Рэканструкцыя ў парку Перамогі

Музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам з’явіцца непадалёку ад стэлы “Мінск — горад-герой”
Такой будзе Трыумфальная арка ў парку ПерамогіМузей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам з’явіцца непадалёку ад стэлы “Мінск — горад-герой”.

Мінскі парк, размешчаны вакол Камсамольскага возеры, чакаюць маштабныя пераўтварэнні. Галоўны архітэктар праекта прадпрыемства “Мінскпраект” Ганна Аксёнава расказала, што на працягу некалькіх гадоў тут будзе створаны шматфункцыянальны гарадскі парк. Плануецца сфарміраваць чатыры асноўныя зоны: мемарыяльную (размесціцца паблізу стэлы “Мінск — горад-герой”), пляжную (наберажная з боку Старавіленскага гасцінца), адукацыі і асветы (тэрыторыя прымыкае да выставачнага комплексу “Белэкспа”), а таксама наберажную Пераможцаў.

Музей ваеннай тэхнікі размесціцца ў мемарыяльнай зоне. Яна пачнецца ад цяперашняй пляцоўкі для ўстаноўкі трыбун (скрыжаванне праспектаў Машэрава і Пераможцаў). На мемарыяльнай тэрыторыі па задуме архітэктараў будзе ўстаноўлена трыумфальная арка, пройдзе алея Памяці і славы з фантанам Перамогі і некалькімі малымі фантанамі. “З наступленнем цемнаты яны будуць падсвечвацца і стануць падобныя на свечкі ў памяць пра тых, хто загінуў у гады вайны”, — патлумачыла Ганна Аксёнава. З фантана Перамогі будуць выцякаць тры ручаі, прайшоўшыся ўздоўж якіх наведвальнікі парку трапяць на паляну масавых дзеянняў: яна зможа змясціць каля 5 тысяч чалавек і будзе прызначана для правядзення розных святочных мерапрыемстваў. Галоўным упрыгожаннем паляны стане эстрада, выкананая з лёгкіх канструкцый.

У зоне адукацыі з’явіцца маладзёжны цэнтр зносін, задуманы як клуб маладых інтэлектуалаў.

У пляжнай зоне ўсталююць водна-гульневыя ўстройствы. Ужо распрацаваны водны маршрут па Свіслачы, на якім 7 прычалаў: кацеры будуць перавозіць наведвальнікаў у розныя зоны парку.

Для рэалізацыі праекта акрамя бюджэтных сродкаў плануецца прыцягнуць і грошы інвестараў. Мінскі гарвыканкам ужо падрыхтаваў матэрыялы па чатырох інвестыцыйных аб’ектах. У прыватнасці, за лік небюджэтных сродкаў прадугледжваецца пабудаваць рэстаран на вадзе “Каравела”, гісторыка-турыстычны комплекс, цэнтр зносін моладзі і водна-гульневы аб’ект на вадзе.

Рэканструкцыю парка Перамогі плануецца завяршыць у 2011 годзе.

Аксана Шыкуць
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter