Родам з Падарэсся

Нарадзiўся ў бульбоўнiку... У энцыклапедыi сказана, дзе i калi нарадзiўся Ралько. Але, зразумела, нiякiх падрабязнасцей няма... Дзякуй дачцэ Уладзiмiра Антонавiча Вользе, якая расказала мне сёе-тое з дзiцячых i юнацкiх гадоў бацькi. Цяпер яна жыве з iм, даглядае яго, дапамагае ў нялёгкай барацьбе з неадчэпнымi хваробамi...
Нарадзiўся ў бульбоўнiку... У энцыклапедыi сказана, дзе i калi нарадзiўся Ралько. Але, зразумела, нiякiх падрабязнасцей няма... Дзякуй дачцэ Уладзiмiра Антонавiча Вользе, якая расказала мне сёе-тое з дзiцячых i юнацкiх гадоў бацькi. Цяпер яна жыве з iм, даглядае яго, дапамагае ў нялёгкай барацьбе з неадчэпнымi хваробамi... Менавiта ад Вольгi Уладзiмiраўны я даведаўся, што, як сведчыць сямейнае паданне, нарадзiўся малы Ралько ў бульбяной баразне. Вольга Уладзiмiраўна ўсмiхнулася: — Яго мацi, а значыць мая бабуля, была цяжарнай на дзевятым месяцы, аднак не спадзявалася, што дзiцятка папросiцца на божы свет раней тэрмiну. Ды i ўборка клубняў – работа неадкладная... Словам, там, у бульбоўнiку, на дзяружцы i нарадзiўся хлопчык. Мама сама прынесла яго дахаты ў той самай дзяружцы, на якой нарадзiла. «Прымай, Антон, яшчэ аднаго салдата», – слабым голасам пажартавала жанчына. У сям’i ён быў, здаецца, чацвёрты, а ўсяго ў вялiкай працавiтай сям’i Ралько было дзесяць хлопчыкаў i адна дзяўчынка... Раслi, як грыбочкi ў зялёным лясочку, што побач з вёскай Падарэссе, дзе i з’явiўся на божы свет Валодзя Ралько. Быў ён хваравiтым, мучыў яго раматус, дык бацькi не раз купалi ў астуджаным мурашыным адвары — iншых лекаў не было... А падлячыўся — быў надзiва рухавым i разумным. Як i iншыя вясковыя хлапчукi, араў, касiў, пасвiў кароў, рыбу лавiў, ягады ды грыбы збiраў... I хутка аднавяскоўцы заўважылi, якi працавiты i дбайны гаспадар расце ў сям’i Ралько. У школе i сам вучыўся на круглыя пяцёркi, i за iншых пiсаў кантрольныя работы. Здаралася, нават зарабляў на такiм, як сёння кажуць, «рэпетытарстве» нейкiя капейкi. Але тады i капейка была дарагой – сям’я ж вялiзная! Жылi дружна: старэйшыя глядзелi меньшанькiх i разам раслi, набiралiся сiл... А Валодзя марыў паступiць у полiтэхнiчны iнстытут. I паступiў! Каб не вайна, пэўна, стаў бы добрым iнжынерам. Але лёс склаўся iнакш... Вольга Уладзiмiраўна цяжка ўздыхнула: нялёгка было не толькi iм... Вёска Падарэссе, дзе жыла сям‘я Ралько, размясцiлася над апетай Янкам Купалам Арэсай, ахапiўшы i левы, i правы бакi з шырокiмi поймамi, парослымi алешнiкам i аерам... Калi, можа, надарыцца ехаць са Слуцка ў Старыя Дарогi, то праз колькi там кiламетраў можна ўбачыць паваротку на Навасёлкi, а далей – рукой падаць – i Падарэссе. Крыху на поўнач, пад Ляўкамi, i бярэ свой пачатак Арэса. Спярша нясмела, нiбы баючыся, яна кiруе на поўдзень, збiраючы багатую данiну з балот i лугоў, а таксама мелiярацыйных каналаў, якiх тут пракладзена безлiч, а пад самай Любанню разлiваецца шырокiм вадасховiшчам... Але не супакойваецца тут, а бяжыць далей: поўнiць каналы пад Чырвонай Слабадой i, забыўшыся пад Гарадзяцiчамi на сваё старое русла, iмчыць да самай Пцiчы, каб злучыцца з хвалямi славутай палескай каралевы — Прыпяцi...Так i жыццё ў Ралько: пачыналася тут, на берагах Арэсы, а самыя лепшыя, працаздольныя гады прайшлi на Прыпяцi. Здаецца, вельмi сiмвалiчна... Тут, на Пiншчыне, сустрэў ён сваё каханне, ажанiўся. Тут у Уладзiмiра i Веры Ралько нарадзiлiся сынок i дачушка. — Раслi i выхоўвалiся мы разам з прыёмнымi дзеткамi, сiротамi вайны, бацькi якiх загiнулi ў партызанах, — працягвала Вольга Уладзiмiраўна. — Цяжка было, канешне, але ўсе выгадавалiся, выйшлi ў людзi... Знайшлi сваё месца ў жыццi i iншыя дзецi Антона Ралько: адзiн стаў палкоўнiкам, другi, як i Уладзiмiр Антонавiч, старшынёй калгаса... Сама Вольга Уладзiмiраўна скончыла хiмфак Белдзяржунiверсiтэта, працавала ў калгасе аграхiмiкам, загадчыкам аддзела кадраў... Цяпер даглядае хворага, нямоглага бацьку. У Уладзiмiра Антонавiча чацвёра ўнукаў — пайшлi ў дзеда i бабу — такiя ж працалюбiвыя i дбайныя... Адзiн з iх, Уладзiмiр Пугач, – знакамiты бард, аўтар вядомых песень... Таленавiтае племя з гнязда Ралько! Маладыя гады Самастойны шлях... Рана ён пачаўся ў Уладзiмiра Антонавiча. Рана... Такi ўжо выпаў лёс таму пакаленню, якое ўваходзiла ў жыццё ў пераднавальнiчны, перадваенны час. Уладзiмiру Ралько так i не ўдалося скончыць полiтэхнiчны iнстытут, куды паступiў пасля сярэдняй школы. Там, на Захадзе, ужо грукатала вайна, калi яго прызвалi ў Чырвоную армiю. Накiравалi ў палкавую школу, затым у аб’яднанае ваеннае авiяцыйнае вучылiшча, якое скончыў у 1942 годзе. Крымскi фронт. Першыя самастойныя баявыя вылеты. Няроўны бой, перавернутае, прастрэленае зенiткамi неба, расквечаная сланечнiкамi зямля, што наблiжалася з хуткасцю маланкi, непрытомнасць, палон, уцёкi з канцлагера... Трывожныя баявыя партызанскiя буднi... Як жа выцягнуўся, разросся з тых часоў той шумлiвы малады лес, што помнiць поўныя небяспекi i гераiзму рэйды народных мсцiўцаў, сярод якiх быў i Уладзiмiр Ралько... Памужнелi, пастарэлi бярозы i сосны, партызанскiя сёстры, — сведкi iх неспакойнага ляснога жыцця. Як толькi дыхне лёгкiм ветрыкам, у iх пасiвелых ад часу вяршалiнах чуецца, здаецца, рэха стрэлаў i выбухаў, стогнаў i плачу, водгук грозных партызанскiх песень! Пасля вайны Уладзiмiр Антонавiч Ралько нейкi час працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркi райвыканкома ў Пiнску, часта ездзiў па раёне. Аднойчы — было гэта ў 1950-м — яму даручылi правесцi аб’яднанне некалькiх дробных сельгасарцеляў у адну буйную гаспадарку. — А якая рознiца: мець чатыры торбы цi адну, калi ўсе яны пустыя? — кiнуў хтосьцi рэплiку на сходзе, якi абмяркоўваў гэтае пытанне. У зале ўстанавiлася насцярожаная цiшыня… — А чаму так? — спакойна сказаў Ралько. — Мы пакуль што дзейнiчаем растапыранай пяцярнёй — вось так, — ён узмахнуў рукою, грабянуўшы паветра пальцамi, а затым моцна сцiснуў iх у кулак. — А трэба вось так! Слухалi ўважлiва, у словах гэтага маладога яшчэ хлопца, у той перакананасцi, з якой ён гаварыў, пранiклiва ўглядаючыся ў твары сяльчан, адчувалiся нейкая стрыманая сiла i моц. — Ну, добра, — зноў пачуўся голас. — Але хто ж згодзiцца стаць старшынёй? Каму з вас, старшынькi, будзем здаваць свае торбы? Кiраўнiкi дробных сельгасарцеляў, простыя вясковыя дзядзькi, аднеквалiся хто як мог. — А што, калi мы вас выберам, таварыш начальнiк? — звяртаючыся да Ралько, нясмела сказаў калгаснiк, якi сядзеў непадалёку ад трыбуны. Змоўклi палешукi, стаiлiся — чакалi, што iм адкажа «таварыш начальнiк». Прапанова калгаснiкаў застала Уладзiмiра Антонавiча знянацку. Ён крыху сумеўся, змагаючыся з хваляваннем, устаў, выйшаў з-за стала: — Што ж, калi акажаце такое давер’е, не буду адмаўляцца. Не маю такога права... Пачулiся воплескi. У той жа дзень Уладзiмiр Антонавiч напiсаў заяву… 3 гэтага i пачаўся доўгi, нялёгкi, слаўны старшынёўскi шлях Уладзiмiра Антонавiча Ралько, шлях, увянчаны ўсенародным прызнаннем, двума Залатымi Зоркамi Героя... «Сакрэты» Ралько Вопыт калгаса «Аснежыцкi» шырока вядомы, ён быў станоўча ацэнены кiраўнiцтвам Беларусi, рэкамендаваны да паўсюднага ўкаранення. — Тут такая метамарфоза, — сказаў Ралько ў адну з нашых сустрэч. — Наш вопыт у iншых гаспадарках разумеюць некалькi аднабакова, бачаць толькi яго знешнюю частку, не дакопваюцца да яго сутнасцi. А ўвесь наш «сакрэт», калi сказаць коратка, заключаецца вось у такой заканамернасцi: больш жывёлы — больш ўгнаенняў — вышэй ураджай — больш кармоў — больш жывёлы... Такое атрымоўваецца кола... Вось вам для доказу няхiтрая арыфметыка: было ў нас на калгасных фермах 3 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы — валавы збор збожжа складаў 3 тысячы тон, стала 4 тысячы галоў — i валавы збор дасягнуў 4 тысяч тон, зараз звыш 5 тысяч галоў — збор перавысiў 6 тысяч тон... Павялiчваеш пагалоўе — растуць i збожжавыя запасы... З фермы ўсё пачынаецца, фермай i канчаецца. Праўда, i нам давялося вытрымаць бой супраць «чыстаплюйства», спроб забаранiць гноевае ўтрыманне... Неабавязкова па кароўнiку хадзiць у туфлiках. У кароўнiку павiнен нарыхтоўвацца гной — i чым больш, тым лепш. Мы з-пад каровы каля 15 тон угнаення атрымлiваем. — Выходзiць так: чым больш кароў — тым больш кармоў. Але ж у многiх гаспадарках рост пагалоўя якраз i стрымлiваецца з-за недахопу кармоў! — Глупства! — рэзка перабiў Ралько. I тут жа ўдакладнiў: — Глупства ўсе гэтыя адгаворкi. Iх прыдумваюць тыя, хто не любiць i не ўмее займацца жывёлагадоўляй. I я вам скажу, чаму так атрымлiваецца. Бо клопату не любяць! Любяць жыць i працаваць як мага лягчэй... Бывае, кiраўнiк ахвотна раз’язджае па ўсёй рэспублiцы i за яе межамi, каб што-небудзь здабыць, прабiць, а на ўласнай ферме рэдкi госць... А ў нас у разлiку на сто гектараў зямлi амаль 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Канешне, вырасцiць бульбачку i здаць яе на нарыхтоўчы пункт лягчэй, чым важдацца з той жа кароўкай. Там сабе пасеяў i чакай, калi вырасце. А займееш кароўку — кожны дзень накармi, напаi, ды не раз, а тры разы, а захварэе — вылечы, на ферме што-небудзь зломiцца цi падгнiе — адрамантуй... Ого, колькi клопату... Паспявай толькi паварочвацца... Не кожнаму гаспадарнiку такое даспадобы! На якi ляд яму лiшнiя клопаты. Тым больш што цэны ў нас яшчэ такiя, што не заўсёды з’яўляюцца добрым стымулам. Тое ж малако каштуе ў магазiне амаль столькi, як i сiтро. Ды i не ляжыць у iншых кiраўнiкоў душа да жывёлагадоўлi. А без гэтага ў нас, на Палессi, ды i ўвогуле ў Беларусi, немагчыма весцi гаспадарку... Адчувалася, што размова закранула адну з самых набалелых струн старшынёўскай душы, бо гаварыў ён рэзка, асаблiва пра гаспадарнiкаў, якiя прывыклi жыць улегцы. Да нас часта прыязджаюць розныя экскурсанты, — працягваў Ралько. — Расказваем, паказваем. Сказаць папраўдзе, iншы раз i расказваць не хочацца, калi бачыш, што слухачы толькi выгляд робяць, што iм цiкава, а ў душы — поўная абыякавасць... Скончыцца экскурсiя — возьмуць у рэстаране добры кiлiшак — вось табе i па ўсiм вопыце... Ёсць i такiя... I нямала яшчэ такiх, таму i вопыт укараняецца марудна... «Ары, мялi i еж...» Я прыпамiнаю пра ходкiя пагалоскi, што давялося чуць пра розныя прывiлеi, якiмi быццам карыстаўся аснежыцкi калгас. Уладзiмiр Антонавiч усмiхаецца: — Крэдытамi мы не карыстаемся гадоў з дзесяць... Нi капейкi не бяром у Дзяржбанку... Што ж да канцэнтратаў, то калi падлiчыць тую прадукцыю, якую калгас прадае дзяржаве, то i тут, выходзiць, у нас нiякiх прывiлей... Жмерыны атрымоўваем — правiльна, але ж мы больш за 7 тысяч тон буракоў прадаём дзяржаве. Гэта ж 3,5 тоны з кожнага гектара ворыва! — Адкуль жа iдуць тыя пагалоскi пра нейкiя прывiлеi для аснежыцкага калгаса? Твар Ралько асвятлiўся хiтрай усмешкай: — А вы ведаеце, што гаварыў даўней цыган пра працу земляроба? — Не, — кажу, — не ведаю... — А гаварыў цыган прыблiзна так: i што ў хлебаробскай працы хiтрага — ары, мялi i еж... Менавiта вось так сёй-той уяўляе i аснежыцкi вопыт… Аднойчы я прыехаў у Аснежыцы са здымачнай групай Беларускага тэлебачання. Было гэта ў жнiўнi, калi ў вёсцы самы гарачы час, якi патрабуе ад селянiна вялiкай руплiвасцi, самаадданасцi... Не застаўшы Уладзiмiра Антонавiча ў калгаснай канторы, мы паехалi ў поле. На ўскрайку палетка, што пачынаўся адразу за Аснежыцамi, наш «уазiк» прытармазiў — усе, хто быў у машыне, мiжволi залюбавалiся спелай збажыной, што ўпрытык падступала да самай дарогi. Вось яно, шчодрае аснежыцкае поле! Вось ён, важкi аснежыцкi колас, якi ўвабраў у сябе i пяшчотнасць сонечнага промня, i ювелiрнае майстэрства хлебароба, i гаспадарчую мудрасць кiраўнiка! — Вось гэта збажына! — здзiўлена ўсклiкнуў Аляксандр Дудзiн, наш рэжысёр. За дзесяткi гадоў работы ў сельгасрэдакцыi яму не раз даводзiлася здымаць шчодрыя палеткi, але такога, як тут, у Аснежыцах, яшчэ не бачыў. — каля 70 цэнтнераў будзе, не iнакш... Яго здагадку пацвердзiў Васiль Майсеевiч Гарошка, якога мы сустрэлi ля аўтамашын, што адвозiлi ад камбайнаў збожжа. У той час Васiль Майсеевiч працаваў галоўным аграномам аснежыцкага калгаса. — За кожным камбайнам замацаваны самазвалы, i збожжасховiшча побач — усё роўна ледзь-ледзь спраўляемся з адвозкай. Такi хлеб! — гаварыў Васiль Майсеевiч, гаспадарлiвым вокам аглядаючы палетак. — Трэба дабавiць аўтамашын, Васiль Майсеевiч. Пакуль затрымак няма, а што будзе вунь там? — камбайнер паказаў у бок лагчыны. — Там пшанiчка яшчэ больш умалотная... — Я i сам бачу, але дзе ж iх узяць, гэтых аўтамашын? — развёў рукамi аграном... — Кожная зараз на вагу золата... — А што гаварыў на зажынках бацька? — хiтравата прыжмурыўся хлапец. «Бацька» — так у Аснежыцах завуць Ралько. — Уладзiмiр Антонавiч слоў на вецер не кiдае: затрымкi з-за транспарту не будзе, — адказаў аграном, накiроўваючыся да капы, што засталася за камбайнам. Выжылi, вытрымалi! Як жа жывуць Аснежыцы сёння? Былы калгас пераўтварылi ў акцыянернае таварыства, i кiруе iм цяпер разумны, талковы спецыялiст Валерый Антонавiч Кулiшэвiч, якi пры Ралько працаваў iнжынерам. У дарозе i пазней, сустракаючыся з людзьмi, цёпла ўзгадвалi Уладзiмiра Антонавiча. Большасць славутых аснежыцкiх гераiнь ужо на пенсii, але ж не сядзяць без працы, рупяцца ў сваiх агародах. Сустракаўся i з Людмiлай Журбiла, i з Любоўю Мозаль, i з Васiлём Гарошка, i з iншымi аснежыцкiмi героямi, пiсаў пра гэта ў «Рэспублiцы». Паўтарацца не буду. Усе яны дзялiлiся сваiмi ўспамiнамi пра сумесную працу з Ралько, шкадавалi, што ён рана пайшоў на пенсiю, а гаспадарка пахiснулася, i толькi ў апошнi час, ужо пры Кулiшэвiчу, зноў стала ўзнiмацца на той высокi ўзровень, якi быў дасягнуты ў так званыя застойныя часы. Мо, i быў ён, той застой дзе-небудзь, але ж не ў Аснежыцах, калектыў якога пад кiраўнiцтвам свайго славутага старшынi паступова ўзнiмаў эканомiку, узровень жыцця палешукоў... Ды хiба ж толькi Аснежыцы? Ужо тады грымелi на ўсю вялiкую краiну iмёны двойчы Героя Сацыялiстычнай Працы Уладзiмiра Бядулi, Фёдара Сянько, Пятра Дзеньшчыкова, Аляксандра Дубко i многiх iншых, з кiм мне пашанцавала сустракацца, гутарыць i пра чый вопыт, лёс пiсаць у газетах, часопiсах, кнiгах. Гэта сапраўдныя наватары сельгасвытворчасцi, i выжылi яны як кiраўнiкi, i паднялi свае гаспадаркi часцей за ўсё не дзякуючы, а насуперак «валявым метадам» тагачаснага кiраўнiцтва. Змагалiся з траваполлем, укаранялi кукурузныя «квадраты», а былi ж яшчэ i торфаперагнойныя гаршчочкi, каксагыз – ды хiба ўсё ўспомнiш! Але ж выжылi! I дабротныя пасёлкi адбудавалi, i фермы механiзiравалi, а галоўнае – стварылi дзеяздольныя творчыя калектывы, якiя трымаюцца да цяперашнiх часоў. * * * Нядаўна зноў пазванiў у Аснежыцы. — Як справы? — спытаў Кулiшэвiча. — Выдатна, — адказаў Валерый Антонавiч. — На ўзроўнi другой Залатой зоркi Ралько. Гэта значыць, 55 цэнтнераў збожжавых сабралi з кожнага гектара ў мiнулым годзе. Менавiта за такi паказчык ён тады i атрымаў высокую ўзнагароду. Сёлета пойдзем далей – на 60 цэнтнераў замахнулiся! — А як ён сам? — Хварэе, — цяжка ўздыхнуў Кулiшэвiч. — Зрок, слых падводзяць... На калясцы перасоўваецца. Але не страчвае ўласцiвага яму аптымiзму! Такi чалавек – шаноўны Уладзiмiр Антонавiч Ралько. Ён з таго пакалення, на долю якога выпалi ўсе цяжкасцi, выпрабаваннi ХХ стагоддзя, мабыць, самага крывавага ў гiсторыi чалавецтва. Пакаленне мужных, смелых, прынцыповых. Мы, дзецi i ўнукi гэтага гераiчнага пакалення, у вялiкiм даўгу перад мiльёнамi тых руплiўцаў, якiя кавалi перамогу, адбудоўвалi разбураную вайной краiну, наладжвалi гаспадарку, забяспечвалi хай i небагатае, але прыстойнае жыццё. Схiлiм галовы перад памяццю тых, хто не дажыў да сённяшняга часу, хто ахвяраваў свае жыццi дзеля нашай лепшай долi. А тым, хто, як Уладзiмiр Антонавiч Ралько, мужна змагаецца з хваробамi, ад усяго сэрца пажадаем моцнага здароўя i доўгiх гадоў жыцця. *** Ралько Уладзiмiр Антонавiч (н. 30. 7. 1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мiнскай вобл.), бел. гаспадарчы i дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы ( 1958 г., 1976 г.). У 1950 – 92-м старшыня калгаса “Аснежыцкi” Пiнскага р-на. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959 – 63-м, дэп., нам. Старшынi Вярх. Савета БССР у 1985 – 90-м. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966 – 70-м i 1974 – 89-м. Пад яго кiраўнiцтвам у калгасе “Аснежыцкi” дасягнуты высокiя паказчыкi ў развiццi земляробства i жывёлагадоўлi, шырока выкарыстоўвалiся iнтэнсiўныя тэхналогii, прагрэс. метады гаспадарання i кiравання. “Беларуская энцыклапедыя”, 2001 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter