У чым унікальнасць універсальнага робата Альтрона

Робат стаў чалавекам

Універсальнага робата Альтрона, створанага адзінаццацікласнікам з Мінска Аляксандрам Дубавіцкім, летась можна было ўбачыць практычна на ўсіх значных конкурсах ідэй і распрацовак, а таксама выставах Tibo-2015 і “Баль робатаў”. Лагічным завяршэннем “выхаду ў людзі” стала перамога ў маладзёжнай намінацыі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў і атрыманне гранта на камерцыялізацыю. У чым унікальнасць Альтрона і калі яго магчымасці зможа ацаніць звычайны карыстальнік, мы даведаліся з першых вуснаў.


Аляксандр Дубавіцкі абяцае: робат Альтрон
і пыл прыбярэ, і тапачкі прынясе
Цяпер Альтрон існуе ў выглядзе серыйнага ўзору. Знешне гэта робат-пыласос, дапоўнены зверху “рукой”-захватам. Таму ён можа не толькі прапыласосіць падлогу, але і сабраць, скажам, цацкі ды скласці іх у кантэйнер. Але гэта толькі бачная частка “айсберга”. Галоўнае — “начынне”: разнастайныя датчыкі, відэакамеры, камп’ютар, якія робяць агрэгат шматфункцыянальным. Напрыклад, ёсць газааналізатар. Пры яго дапамозе ідзе сканаванне памяшканняў на наяўнасць небяспечных газаў, дыму. Калі нешта выяўляецца, робат падае сігнал і сам, аўтаматычна, звязваецца са службай выратавання, паведамляючы пра небяспечную сітуацыю. Ёсць датчыкі тэмпературы і вільготнасці. Але галоўная інавацыя — распрацаваны Аляксандрам Дубавіцкім датчык перамяшчэння і сканавання прасторы на аснове оптавалакна, які дае магчымасць Альтрону арыентавацца, будаваць карты памяшкання і працаваць не хаатычна, а па алгарытме.

— Сабекошт гэтага датчыка ўсяго каля 5 долараў, але ён сабою замяняе цэлы комплекс датчыкаў коштам ад 200 да 400 долараў, якія прымяняюцца сёння ў робатах-пыласосах прэміум-класа. Прычым за нязначную суму мы атрымліваем больш аптымальную сістэму, чым тая, што выкарыстоўваецца цяпер у самых лепшых мадэлях. За кошт гэтага наш універсальны робат вельмі канкурэнтаздольны па цане, — расказвае пра перавагі распрацоўкі Аляксандр.

Паводле яго разлікаў, сабекошт Альтрона складзе прыкладна 150 долараў. Ну і, вядома, не варта забываць пра асноўную функцыю. “Разумны” пыласос аснашчаны магутнай турбінай і кантэйнерам для смецця. Кіраваць ім можна як у аўтаматычным рэжыме (загадзя настроіць графік уборкі), так і ў ручным, з тэлефона і планшэта. Тады робат нагадвае вялікую цацку. І яе пры жаданні можна навучыць паліваць расліны, карміць ката, прыносіць тапачкі. Зараду такога памочніка на ўсе рукі хапае на 2 гадзіны. Потым ён сам паедзе да базы на падзарадку. Цяпер Аляксандр з аднадумцамі працуюць над галасавым модулем, каб пыласос мог яшчэ і выразна разумець мову і падтрымліваць гутарку.

Грант на камерцыялізацыю — амаль 117 мільёнаў рублёў — пераможца атрымае ў хуткім часе. Вядома, гэта толькі частка неабходнай сумы, каб паставіць вытворчасць інтэлектуальных робатаў-пыласосаў на паток. Акрамя таго, патрэбна зарэгістраваць кампанію, знайсці вытворчую пляцоўку. Задач шмат, але Аляксандр Дубавіцкі ўпэўнены, што пры рэжыме найбольшай спрыяльнасці айчынныя робаты-пыласосы могуць з’явіцца на рынку да канца лета.

Здольнасці Альтрона Аляксандр дэманстраваў у офісе, які яму і калегам-аднадумцам прадастаўляе кампанія BelHard — для яе каманда распрацоўвае шэраг праектаў. Cам жа Аляксандр сёння захоплены стварэннем наступнага робата, які назваў Nikabot. Ён вялікі, чалавеку амаль па пояс, з рукамі і цэлым спектрам функцый: можа дапамагаць па гаспадарцы, у бізнесе — нешта рэкламаваць або перакладаць на канферэнцыях, быць няняй, вучыць дзяцей чытаць і пісаць. На 70 працэнтаў ён ужо гатовы, прадэманстраваць яго публіцы разлічваюць праз пару месяцаў.


Дарэчы


Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў праводзіцца Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Беларускага інавацыйнага фонду, Міністэрства адукацыі і НАН Беларусі для актывізацыі інавацыйнай дзейнасці ў краіне. Грашовыя прэміі пераможцам уручаліся і раней. А вось сертыфікаты на атрыманне сродкаў для далейшай камерцыялізацыі, якія атрымалі чатыры работы, — новаўвядзенне. Яго мэта — па­спрыяць укараненню ў эканоміку краіны найбольш перспектыўных высокатэхналагічных распрацовак.

Святлана Антановіч

Унікальны сплаў пад назвай Monicu


Беларускія навукоўцы стварылі новы, які не мае аналагаў у свеце, канструкцыйны матэрыял, з якога метадам ліцця можна вырабляць чыгуначныя рэйкі


Паводле слоў прафесара Беларускага ўніверсітэта транспарту Леаніда Сасноўскага, аднаго з аўтараў вынаходства, новы матэрыял па сваіх тэхнічных характарыстыках займае сярэдняе становішча паміж чыгуном і сталлю. Яго назва ўтворана ад пачатковых літар трох хімічных элементаў: малібдэну, нікелю і купруму (медзі). Менавіта гэтыя металы, якія выкарыстоўваюцца ў пэўнай прапорцыі ў якасці дабавак у працэсе плаўлення чыгуну, надаюць матэрыялу асаблівыя ўласцівасці: трываласць сталі, высокія тэхналагічныя і службовыя ўласцівасці — як высокатрывалага чыгуну (два ў адным).

Як вядома, на працягу ўжо больш як 100 гадоў ва ўсім свеце вырабляюць толькі сталёвыя рэйкі. У працэсе эксплуатацыі яны зношваюцца і псуюцца. Штогод на іх замену расходуюцца вялізныя сродкі. Напрыклад, 1 км сталёвых рэек у аднанітачным вымярэнні каштуе прыкладна 65 тысяч долараў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што калі рэйкі рабіць з Monicu, то іх кошт знізіцца ўдвая. Ліццё — прасцейшая і танная тэхналогія ў параўнанні з пракатам сталёвых аналагаў. Пры пераходзе на ліццё затраты толькі на электраэнергію змяншаюцца напалову.

Былі выраблены чатыры эксперыментальныя рэйкі Monicu. Праведзена іх эксплуатацыя на пуцях арганізаванага руху цягнікоў Гомельскай дыстанцыі на працягу 16 месяцаў (усе сезоны года). Затым рэйкі знялі і абследавалі. Вынікі паказалі, што эксплуатацыйная трываласць у новых рэек прыкладна такая ж, як у сталёвых.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter