Столинский район — второй в Брестской области по темпам жатвы

Рэй вядуць браты Трушко

Раней звычайнага пачалося масавае жніво на Століншчыне. Так сталася, што тэрміны ўборкі азімага рапсу і ранніх зерневых супалі, аднак з падвоенай нагрузкай справіліся: убрана ўжо пятая частка з 20 тысяч гектараў хлебнай нівы. На палі штодзённа выходзіць 98 збожжаўборачных камбайнаў, і па тэмпах жніва раён нязначна ўступае толькі іванаўскім хлебаробам.

Дырэктар КСУП «Рухчанскі» Генадзь Харавец віншуе камбайнераў-братоў Васіля і Ігара ТРУШКО з іх шаснаццатым жнівом.

За лічаныя дні столінскія механізатары абмалацілі азі­мы ячмень. Найбольшую ўраджайнасць, па 58 цэнтнераў на круг, даў беларускі сорт «тэрэза» ў КСУП «Рухчанскі». Акрамя гэтай гаспадаркі, вырошчваннем ячменю займаюцца сельгаспрадпрыемствы «Беражное», «Палеская ніва», «Лядзецкі» — тут намалоты таксама нядрэнныя. Убрана і трэцяя частка з 3043 гектараў азімага рапсу, атрымана больш 4000 тон насення.

Тэмпы работ на палях, дарэчы, не стрымлівала нават незвычайная спякота. У асобныя дні слупок тэрмометра падымаўся звыш 36 градусаў, але ўсе ўборачныя агрэгаты абсталяваны кандыцыянерамі. Таму што­дзённа абмалочваецца 400 гектараў азімага рапсу і 1000 гектараў збожжавых. Па тэмпах лідзіруе СВК «Варані», дзе ўбіраюць зерневыя на другой палове пасяўных плошчаў.

Да экватара набліжаецца жніво ў вядомым сельгаспрадпрыемстве «Фядорскі», якім кіруе аксакал старшынёўскага корпуса Рыгор Дзямко. Тут самае вялікае ў раёне хлебнае поле — амаль 2800 гектараў. Намалочана ўжо амаль 4000 тон збажыны. Летась машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся энерганасычаным збожжаўборачным камбайнам.

Сёлета на Століншчыне сярэдняя нагрузка на ўборачны агрэгат не перавышае 200 гектараў, чаго не скажаш пра КСУП «Рухчанскі». На кожны з трох камбайнаў гомельскай вытворчасці тут прыпадае амаль па 250 гектараў хлебнай нівы. Дырэктар Генадзь Харавец адзначае як важнае тое, што экіпажы ўкамплектаваны вопытнымі механізатарамі. Летась камбайнер Васіль Калеснік і памочнік Эдуар Гуцко па намалоце на КЗС-12 увайшлі ў раёне ў тройку прызёраў. Перадавікі прадстаўлялі калектыў на мясцовых «Дажынках». 

За права прадстаўляць сельгаспрадпрыемства на гэтым свяце ўпарта змагаюцца браты Ігар і Васіль Трушко з аграгарадка Рухча. Шаснаццаць гадоў таму яны вывелі на жніво новы КЗС-10 і сёлета працуюць на ім. Іх асабісты рэкорд — 100 тон абмалочанай за дзень збажыны.

— Якую культуру лягчэй убіраць? — звяртаюся да механізатара Васіля Трушко.

— Канешне, жыта. Яно стаіць сцяной. Пасевы густыя, высокія, росту іх паспрыялі цяпло і вясновая вільгаць. Перад жнівом падсушыла: у ліпені на нашы палі не ўпала ні кроплі дажджу. Сям-там жыта палегла, але гэта не стрымлівае тэмпаў работы.

Бацька братоў Васіль Трушко да выхаду на пенсію таксама працаваў механізатарам. Старэйшы сын Васіль Васільевіч кожную раніцу з узыходам сонца дабіраецца веласіпедам за чатыры кіламетры з вёскі Кострава на мех­двор. Малодшы Ігар Васільевіч атрымаў ад гаспадаркі катэдж на цэнтральнай сядзібе — у аграгарадку Рухча. На летнія канікулы прыехалі сыны-студэнты Улад і Аляксандр, разам з бацькам працуюць на жніве. На зернесушыльным комплексе заняты малодшы сын Аляксандр. Ён скончыў першы курс БНТУ. Улад (вучыцца на пятым курсе аграфака Белдзяржсельгасакадэміі) на полі прэс-падборшчыкам убірае салому.

У мінулы выхадны спякота на Палессі змянілася надвор’ем, спрыяльным для работы на палях. З кожным днём, з кожным абмалочаным гектарам гуртуецца палескі атрад камбайнераў-лідараў. З зай­здросным азартам працуюць і вадзіцелі на адвозцы зерня з поля на збожжатакі. Гаспадаркі Століншчыны актыўна вядуць продаж прадукцыі раслінаводства дзяржаве.

— Уборку збожжавых плануем завяршыць у першай дэкадзе жніўня, — упэўнены першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Васіль Літвінкевіч. — Гарантыя таму — высокія тэмпы з самага пачатку масавай кампаніі. Кадрамі механізатараў усе гаспадаркі поўнасцю забяспечаны, тэхніка працуе рытмічна. Ураджайнасць збожжавых, нягледзячы на засуху, якая ўсё ж негатыўна адбілася на наліванні зерня, трымаецца на ўзроўні 40 цэнтнераў з гектара. Плануем сабраць не менш 80 тысяч тон збажыны. Мабілізуем усе намаганні, каб справіцца з уборкай якасна і тэрмінова.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter