Свой 18-ы дзень нараджэння Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага адзначыла абласным фэстам “Гучы, гоман беларускі!”

Іркуцкія таленты

Свой 18-ы дзень нараджэння Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага адзначыла абласным фэстам “Гучы, гоман беларускі!”

talenti1.pngУжо восьмы па ліку фэст беларускай культуры — гэта толькі адна з дзеяў праекта “Народны каляндар беларусаў Прыбайкалля”, што мае грант Губернскага сходу грамадскасці Іркуцкай вобласці. Карацей: стутус салідны! Фэст падтрымалі шэраг дзяржарганізацый, і таму на яго мелі магчымасць патрапіць творчыя калектывы і выканаўцы, прадстаўнікі аддзяленняў таварыства з розных куткоў вялізнай вобласці: з раёнаў Куйтунскага, Заларынскага, Чаромхаўскага, Тайшэцкага, Баяндаеўскага, Балаганскага, з гарадоў Усолле-Сібірскае ды Іркуцка. На фэсце ладзіўся майстар-клас па народных беларускіх танцах, выстава-продаж беларускіх вырабаў, была вольная сцэна: на ёй кожны мог паказаць свае таленты.

Уявіце сабе: узрост удзельнікаў — ад 8 да 83 гадоў! У конкурснай праграме — 26 твораў самых розных жанраў. Салісты, гурты, хоры… Вялікая праца для аўтарытэтнага журы, у якое пашчасціла ўвайсці і мне як метадысту Цэнтра развіцця творчасці дзяцей і юнацтва Іркуцкага раёна, кіраўніцы фальклорнага гурта “Ленушка”. Няпроста было вызначыць лепшых. Ды ўсе пагадзіліся, што Гран-пры аддаць трэба ансамблю “Рушнічкі” з сяла Сулкет Куйтунскага раёна. У гурце выдатныя пявунні, сапраўдныя носьбіткі песеннай беларускай культуры. Іх аўтэнтычныя спевы проста заварожваюць, іх немагчыма паўтарыць — можна толькі атрымліваць асалоду ад гучання галасоў, захаваць у памяці такі цуд. І ўся зала дружна апладзіравала, так што быць артысткам і на наступным фэсце.

Заўважу, ёсць у нас і іншыя годныя прадаўжальнікі традыцый беларускай народнай песні. Гэта гурты новага кірунку, якія імкнуцца дасягнуць этнаграфічнай дакладнасці, сапраўднасці, аўтэнтычнасці: яны комплексна асвойваюць народныя традыцыі. Якраз з такіх “Крывічы” і “Беларусы Прыбайкалля” з Іркуцка, гурт “Квяточак” з сяла Бабагай Заларынскага раёна, гурт беларускай песні “Варэнічкі” з сяла Тургенеўка Баяндаеўскага раёна. Гучалі на фэсце і папулярныя беларускія песні, таньчылі “Бульбу” і “Трасуху”, гарэзліва спявалі прыпеўкі — пэўна, кожны з гледачоў у зале атрымаў задавальненне, адчуў радасць ад судакранання з яркай, самабытнай культурай беларусаў.

talenti.pngДругі гран-пры фестывалю журы прысудзіла Алене Сандрыгайла з Тургенеўкі: дзяўчынцы 13 гадоў, а ў яе чысты і моцны голас, добрая вакальная культура, здольнасць перадаць характар ​​песні.

Дыпломы лаўрэатаў атрымалі не менш таленавітыя выканаўцы з добрай сцэнічнай культурай, высокім выканальніцкім узроўнем, якія імкнуцца данесці да гледачоў часцінку Беларусі. Гэта харэаграфічны гурт “Диво дивное”, спеўныя “Крывічы” і “Беларусы Прыбайкалля” — усе з Іркуцка, Людміла Траццякова з сяла Андрушына Куйтунскага раёна, гурт сям’і Жаўнерык з горада Усолле-Сібірскае, Любоў Барткова з песеннай Тургенеўкі. Усім пераможцам уручаны сертыфікаты на набыццё тканіны — пэўна, будуць і новыя сцэнічныя строі. Увогуле ж арганізатарам ды ўдзельнікам фэсту ўдалося стварыць на ім атмасферу душэўную, шчырую, цёплую. Малайцы, беларусы!

Упершыню апынуўшыся па іншы бок сцэны, а менавіта ў скла­дзе журы, я пабачыла і адчула выступ кожнага ўдзельніка, а яшчэ — велізарнае пачуццё ўдзячнасці ўсім, хто выйшаў на фестывальную сцэну: і дэбютантам, і “ветэранам”. Усе разам беларусы-суродзічы стварылі свята. Хораша казала пра тое ў сваім вітальным слове старшыня Іркуцкага таварыства Алёна Сіпакова: “Мы разам, мы радуемся адзін аднаму, мы сваёй творчасцю можам выказаць сваю прыналежнасць да вялікай беларускай культуры — і гэта цудоўна!”

І вось завяршыўся фэст “Гучы, гоман беларускі!”, а на парозе і гарадскі Карнавал. Беларусы Іркуцка абавязкова ў ім паўдзельнічаюць. Галоўная ж па­дзея ў нас наперадзе: міжнародны фэст “Беларусы свету на Байкале”. То ведайце ўсе, што ён пройдзе сёлета з 5 да 10 жніўня ў самым таямнічым, загадкавым, прыгожым кутку свяшчэннага возера. Цяпер беларусы Прыбайкалля гатовы прымаць вашыя заяўкі ды чакаюць да сябе гасцей. Сустрэнемся!

Таццяна Сіпакова, член журы фестывалю

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter