Республиканский диктант и викторина – что подготовило белорусское радио к Международному дню родного языка

21 лютага ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго мэта – садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Сёлета тэма міжнароднага дня: «Шматмоўная адукацыя – аснова навучання і перадачы ведаў паміж пакаленнямі». Згодна з данымі перапісу насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе, беларускую мову назвалі роднай амаль 5,1 млн жыхароў краіны. Па-беларуску гучалі і першыя словы ў айчынным радыёэфіры: «Увага! Гаворыць Мінск!». Амаль праз сто гадоў пасля гэтай падзеі традыцыю вяшчання на роднай мове захоўваюць радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі.

Radio1.By

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 21 лютага ў эфір выйдуць тэматычныя выпускі перадач, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Так, аўтары спецпраекта «Беларусь адзіная» разам з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандрам Румакам паразважаюць пра ўклад іншых народаў у развіццё беларускай мовы, а таксама пра захаванне айчыннай культуры ў замежжы.

На працягу ўсяго эфірнага дня будуць гучаць спецыяльныя выпускі адукацыйнай рубрыкі «Моўныя хвілінкі» – для тых слухачоў, якія жадаюць удасканаліць веданне беларускай мовы або даведацца цікавыя факты пра яе.

Акрамя таго, музычнае напаўненне эфіру ў гэты дзень будзе складацца пераважна з кампазіцый на роднай мове.

Да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы далучыцца і канал «Культура». 21 лютага ў эфіры запланавана прамая трансляцыя рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове. Да ўдзелу ў акцыі, арганізаванай Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Беларускім радыё, запрашаюцца ўсе жадаючыя, хто хоча праверыць свой узровень валодання роднай мовай. Пачатак трансляцыі дыктоўкі – а 13-й гадзіне.

«Я магла б гаварыць па беларуску 24/7», – прызнаецца тэлевядучая, журналіст АТН Белтэлерадыёкампаніі Наталля Бардзілоўская. Менавіта яна стане ў гэты дзень госцем праграмы «Дыялогі пра культуру».

А вечарам у рамках праекта «Канцэртная зала» можна будзе паслухаць радыёверсію акцыі да Міжнароднага дня роднай мовы, якая напярэдадні прайшла ў Мінскай гарадской ратушы з удзелам Міністэрства замежных спраў Беларусі, міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала «Беларусь 24» і канала «Культура» Беларускага радыё. У выкананні замежных дыпламатаў прагучаць вершы беларускіх паэтаў-юбіляраў 2024-га года пад акампанемент музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі.

Да Міжнароднага дня роднай мовы адзіная беларускамоўная рок-станцыя «Сталіца» падрыхтавала спецыяльны выпуск праета «Аднойчы ў гісторыі». У ім пойдзе размова пра адно з самых ветлівых слоў ў любой мове свету – "дзякуй”. Дарэчы, у гэтага слова ёсць сваё свята – Міжнародны дзень “дзякуй”.

У інтэрактыўным праекце «Абед у кабінет» слухачы атрымаюць магчымасць прыняць удзел у тэматычнай віктарыне і выйграць сувенірную прадукцыю з брэндавым лагатыпам. У музычным плей-лісце ў гэты дзень будуць гучаць любімыя кампазіцыі на роднай мове.

У Міжнародны дзень роднай мовы радыёстанцыя «Радыус FM» аформіць сацсеткі і сайт святочнымі графічнымі банерамі. У эфіры будзе больш роднай мовы – слухайце па-беларуску навіны ў 9:00, 12:00, 15:00 і 18:00, а таксама некаторыя аўтарскія перадачы. У гэты дзень у VK і Інстаграм таксама будуць размешчаны запісы на матчынай мове.

Міжнароднае радыё «Беларусь» вяшчае на 9 мовах, яны родныя для жыхароў самых розных краін на розных кантынентах. У эфіры рэгулярна гучаць аудыёўрокі беларускай мовы для замежных слухачоў на англійскай, нямецкай і польскай мовах.

21 лютага радыёстанцыя раскажа пра ключавыя мерапрыемствы ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў выпусках навін на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах, а таксама ў дайджэстах навін на іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай мовах. Гэтыя матэрыялы будуць даступныя і ў выглядзе аўдыяверсій на інтэрнэт-сайце радыё «Беларусь».

Эфірныя акцыі да Міжнароднага дня роднай мовы пройдуць 21 лютага і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі «Радыё Брэст», «Горад FM», «Радыё Віцебск», «Радыё Гомель», «Гомель+», «Радыё Гродна», «Радыё Магілёў» ва ўсіх абласцях краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter