Развагі над скарбамі бацькоў

У Гістарычным музеі працуе выстава “Выратаваныя каштоўнасці”
У Гістарычным музеі працуе выстава “Выратаваныя каштоўнасці”

Скарбы са сваёй калекцыі прывёз у Мінск філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, праект падтрымала Міністэрства культуры: ёсць праграма “Культура не ведае правінцыі”. Мэта праекта — паказаць унікальныя калекцыі абласных і раённых музеяў краіны. А паколькі калекцыя з горада, які раней называлі “заходнімі варотамі Савецкага Саюза”, незвычайная, то і пытанні паўстаюць: што там за каштоўнасці, хто іх ратаваў і ад каго?
Не сакрэт: ва ўсе часы ёсць “дрэнныя хлопцы”, кантрабандысты, якія спрабуюць перавезці нешта праз дзяржмяжу з парушэннем законаў. Не выключэнне і Беларусь: ад нас ці праз нас таксама спрабавалі вывезці нешта “культурнае”, але вельмі “некультурна”. Мытнікі — прафесіяналы сваёй справы, яны знаходзяць і канфіскуюць кантрабанду. І культурныя каштоўнасці перадаюцца ў музеі. Адна з буйных такіх калекцый з “культурных канфіскатаў” сабралася ў Брэсце.
На выставе больш за 300 помнікаў гісторыі і культуры: твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якім пашанцавала не знікнуць назаўжды недзе ў замежжы, а заняць месца ў экспазіцыйнай зале. На адкрыцці выставы, аднак, не толькі гаварылі добрыя словы ў адрас супрацоўнікаў Дзяржаўнага мытнага камітэта, якія ратуюць каштоўнасці ад вывазу за мяжу. Дзякавалі і тым, хто ідзе на кантакт з імі, разумеючы: важна пільна зберагаць тое, што маем. А яшчэ кінулася ў вочы: экспануюцца на выставе творы краін Усходу і Захаду, рыжскі хрусталь, сярэдняазіяцкі посуд, кітайскія дэкаратыўныя накладкі, рускі іканапіс… Гэта усё, безумоўна, рэчы каштоўныя. Але, на жаль, большасць з экспанатаў да Беларусі маюць ускоснае дачыненне, а то і ніякага. Вось дылема: з аднаго боку — наша, з другога — створана на іншай тэрыторыі. Дык тады чыё?
Але, разважаючы над няпростым пытаннем, я згадаў: а колькі ж беларускіх каштоўнасцяў знаходзіцца цяпер за мяжой! Карціны, кнігі, цэлыя калекцыі манет, фарфору ды іншыя культурныя скарбы. Колькі ўсяго — ніхто дакладна не ведае. Падумалася: вось бы аб’яднаць намаганні ды наладзіць абмен каштоўнасцямі з іншамі дзяржавамі! Каб і ім было добра, і да нас вярталася беларуская гістарычна-культурная спадчына. Бо, калі казаць па шчырасці, культурная каштоўнасць будзе цалкам выратаваная не тады, калі яна трапляе ў музеі ці сховы нейкай іншай дзяржавы. Яна, падаецца мне, найлепш выканае сваю высокую місію тады, калі вернецца на радзіму таго, хто яе стварыў.

Іван Бяляцкі, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter