Ходить ли в храмы во время пандемии?

Рэлігійнасць падчас пандэміі

Увесь свет, у тым ліку і наша краіна, перажывае пандэмію каронавіруса. У часы хуткага распаўсюджвання заразных хвароб людзі стараюцца пазбягаць удзелу ў масавых мерапрыемствах. Ці датычыць гэта малітвы ў храмах? Сёння паразважаем пра рэлігійнасць падчас пандэміі.

Рэкамендацыі ад Апостальскага Пасаду (спрошчана — Ватыкана), якія атрымалі каталіцкія епіскапаты ўсіх краін, утрымлівалі два варыянты падыходу да супольных малітваў у храмах. Там, дзе дзяржаўныя ўлады абвяшчалі строгі каранцін, святары праводзілі службы, але без удзелу вернікаў. Там, дзе строгага каранціну не было, як у Беларусі і Швецыі, вернікі маглі ўдзельнічаць у службах. Калі людзі ходзяць на працу, карыстаюцца грамадскім транспартам і гэтак далей, то няма сэнсу ў абмежаванні доступу да храмаў. Інакш атрымлівалася б, што ў касцёле ці царкве магчымасць заражэння большая, чым у іншых месцах. А гэта, вядома, не так.

Біскупы ў Беларусі ў сваіх дыяцэзіях (епархіях) часова вызвалілі вернікаў ад абавязку, які мае кожны католік, — удзельнічаць у святой Імшы (Боскай літургіі) кожную нядзелю і ў вялікія ўрачыстасці. Вернікі, якія вырашылі на некаторы час самаізалявацца, могуць гэта ўчыніць без сумлення граху з-за таго, што фізічна не наведваюць Імшу. Яны могуць удзельнічаць у службах дзякуючы сродкам масавай камунікацыі. У многіх касцёлах арганізаваны анлайн-трансляцыі службаў. Дзякуючы ім вернік можа маліцца разам з іншымі і не губляць сувязь са сваёй парафіяй (прыходам).

У некаторых выпадках застацца дома і не пайсці на Імшу не толькі можна, але і трэба. Напрыклад, калі ў нас ёсць сімптомы рэспіраторных захворванняў ці мы нядаўна кантактавалі з хворымі на каронавірус. Ігнаруючы самаізаляцыю, мы ставім пад пагрозу здароўе іншых. У сітуацыі сумнення варта раіцца са спецыялістамі ў медыцынскай сферы. На жаль, здараецца, што веруючыя людзі, у тым ліку і прадстаўнікі духавенства, праяўляюць у гэтым плане злачынную наіўнасць. Паказчыкам здаровай хрысціянскай супольнасці ў адрозненне ад секты з'яўляецца тое, што яе кіраўнікі не лічаць сябе спецыялістамі ва ўсіх сферах і не падмяняюць сабой такіх спецыялістаў.

Цікава, што розныя абмежаванні падчас эпідэмій уводзіліся і стагоддзі таму, хаця веды пра захворванні і спосабы іх распаўсюджвання былі намнога меншымі. Вось, напрыклад, як інструкцыя для святароў з XVIII стагоддзя апісвае спосаб удзялення Камуніі (Прычасця) церпячым на заразныя хваробы: святар павінен побач з домам хворага пакінуць святую Камунію на зямлі, папярэдне захінуўшы яе ў паперу, і прыціснуць каменем. Захоўваючы адпаведную дыстанцыю, ён павінен паклікаць хворага, каб той падышоў і сам узяў Камунію.

Калі мы вырашылі ў часы пандэміі прыняць удзел у супольнай малітве ў храме, трэба пастарацца апрануць маску, захоўваць так званую сацыяльную дыстанцыю, не цалаваць іконы, рэліквіі і крыжы і гэтак далей. Каб пазбегнуць нудных разважанняў, хочацца тут успомніць цытату святога Ігнацыя Лаёлы: «Маліся так, нібы ўсё залежыць ад Бога, і працуй так, нібы ўсё залежыць ад цябе». У нейкім сэнсе гэту цытату можна пашырыць на клопат пра здароўе сваё і блізкіх.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter