Рэцэпт сонечнага дня

У беларускім Пасольстве ў Малдове прайшоў незвычайны майстар-клас “Гуканне Вясны” для дарослых і дзяцей
У беларускім Пасольстве ў Малдове прайшоў незвычайны майстар-клас “Гуканне Вясны” для дарослых і дзяцей


Пагукалі Вясну беларусы ў Кішынёве — і стала там цёпла ды сонечна


Спачатку — пра тое, чаму гэта ў пярэдадзень Вялікадня згадалі мы пра дахрысціянскі абрад продкаў. Бо нашы суродзічы ўмеюць шанаваць розныя культурныя традыцыі — і толькі “традыцый бескультур’я” не паважаюць. І менавіта дзякуючы “сімбіёзам традыцый” сама беларуская традыцыя становiцца багацейшай, глыбейшай, цікавейшай.Увогуле ж прыгажосць і сілу народа, падаецца мне, можна бачыць па тым, што застаецца ў пакаленнях ад жыццёвага досведу продкаў. І па тым, як прадаўжаюцца, развіваюцца тыя традыцыі. Гэтае слова, дарэчы, паходзіць з лацінскага traditio — “перадаваць”. Па сутнасці, традыцыя — форма быцця народа ў свеце. Таму вывучэнне, захаванне, пашырэнне і развіццё беларускіх традыцый — адна з асноўных мэтаў нашага Беларускага культурнага руху Малдовы.

“Родная Зямля-матухна,/ Прачынайся ўжо песняю!/ З далечы ляцяць жаўрукі!/ Чуюцца гукі спрадвечнага свята!/  Свята... Гуканне Вясны!” Каб ісці ў нагу з часам, традыцыям патрэбна абнаўленне. Маючы досвед Гукання Вясны па-беларуску ў Малдове, праўленне БКРМ вырашыла зладзіць майстар-клас. Паказаць, перадаць досвед і майстэрства юным, па прынцыпе: “Ведаем, як гэта рабіць, навучым і вас”. І 4 красавіка мы пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Малдове правялі майстар-клас “Гуканне Вясны” для малых і дарослых. Гасцямі ў Пасольстве былі прадстаўнікі Беларускай абшчыны ў Малдове, Асацыяцыі “Беларусь” муніцыпія Кішынёва і Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Беларусь—Малдова”. Супольна мы распавялі пра традыцыю абраду на беларускіх землях і яго асаблівасцях. Згадвалі, як раней праводзіўся абрад  у Малдове. Быў і практычны трэнінг: мы перадавалі іншым своеасаблівую “тэхналогію” абраду,  што прыжываецца ў Малдове — праверылі, пацвердзілі і замацавалі “гукальны рэцэпт”.


Удзельнікі майстар-класа

Дзіўна вам чытаць такое? Скажу прасцей: тым беларусам Малдовы, хто прыйшоў на майстар-клас, стала зразумелым, навошта ўвесну патрэбен гэты пранізлівы гук “Гу-у-у-у!”, дзе, калі ды як яго лепш за ўсё ўтвараць. Мы супольна разабраліся, што гэта за песні-вяснянкі і вучыліся іх спяваць. Даведаліся, чым каштоўныя вясной жаўрукі — першыя маленькія, але вельмі пявучыя птушкі. Менавіта яны, паводле беларускай міфалогіі, прыносяць сапраўдныя скарбы ў сваіх маленькіх дзюбках: цяпло і Вясну. Мы прыпомнілі, хто такая Ляля і ўявілі сабе, гэтак жа, як калісьці нашы суродзічы, як яна павінна выглядаць, у што апранутая. Разабралі “па костачках” прадаўнюю Бабу-Марэну: што за дух ці вобраз такі, чым займаецца, з кім сябруе і чым яе прысутнасць так турбуе і трывожыць беларусаў? І галоўнае: што патрэбна зрабіць, каб ад яе пазбавіцца? І вось цяпер мы, здаецца, ведаем, навошта беларусам спрадвеку патрэбен быў бог, якога звалі Лада ці Лад, і чаму яго прысутнасць і сёння вельмі дарэчы.

Шаноўныя супляменнікі, падзялюся назіраннем. Мы гукаем Вясну ў Малдове ў той ці іншай форме ўжо трэці год запар. І штораз пераконваемся ў бездакорнай эфектыўнасці старажытнай беларускай традыцыі. Пішу артыкул праз пэўны час пасля абраду і бачу, што надвор’е канкрэтна перамянілася! Два дні быў наймацнейшы вецер і дажджа, а пагукалі Вясну — непагадзь сціхла, запанавала на небе доўгачаканае сонейка! А што гэта значыць? Правільна: мы Вясны дагукаліся. Жадаем усім гэтую народную магію браць на ўзбраенне ў наступныя гады.

Ганна Мазур, культуролаг, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter