Размова пра спадчыну

З РЭДАКЦЫЙНАЙ ПОШТЫ
Англа-беларускае таварыства, якое з’яўляецца калектыўным сябрам Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, разам са Школай славістычных і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Лонданскага універсітэта, іншымі зацікаўленымі ўстановамі і арганізацыямі правялі Міжнародны калёквіум, прысвечаны спадчыне Янкі Купалы і Якуба Коласа, яе ўспрыняццю ў іншых еўрапейскіх краінах.

Упершыню ў гісторыі нашага таварыства такі навуковы форум адбыўся ў супрацоўніцтве з Пасольствам Беларусі ў Вялікабрытаніі, якое ласкава ўзяло на сябе частку выдаткаў. Спонсарам выступіў таксама ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта і іншых навучальных і навуковых устаноў свету, ганаровы грамадзянін Заслаўя (як нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх) прафесар Анджэй Цеханавецкі, нядаўні госць Нясвіжа і Мінска.

У праграме калёквіуму, які праходзіў у лонданскіх памяшканнях Пушкінскага дома і Украінскага інстытута, прынялі ўдзел 13 дакладчыкаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Канады і Польшчы. Сярод іх найперш назаву прафесараў Ніну Мячкоўскую (Мінск), Сяргея Кавалёва (Мінск – Люблін), Алеся Баршчэўскага (Варшава), Зінаіду Гімпелевіч (Ватэрлоо, Канада), Арнольда Макмілін (Лондан).

Вядомая англійская паэтэса і перакладчыца з беларускай мовы Вера Рыч прааналізавала купалаўскія санеты. У сваім дакладзе, надасланым на калёквіум з Варшавы, сваім вопытам перакладу на польскую мову паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” падзяліўся Чэслаў Сэнюх. Закраналіся таксама лінгвістычныя, музыказнаўчыя і біяграфічныя аспекты жыццяпісу і творчасці беларускіх класікаў.

Наступную аналагічную сустрэчу вырашана наладзіць сёлета ў Польшчы.

Джым Дынглі, старшыня Англа-беларускага таварыства
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter