Разумнiкi парадавалi

Надзвычай паспяховым стаў для моладзi Гомельшчыны ўдзел у рэспублiканскай алiмпiядзе...

Надзвычай паспяховым стаў для моладзi Гомельшчыны ўдзел у рэспублiканскай прадметнай алiмпiядзе школьнiкаў i навучэнцаў сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Спаборнiцтва iнтэлектуалаў праводзiлася ў 8 гарадах Беларусi па 16 прадметах. Паўднёва-ўсходнi рэгiён таксама стаў арэнай iнтэлектуальных паядынкаў: у Гомелi вызначалiся ведамi юныя бiёлагi i хiмiкi, у Мазыры – знаўцы роднай мовы. У вынiку, прапусцiўшы наперад толькi горад Мiнск, каманда Гомельшчыны стала лiдэрам сярод абласцей нашай краiны па сумарнай колькасцi атрыманых дыпломаў. 97 iх прывезлi ў свае школы i спецыяльныя ўстановы адукацыi юныя разумнiкi i разумнiцы.

— Такога высокага рэзультату вобласць не дасягала за ўсю гiсторыю алiмпiяднага руху, — не хавала радасцi начальнiк упраўлення адукацыi Гомельскага аблвыканкама Марына Бондар. – Безумоўна, гэта вынiк паўсядзённай карпатлiвай працы i самiх дзяцей, i iх таленавiтых педагогаў. Выдатныя вынiкi паказала наша каманда па iнфарматыцы, якую рыхтавалi сапраўдныя майстры педагагiчнай справы дацэнты ГДУ iмя Скарыны i БелДУТа Мiхаiл Далiнскi i Алена Мiняйлава адпаведна. Вельмi парадавала, што 7 дыпломаў па iнфарматыцы атрымалi ў Брэсце выхаванцы кiраўнiка гуртка з Мазыра Аляксея Барунова. Не расчаравалi сваiх настаўнiкаў i члены зборных каманд па матэматыцы (12 атрыманых дыпломаў), геаграфii (11 дыпломаў), англiйскай i французскай мовах, гiсторыi, працоўным навучаннi...

Вынiкi алiмпiяды юных прадстаўнiкоў Гомельшчыны яшчэ будуць аналiзавацца. Мiж тым ужо сёння можна казаць пра базавыя пляцоўкi, дзе на аснове трывалых школьных ведаў вядзецца мэтанакiраваная падрыхтоўка вучняў да будучых алiмпiядных паядынкаў. Такiмi ва ўпраўленнi адукацыi называюць Савецкi i Чыгуначны раёны Гомеля, Жлобiнскi, Рагачоўскi i Мазырскi раёны, пасланцы якiх атрымалi на апошнiм турнiры iнтэлектуалаў ад 7 да 12 дыпломаў. Былi ў час правядзення рэспублiканскай алiмпiяды i прыемныя адкрыццi. Адно з iх — устойлiвыя i грунтоўныя веды, якiя паказалi школьнiкi з вёскi Гадзiлавiчы Рагачоўскага раёна: тут вучацца 3 дыпламанты апошняй алiмпiяды. Не пакiнулi надзей на перамогу традыцыйныя iндывiдуальныя лiдэры алiмпiяднага руху. Абсалютную перамогу па iнфарматыцы атрымаў дзевяцiкласнiк гiмназii № 56 Гомеля Генадзь Караткевiч (800 балаў з 800 магчымых). Уладальнiк спецыяльнага прыза Гомельскага аблвыканкама дзевяцiкласнiк з Мазыра Уладзiмiр Грыневiч першынстваваў у ведах па бiялогii, а светлагорская школьнiца Марыя Манкевiч папоўнiла скарбонку сваiх узнагарод яшчэ адным дыпломам першай ступенi па матэматыцы...

Увогуле ж трэба адзначыць актыўную падтрымку ўдзельнiкаў алiмпiяды з боку органаў улады, прадпрыемстваў i арганiзацый тых рэгiёнаў, дзе праходзiлi алiмпiядныя мерапрыемствы. Так, упершыню па iнiцыятыве старшынi Гомельскага гарвыканкама Вiктара Пiлiпца для вундэркiндаў, якiя спаборнiчалi ў абласным цэнтры, заснавалi прызы гарадскiя ўлады. Кiраўнiк гарсавета дэпутатаў Уладзiмiр Чарнаштан уручыў iх на вынiковым пасяджэннi «алiмпiйцаў» навучэнцам гарадскога лiцэя № 1 Дар’i Крыцкай i вучню СШ № 25 Гомеля Вячаславу Нягодзенка. Свой «уклад» у развiццё алiмпiяднага руху ўнеслi Мазырскi райвыканкам, Гомельскi фiлiял РУП «Белтэлекам», рэдакцыя абласной газеты «Гомельская праўда», РУП «Гомельхлебпрам» i iншыя калектывы Гомельшчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter