карловіча землякі ведаюць яшчэ вельмі мала, лічыць Віктар Дмухоўскі. І каб выправіць становішча, мае намер у наступным годзе выдаць кнігу, што прысвечана выдатнаму кампазітару з беларускімі каранямі. Гэта вынік шматгадовай працы некалькіх чалавек — матэрыял для яе пан Віктар збіраў разам са сваёй жонкай пані Гражынай, а таксама сябрам і колішнім настаўнікам па Мінскай кансерваторыі прафесарам Валянцінам Чабаном.

Неўзабаве, можа, дойдзе справа і да мемарыяльнай дошкі на малой радзіме Мечыслава Карловіча. Пра гэтую сям’ю, якая шмат зрабіла для захавання беларускага фальклору, у Вішнева пакуль нагадвае толькі невялічкая экспазіцыя школьнага музею...

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter