З 1 студзеня мінімальны працоўны стаж вырас да 15 гадоў

Разумны клопат пра паважаны ўзрост

Каб атрымліваць хаця б сацыяльную пенсію, яшчэ год назад дастаткова было адпрацаваць усяго пяць гадоў. А з 1 студзеня мінімальны працоўны стаж вырас да 15 гадоў.
Тым, хто ў тэрміны не ўклаўся, пенсію, роўную палове бюджэту пражытачнага мінімуму — крыху менш за 700 тысяч, — назначаць на пяць гадоў пазней. Мужчынам у 65, жанчынам — у 60 гадоў. У Міністэрстве працы і сацабароны растлумачылі павышэнне стажу проста. З аднаго боку, гэта будзе матываваць кожнага да доўгай і легальнай працоўнай дзейнасці, з другога — выкараніць утрыманства. Але відавочна, што прычына крыецца не толькі ў гэтым. 



Раней на трох-чатырох занятых у нас прыпадала два пенсіянеры. Цяпер сітуацыя карэнным чынам змянілася. У нашай краіне пражывае прыкладна 2,5 мільёна пенсіянераў — гэта амаль чвэрць ад усёй колькасці насельніцтва. За мінулы год іх колькасць павялічылася больш як на 37 тысяч. І гэтая тэндэнцыя, напэўна, захаваецца. Колькасць працаздольнага насельніцтва будзе памяншацца, упэўнена галоўны навуковы супрацоўнік аддзела дынамікі сацыяльна-эканамічных сістэм Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Людміла Шахоцька: 

— У 1990-я гады і ў пачатку 2000-х у нашай краіне назіралася нізкая нараджальнасць. Значыць, у бліжэйшае дзесяцігоддзе ў працаздольны ўзрост будзе ўступаць усё менш людзей. Адпаведна знізяцца і паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны. 

Праблема старэння насельніцтва актуальная сёння для многіх краін. Дзяржавам даводзіцца прымаць непапулярныя меры, у тым ліку павялічваць пенсійны ўзрост і памяншаць памеры выплат. Толькі за апошнія месяцы ў Еўрасаюзе з гэтай прычыны прайшлі дзясяткі пратэстаў. Воклічы незадаволенасці нядаўна гучалі ля будынка міністэрства эканомікі ў цэнтры Афін. “Хопіць падаткаў!”, “Мы не можам харчавацца аднымі арэшкамі!”, “Рукі прэч ад нашых пенсій!” — скандзіраваў натоўп. Там дапамогу зрэзалі на чвэрць пасля таго, як Грэцыя перайшла ў рэжым жорсткай эканоміі. А нядаўна і на вуліцы Сафіі таксама выйшлі тысячы праціўнікаў пенсійнай рэформы. Але, нягледзячы на выступленні людзей, перамены рухаюцца як танк. 

Сярэдні памер працоўнай пенсіі ў гэтым годзе ў нас дасць магчымасць забяспечыць яе суадносіны з сярэдняй зарплатай на ўзроўні не меншым і за 40 працэнтаў. Ды і ў цэлым асноўныя затраты з бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пойдуць менавіта на пенсіі — 87 трыльёнаў рублёў, або 75,6 працэнта ад усіх запланаваных расходаў. Але за кошт чаго будзе падтрымлівацца стабільнасць сістэмы? Верагодна, у бліжэйшай будучыні нам не пазбегнуць павышэння пенсійнага ўзросту. 

У Германіі пенсіянерамі становяцца ў 67 гадоў, у Вялікабрытаніі ды Італіі ў 68. Між тым сярэдняя працягласць жыцця там набліжаецца да 80 гадоў. У нас жанчыны таксама жывуць у сярэднім да 77 гадоў, а вось мужчыны на дзесяць гадоў менш. “Розніца паміж працягласцю жыцця і ўзростам выхаду на адпачынак павінна складаць прыкладна 12 гадоў. Таму ў нас яго смела можна павялічыць для жанчын, але не для мужчын”, — лічыць кіраўнік гарадскога геранталагічнага цэнтра Ірына Токарава. Сусветны банк рэкамендуе нам да 2020 года паступова давесці пенсійны ўзрост жанчын да мужчынскай планкі ў 60 гадоў, да 2026-га — да 63 гадоў, але ўжо ў адносінах да ўсіх грамадзян, а да 2030-га — да 65 гадоў. 

Нагрузку на пенсійны фонд у доўгатэрміновым перыядзе тэарэтычна можна здымаць і за кошт развіцця накапляльнай пенсійнай сістэмы. Пакуль што яна толькі распарадчая і заключаецца ў тым, што адлічэнні тых, хто працуе, не захоўваюцца ў выглядзе зберажэнняў, а адразу выплачваюцца пенсіянерам. У аснове ж накапляльнай сістэмы ляжыць іншы механізм: узносы паступаюць на спецыяльны рахунак на працягу працоўнага стажу, а пры выхадзе на пенсію яе памер вылічаецца з сумы ўнесеных грошай. Але для гэтага трэба развіваць фондавы рынак. І да таго ж хто дасць гарантыі, што сродкі, укладзеныя ў акцыі буйных кампаній, асабліва за мяжой, вернуцца? У той жа час, калі разлічыць усе рызыкі, сістэма накапленняў можа працаваць. Дарэчы, у Казахстане яна пачала функцыянаваць яшчэ ў 1998 годзе. 

Ёсць яшчэ адзін варыянт, гаворыць эканаміст Аляксандр Сінкевіч. Гаворка ідзе аб увядзенні страхавання дадатковай пенсіі. Пакуль гэты механізм у нас не асабліва папулярны. У той жа час ён даволі паспяхова працуе ў Еўропе. 

У Германіі, напрыклад, прадугледжана абавязковае пенсійнае страхаванне. З гэтай мэтай там створана нават асацыяцыя, якая аб’ядноўвае шэраг карпарацый, што страхуюць пенсіі. 
Выбар шляху пакуль у нас знаходзіцца ў стадыі абмеркавання. Улічваюцца ўсе варыянты. І рашэнне павінна быць прынята зыходзячы не толькі з сусветнага досведу, але і асаблівасцяў нашай краіны. Адно зразумела: не варта ўвесь час спадзявацца на дзяржаву. Трэба думаць аб тым, як самастойна забяспечыць сабе дастойную старасць. А дзяржава павінна стварыць для гэтага ўсе ўмовы. 

Ірына Савельева

- Мінімальны стаж для налічэння працоўнай пенсіі ў жанчын цяпер 20 гадоў, у мужчын — 25 гадоў. Калі ён напрацаваны, для разліку пенсіі бярэцца 55 працэнтаў ад іх сярэднямесячнага заробку. З 1 студзеня з кожным наступным годам работы звыш мінімуму гэтая сума будзе павялічвацца на адзін працэнт. Гэта значыць, калі жанчына прарабіла 21 год, гэта будзе ўжо 56 працэнтаў ад зарплаты і гэтак далей. 

- Акрамя таго, дзяржава падтрымае тых, хто мае вельмі вялікі працоўны стаж, але атрымліваў невялікую зарплату па аб’ектыўных прычынах. Да прыкладу, з-за адсутнасці кваліфікацыі. У гэтым выпадку з пачатку года для жанчын, якія прарабілі больш за 30 гадоў, і мужчын, якія прарабілі больш за 35 гадоў, вырасце цана аднаго года працоўнага стажу. Ён будзе каштаваць не менш за 0,7 працэнта ад сярэдняй зарплаты работнікаў у краіне. 

Меркаванні экспертаў

Сяргей Саладоўнікаў, доктар эканамічных навук: 

— Правільна гаварыць не столькі аб пенсійным рэфармаванні, колькі аб зменах на ўжо дзеючай аснове. Рэзкай неабходнасці павысіць пенсійны ўзрост у нашай краіне сёння няма. Тым больш калі пенсіянеры хочуць працаваць, яны працуюць і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. З другога боку, павышэнне пенсійнага ўзросту для тых, хто дармаеднічаў большую частку свайго жыцця, справядлівае і эканамічна мэтазгоднае рашэнне. 

З накапляльнай сістэмай таксама ўсё няпроста. Досвед яе ўвядзення ў Расіі, да прыкладу, аказаўся негатыўным. Таму трэба вырашыць, што мы будзем разумець пад накапляльнай пенсійнай сістэмай і ў чым яе рэальныя перавагі. 

А галоўнае, ці сапраўды прыватныя даверныя фонды змогуць лепш распарадзіцца “пенсійнымі” грашыма, чым дзяржава? Апошняе пытанне далёка не рытарычнае, паколькі да гэтага часу ні тэарэтычна, ні практычна не даказана, якая з формаў уласнасці эканамічна больш эфектыўная. 

Уладзімір Нікалаеўскі, кандыдат эканамічных навук, эксперт па сістэме сацыяльнай абароны: 

— Дзеючая ўраўняльная мадэль пенсійнай сістэмы даўно мае патрэбу ў рэфармаванні. Колькасць працаздольнага насельніцтва ў нашай краіне памяншаецца. Усе сродкі, якія адлічваюць тыя, хто працуе, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, адразу ж ідуць на выплаты пенсій. Дзе ўзяць дадатковыя рэсурсы, каб яны хоць бы не паменшыліся? Трэба павялічыць альбо пенсійны ўзрост, альбо тарыф адлічэнняў у фонд. Але гэта непапулярныя і неэфектыўныя меры. Так ці інакш пытанне рэфармавання вельмі складанае, паколькі патрабуе дакладнай праграмы, зацікаўленасці насельніцтва і значных сродкаў. Крыніцай фінансавых рэсурсаў, напрыклад, можа стаць прыватызацыя аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter