Рэха Якуба Коласа. Чаму варта прыйсці ў музей пісьменніка?

Абвешчаны Год роднай зямлі супаў са святкаваннем 50-годдзя з дня адкрыцця Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея  Якуба Коласа (у доме, дзе жыў пісьменнік, ён быў адкрыты 4 снежня 1959 года). Зараз фонды адзінага ў Мінску літаратурнага мемарыяльнага музея налічваюць звыш 35 тысяч адзінак. На збор такой калекцыі пайшло паўстагоддзя. Аб тым, чым коласаўцы будуць здзіўляць гасцей і пастаянных наведвальнікаў, карэспандэнту “НГ” расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна ЗАЙЦАВА.

— Ганна Іванаўна, колькі гадоў Якуб Колас пражыў у гэтым доме?
— Дакладней сказаць, на гэтай сядзібе народны паэт Беларусі пражыў 11 гадоў, бо сам дом некалькі разоў перабудоўваўся, а канчатковы выгляд (такі, якім мы бачым яго сёння) набыў летам 1952 года. Дом Коласа быў своеасаблівым цэнтрам духоўнага жыцця сталіцы, дзе панавала творчая і сяброўская атмасфера. Тут частымі гасцямі былі вядомыя пісьменнікі, мастакі, артысты, музыканты, вучоныя, а яшчэ блізкая і далёкая радня. Свае і чужыя знаходзілі шчыры прыём і хлебасольны прытулак. У гэтым доме Якубу Коласу, на жаль, не так актыўна працавалася, бо ён часта хварэў, адымала час безліч грамадскай працы, частыя паездкі ў Маскву па дэпутацкіх справах. Аднак не ўсе ведаюць,  што менавіта ў кабінеце свайго апошняга дома паэт паспеў закончыць паэму “Рыбакова хата”, апошнюю частку трылогіі “На ростанях”, напісаў шэраг вершаў, апавяданняў, асабліва шмат тут напісана публіцыстыкі.
— Думаю, у дома Коласа ёсць свая адметная гісторыя...
— Калі заглыбіцца ў гісторыю, то можна пачаць прыгадваць здалёк. Якуб Колас прыехаў у Мінск пасля завяршэння вайны ў 1945 годзе. Даваенная хата пісьменніка, якая знаходзілася на тэрыторыі цяперашняга сталічнага парку імя Горкага, згарэла. Пасля вяртання з Ташкента з эвакуацыі пісьменніку не было дзе жыць. Старэйшы сын Коласа Даніла нагледзеў маленькі домік на ўскраіне Мінска, у якім у час вайны жыў намеснік начальніка нямецкага шпіталя, які размяшчаўся побач на тэрыторыі першай клінічнай бальніцы. Так Якубу Коласу прыйшлося да 1947 года туліцца ў не дужа прыстасаваных для жыцця ўмовах.
На той час Колас быў ужо вядомым палітычным і грамадскім дзеячам, і яго з дзелавым візітам наведаў першы сакратар ЦК Беларусі П.К.Панамарэнка. Ён быў вельмі здзіўлены надзвычай сціплымі жыллёвымі ўмовамі, у якіх туліўся народны пісьменнік. Афіцыйныя дакументы сведчаць, што Колас быў вельмі сціплым чалавекам. Калі яму прапанавалі палепшыць жыллёвыя ўмовы, то ён не запатрабаваў грошай або чагосьці яшчэ. У выніку да яго хаты была зроблена ўсяго толькі невялікая цагляная прыбудова. Дзякуючы гэтаму ў паэта нарэшце з’явіўся кабінет, у якім ён мог працаваць. У такім стане хата прастаяла да 1952 года. І толькі ўлетку 1952 года да 70-гадовага юбілею паэта быў пабудаваны вялікі прасторны дом на падмурку старога. Аўтарам праекта стаў архітэктар Георгій Заборскі, вядомы майстар стылю сталінскага ампіру, які панаваў у 50-я гады ў савецкай архітэктуры. Дарэчы, ён спраектаваў першую частку галоўнага праспекта сталіцы і помнік на плошчы Перамогі.
Паказальна, што гэты самы праект дома і стаў самым першым экспанатам нашага музея. Ён ювелірна вычарчаны на кардоне, а ў левым верхнім кутку Якуб Колас уласнаручна прыгожым почыркам напісаў: “згодзен”.
— А хто з вядомых людзей наведваў пісьменніка?
— Частымі гасцямі ў Коласа былі, вядома, яго паплечнікі па працы, нашы беларускія пісьменнікі. Калі ў Мінску адбываліся важныя падзеі і прыязджалі калегі з братніх рэспублік, яны, як правіла, заходзілі, гасцявалі ў Коласа. Напрыклад, прыязджаў Аляксандр Твардоўскі. Ён прайшоўся па новай дубовай лесвіцы ў хаце пісьменніка, яна зарыпела, і ў літаратурных колах з’явіўся жарт пра “лесвіцу для музы”.
Экспазіцыю музея ўпрыгожваюць падарункі Коласу ад яго калег па працы, сяброў і родных, зробленыя да 70-годдзя з дня нараджэння: мастацкае палатно жонкі Заіра Азгура Галіны Гарэлавай-Азгур, бронзавы камінны гадзіннік, статуэтка ад акадэміка АН БССР Мацапуры, набор для крушона ад свата Янкі Маўра, сувеніры ад Петруся Броўкі і Петруся Глебкі. Рабочы стол пісьменніка ўпрыгожваў срэбны пісьмовы прыбор, падараваны на адзін з пасляваенных дзён нараджэння супрацоўнікамі Акадэміі навук і сябрамі-літаратарамі, і гэты спіс можна яшчэ доўжыць...
— Якімі экспанатамі вашай калекцыі вы ганарыцеся і можаце назваць іх самымі каштоўнымі?
— Сярод самых цікавых і каштоўных матэрыялаў можна вылучыць цыкл дарэвалюцыйных вершаў Коласа, яго белетрыстыку, некаторыя празаічныя творы (раман “На ростанях”), фальклорныя сшыткі з запісамі казак, легенд, паданняў, замоў, народных песень, якія паэт зрабіў у перыяд вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семі-нарыі і ў час настаўніцкай працы на Палессі ў 1899—1904 гадах, паэмы “Сымон-музыка”, “Рыбакова хата”, “Суд у лесе” і іншыя.
— Ці ёсць у жыцці пісьменніка белыя плямы, якія трэба будзе вывучаць, або зараз пісьменнік — гэта адчыненая кніга?
— Паўстагоддзя музейшчыкі працавалі над  біяграфіяй і творамі паэта, і ўсё роўна белыя плямы засталіся. Некалькі гадоў падрад музей вядзе падрыхтоўчую работу да выдання энцыклапедычнага даведніка “Асобы з акружэння Якуба Коласа”. Больш за тое, на гэту тэму праводзіцца чацвёрты год навукова-практычная канферэнцыя “Каласавіны”. Лепшымі сіламі нашых і замежных коласазнаўцаў і робіцца ўсё магчымае, каб такіх плямаў не было. Аднак чалавек — гэта цэлы свет, тым больш калі гэты чалавек такая філасофская глыба, як Колас. Ці аднаму пакаленню музейшчыкаў удасца ўсё сабраць і тым больш спасцігнуць?!.
— Якія цікавыя факты з жыцця пісьменніка былі апублікаваны нядаўна?
— У сем’яў сыноў паэта музей набыў апошні бальнічны цыкл вершаў пад назвай “Кроплі і слёзы”. Гэтыя вершы былі напісаныя паэтам у стацыянары  лечкамісіі. Як правіла, творы былі прысвечаны дактарам, якія лячылі Коласа. Яны былі апублікаваны два гады назад у часопісе “Полымя” і шырока абмяркоўваліся спецыялістамі і аматарамі паэзіі. Так, напрыклад, у пачатку кастрычніка 1955 года адбыўся медыцынскі кансіліум наконт стану здароўя Коласа, і дактары прызначылі яму сядзелку. Паэт гэта ўспрыняў як замах на абмежаванне яго свабоды і склаў эпіграматычнае прысвячэнне:
Маім шаноўным дактарам —
Д.А.Маркаву, Б.І.Трусевічу, С.І.Ліаранцэвічу,
Свяцілам зямлі беларускай.
О дактары!
Замахі вашы мелкі —
Відаць, прывучаны
да гэтага вы змалку:
Чаму, чаму замест сядзелкі
Вы не прызначыце ляжалку?
5.10.1955 г.
q
На медыцынскую тэму
(дактарам і медсёстрам)
Ляжу пакорна, бы ў жалобе,
Але спытаць на добры лад:
Вось, скажам, лёгкія
ў хваробе,
За што ж пакуту
церпіць зад?
Завошта, шпрыц
узяўшы востры,
3 азадка робяць рашато?
Скажыце, міленькія сёстры,
Навошта здзек такі?
За што?
I так даўней яшчэ бывала:
Нашкодзіць доўгі, злы язык,
А з зада сцягнуць
пакрывала,
I кару зносіць зад-мужык.
Азадак, бедны ты азадак!
Не стогнеш ты,
не маеш слёз.
На свеце ўжо такі парадак,
Тваё такое шчасце, лёс.
2.1.1956
— Ці з’явяцца нейкія новыя экспанаты ў гонар юбілею музея?
— Мы хацелі б абсталяваць на сядзібе пісьменніка пляцоўку, на якой пры жыцці любіў сядзець сам паэт. А на ёй размясціць помнік. Скульптар Андрэй Заспіцкі зрабіў макет скульптурнай кампазіцыі “Якуб Колас. Роздум”. Упершыню для грамадскага агляду праект у мультымедыйным варыянце і пластылінавым макеце быў прадстаўлены ў маі гэтага года падчас правядзення свята “Ноч музеяў”. Наша ідэя прыйшлася даспадобы гасцям і наведвальнікам. Рэклама пайшла, і шматлікія людзі падумалі, што гэты помнік ужо ўстаноўлены. Моладзь тут жа стала падаваць заяўкі, каб сфатаграфавацца побач з пісьменнікам! Наша мэта — сабраць 280 мільёнаў беларускіх рублёў на яго стварэнне, але пакуль што не ўдаецца гэтага зрабіць. Мы будзем рады любому ўнёску.
— На ваш погляд, чаму трэба прыйсці ў музей Коласа, у гэты цудоўны дом?
— У музей Коласа трэба прыйсці  неаднойчы і як мага раней. Можна прыйсці за руку з бабуляй або маці, потым з маладым чалавекам або каханай дзяўчынай, а праз нейкі час прывесці сюды сваіх дзяцей. Колас — гэта кніга мудрасці, якую трэба спасцігаць усё жыццё.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter