Рэцэпты для малога горада

Што  стаiць  за  ўказам  кiраўнiка  дзяржавы  аб  будаўнiцтве  ў  Лоеве   камбiната  па  вытворчасцi  цэглы?

Што  стаiць  за  ўказам  кiраўнiка  дзяржавы  аб  будаўнiцтве  ў  Лоеве   камбiната  па  вытворчасцi  цэглы?

Вялiкiя спадзяваннi з будаўнiцтвам у раёне камбiната па  вытворчасцi цэглы i сценавых  цагляных вырабаў жыхары гарадскога пасёлка Лоева, што на Гомельшчыне, звязвалi не адзiн год. Былi для такiх чаканняў грунтоўныя падставы. 

Па-першае, магутнасцi дзеючага мясцовага прамысловага «патрыярха» – камбiната будаўнiчых матэрыялаў, пабудаванага яшчэ ў далёкiм 1954 годзе, за мiнулыя гады састарэлi фiзiчна i маральна. Каля трох з паловай мiльёнаў штук цэглы маркi М-100 у год, што выраблялiся тут, для будаўнiчага комплексу раёна i вобласцi выглядалi кропляй у моры. Тым больш што патрэбы будаўнiкоў у якасных матэрыялах з разгортваннем будаўнiцтва аб’ектаў у аграгарадках, iнтэнсiўным узвядзеннем жылля, асаблiва на вёсцы, апошнiм часам прыкметна ўзраслi. Намаганнi энергiчнага кiраўнiка райвыканкома Сяргея Мятлiцкага, iншых прадстаўнiкоў раённых улад па абнаўленнi вытворчых фондаў Лоеўскага камбiната будматэрыялаў доўгi час, бы свечкi на ветры, тухлi ў залах пасяджэнняў i сесiй,  пiсьмовымi зваротамi асядалi ў сталах розных службовых асоб. Па прычынах часцей за ўсё трывiяльных – з-за недахопу на гэтыя мэты патрэбных фiнансавых рэсурсаў, а таксама адсутнасцi ў Лоеве  прыроднага газу, без выкарыстання якога эканамiчная эфектыўнасць новай вытворчасцi выглядала крытычнай. 

 Але iдэi не суджана было быць пахаванай. Як прызнаюць сёння кiраўнiкi лоеўскiх улад, не апошнюю скрыпку адыграла ў гэтым i газета “Рэспублiка”. Неабходнасць развiцця на Лоеўшчыне прамысловых вытворчасцей, а таксама стварэння ў раёне, дзе гаспадарылi... аж чатыры “чужыя” лясгасы, уласнай лесагаспадарчай структуры на старонках выдання неаднаразова атрымлiвала шырокi грамадскi рэзананс. У кастрычнiку 2005 года, наведаўшы Лоеў, Прэзiдэнт краiны на плошчы запалiў сiмвалiчны газавы факел, што азначала прыход прыроднага “блакiтнага палiва” яшчэ ў адзiн райцэнтр Гомельшчыны. Падчас знаходжання Аляксандра Лукашэнкi на лоеўскай зямлi старшыня Гомельскага аблвыканкома Аляксандр Якабсон i кiраўнiк раённай улады Сяргей Мятлiцкi засяродзiлi ўвагу кiраўнiка дзяржавы на iснуючых праблемах рэгiёна, у вырашэннi якiх будаўнiцтва новага прадпрыемства па вытворчасцi будматэрыялаў i стварэнне мясцовага лясгаса маглi б сыграць адметную ролю. Аляксандр Лукашэнка даручыў усебакова   абгрунтаваць эканамiчныя i iншыя “складаемыя” прапанаваных праектаў. 

— Зараз мы актыўна занялiся падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыi, заказчыкам яе ў адпаведнасцi з указам выступiў Лоеўскi камбiнат будаўнiчых матэрыялаў, — распавядае першы намеснiк старшынi райвыканкома Лiдзiя Долбiкава. – Падабраны i генеральны праекцiроўшчык – iм на будаўнiцтве важнага для раёна i вобласцi аб’екта з’яўляецца РПУП “Гiпражывмаш”. Паэтапна падрыхтоўка дакументацыi будзе весцiся да вясны наступнага года. Палiчана мэтазгодным узводзiць яго ў непасрэднай блiзкасцi ад дзеючага камбiната будматэрыялаў. Паводле iнфармацыi, якой падзялiлiся з карэспандэнтам “Р” у Лоеўскiм райвыканкоме, днямi праведзены i тэндэр на закупку абсталявання для новай цагельнi. Непасрэдным камплектаваннем вытворчых лiнiй i абсталяваннем займаецца магiлёўскае прадпрыемства “Строммашына”. Немалаважнае пытанне – забеспячэнне прадпрыемства якаснай сыравiнай. Па даных спецыялiстаў геолагаразведкi, яшчэ каля мiльёна кубiчных метраў глiны ўтрымлiваецца ў “дзеючым” месцараджэннi “Крупейскi сад”, каля 2,8 мiльёна яе захоўваецца ва ўрочышчы Мiкалаеўка. Заключэнне геолагаразведчыкаў даволi аптымiстычнае: толькi разведаных месцараджэнняў глiны на тэрыторыi Лоеўшчыны –  каля 13,5 мiльёна кубiчных метраў. Гэтага хопiць, каб забяспечыць работу цагельнага камбiната на блiжэйшыя 60 год. 

Цягнiк, як кажуць, крануўся. I цяпер ужо практычна нiхто не сумняваецца нi ў самiм гарадку на Дняпры, нi ў Гомелi, нi ў сталiцы, што пуск прадпрыемства ў Лоеве стане важным звяном у практычным вырашэннi дзяржаўнай праграмы адраджэння  малых гарадоў i населеных пунктаў. 20 мiльёнаў штук цэглы ў год – прамысловая магутнасць сучаснага прадпрыемства ў Лоеве — дазволiць поўнасцю забяспечыць патрэбы будаўнiчай галiны раёна (дзе штогод  уводзiцца каля чатырох тысяч квадратных метраў жылля). Больш таго, камбiнат зможа падтрымлiваць якаснымi матэрыяламi будаўнiчы комплекс вобласцi, гадавыя патрэбы якога вагаюцца ў межах 60—70 мiльёнаў адзiнак цэглы. Дарэчы, далёка не апошнi той плюс, пра якi зазначала ў размове начальнiк аддзела эканомiкi, рыначных адносiн i прыватызацыi Лоеўскага райвыканкома Тамара Дземiдзенка. 

— Рост вытворчасцi на цагельным камбiнаце i ў створаным Лоеўскiм лясгасе дазволiць працаўладкаваць каля 50 чалавек, — падзялiлася перспектывамi Тамара Пятроўна. – Сёння ж на ўлiку 73 беспрацоўныя жыхары раёна, 42 з iх – у самiм Лоеве... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter