Як “Альфа Радыё” стала аўтарскім радыё з моцным калектывам

Размова па справе, а музыка па душы

Уключыўшы радыё ў аўтамабілі або на кухні, вы зноў наткнуліся на банальнае забаўляльнае шоу ці рогат над уласнымі плоскімі жартамі вядучых чарговай FМ-радыёстанцыі? Так, на любой з іх ёсць музыка, якую не заўсёды ўмела склейваюць навінамі, перачытанымі з інфармагенцтваў. Радыё — гэта СМІ, але, акрамя музыкі, слухаць асабліва і няма чаго. Сегмент размоўнага радыё складаны, працаёмкі і таму вельмі слаба прадстаўлены ў краіне. 


Год таму «Альфа Радыё» пачало рэалізоўваць амбіцыйную канцэпцыю інфармацыйна-аналітычнага вяшчання. Гэта адразу прыцягнула слухачоў, якія ўсё больш хочуць ад радыё-эфіру аўтарскіх навін з месцаў, аглядаў найважнейшых падзей гэтага дня і тыдня, думак, дыскусій з лідарамі меркаванняў. Не выпадкова сам калектыў «Альфа Радыё» зацвердзіў для сябе карпаратыўны слоган — «Размова па справе, а музыка па душы!».

Пра асаблівасці працы інавацыйнага для краіны размоўнага радыё – наша гутарка з кіраўніком радыёстанцыі Ірынай Пятровіч.

— Ірына Пятроўна, чым запоўнены эфір «Альфа Радыё»?

— Асноўны наш накірунак — вялікая колькасць навін, аўтарскія праграмы, грамадска-палітычныя і аналітычныя праграмы. Кожны дзень ідзе некалькі перадач з запрашэннем гасцей, праграмы-інтэрв’ю, у тым ліку ў прамым эфіры. Нашымі гасцямі становяцца вядомыя людзі краіны, лідары меркаванняў.

— Заўважу, што і ў ролі іх суразмоўцаў, «гаспадароў» той ці іншай праграмы выступаюць яркія медыйныя персоны.

— «Альфа Радыё» — аўтарскае радыё. Мы сабралі моцную каманду вядомых журналістаў, спецыялістаў-прафесіяналаў, яны цікавыя і самі па сабе, і разам з гасцямі, якія прыходзяць да іх у эфір. У ліку нашых аўтараў — Аляксандр Цярэшчанка, Андрэй Мукавозчык, Сяргей Канашыц, Дзмітрый Партон, Таццяна Сулімава, Вольга Альварада, Аляксандр Мартыненка, Максім Югаў, Ларыса Гулякевіч, Вольга Залеская, Віталь Карпанаў. Яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі радыё, але выдаюць вельмі творчы і якасны інфармацыйны прадукт.

— У гэтым пераліку — шэраг імёнаў, добра вядомых чытачам па публікацыях у газеце «СБ. Беларусь сегодня».

— Нічога дзіўнага. З 2015 года радыёстанцыя ўваходзіць у аб’яднаную рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия». І павінна сказаць, гэта ўнікальная магчымасць супрацоўніцтва і вялікая перавага. Вялікай падмогай для нас сталі арыгінальныя навіны з партала sb.by і цеснае супрацоўніцтва з журналістамі аднаго з самых наведваемых інтэрнэт-рэсурсаў СМІ ў краіне. 

Усе нашы навінавыя праекты напоўнены свежымі і актуальнымі каментарыямi, рэпартажамі з месца падзей, няхай гэта будзе, напрыклад, «Славянскі базар у Віцебску» або Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра, адкуль журналістамі «СБ» для нашай радыёстанцыі вяліся прамыя рэпартажы. 

З «Альфа Радыё» супрацоўнічае многа журналістаў з Мінска, абласных цэнтраў, іх галасы гучаць ва ўсіх выпусках і праграмах навін. Вялікая колькасць галасоў у эфіры — вельмі важна для радыё.

— Якія праграмы карыстаюцца большай папулярнасцю?

— Навінавыя выпускі і гутарковыя праграмы. Людзям патрэбна інфармацыя. Штодзённы выхад навін на 45-й хві-ліне гадзіны, навіны без падрабязнасцей — 5 раз у гадзіну, надвор’е — 1—2 разы на гадзіну, «лёгкія» навіны па выхадных, курсы валют, навіны бізнесу, спорту, навукі, агляды прэсы, здарэнні.

Праграмы з запрошанымі гасцямі — гэта заўсёды цікавыя дыялогі, хіт-парад беларускіх выканаўцаў, падчас галасавання за тое ці іншае месца  пачуццi разгараюцца не на жарт. Шмат станоўчых водгукаў ад слухачоў пра нашы спецпраекты: «Пажаданне дня» — з ранішнімі прывітаннямі ад вядомых людзей краіны, «Ліст з паштоўкай» — з кароткімі расказамі пра тое, што было гадоў 20—30 таму, і прадстаўленнем адной са знакавых песень той пары.

— Ваш слухач — хто ён?

— Мы арыентуемся на тых, каму за 40, людзей ужо даволі сталага ўзросту, каму эфірныя размовы «ні аб чым» або сум-ніўнай якасці жарты нецікавыя. Гэта дарослыя, адукаваныя, культурныя людзі, якіх не трэба нечаму вучыць, у іх ёсць жыццёвы вопыт і сваё меркаванне. Ім цікава, калі ў эфіры актуальныя тэмы абмяркоўваюцца аўтарытэтнымі і вядомымі людзьмі, якім ёсць што сказаць. Як, зрэшты, і самім слухачам. Мяне радуюць званкі ў студыю падчас прамых эфіраў аналітычных праграм, калі слухачы задаюць сур’ёзныя, цікавыя пытанні, становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі размовы. Гэта сведчыць аб тым, што мы трапляем у сваю аўдыторыю. Па выніках нядаўна праведзенага даследавання, «Альфа Радыё» сёння займае пятае месца сярод дваццаці радыёстанцый краіны.

— Трэба меркаваць, што ў вашага слухача і музычныя прыхільнасці асаблівыя, яго інтэлігентнае вуха не пацерпіць таннай папсы?

— Яе ў нас няма. Наш фармат — лепшая музыка 80-х і 90-х. Прычым музыка падзелена на блокі: рускамоўная, замежная, беларускіх выканаўцаў. Кожныя 15 хвілін мяняюцца яе стыль і накірунак. Перад кожным блокам робяцца спецыяльныя застаўкі з інфармацыяй пра тое, што за музыка будзе гучаць, якіх гадоў. У нас выдатны музычны рэдактар, з вялікім вопытам працы. Музыка на «Альфа Радыё» слухачоў не раздражняе.

Будзь у курсе

«Альфа Радыё» вяшчае ў Мінску на частаце 107,9 FM, у Брэсце — 100,8 FM, у Віцебску — 107,6 FM, у Гродне — 98,4 FM.

Усе праграмы радыёстанцыі з запрашэннем гасцей можна паслухаць у сацсетках.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter