
Нашы людзі за мяжой
Прыгранічча спрадвеку жыве стасункамі з «кардонам». Інтарэсы розныя: хто да сваякоў, хто на экскурсію едзе, аднак большасць ваяжораў усё ж хочуць ці нешта купіць, ці прадаць. Брэстчане — не выключэнне:
— На закупку, — раз-пораз называюць пагранiчнiкам мэту ўезду ў Польшчу пасажыры цягніка Брэст—Цярэспаль падчас пашпартнага кантролю на польскім баку.
Неўзабаве большасць нашых «турыстаў» праз нейкія паўгадзіны сапраўды сустрэну ў мясцовым супермаркеце. У карзіне суайчыннікаў — бытавая хімія, кава, чай, прысмакі, аліўкавы алей. Садавіны, гародніны, зеляніны, арэхаў, ягад і грыбоў (увогуле таго, што ўваходзіць у спіс падкаранціннай прадукцыі высокай фітасанітарнай рызыкі) сярод пакупак нягуста.
Канверсую ў нашы грошы цэны ў злотых: гранат каштуе 2,6 рубля за кіло, ківі — 4,7. Нектарыны сёння на акцыі — крыху больш за 2 рублі. Пераходжу да секцыі гародніны: памідоры і баклажаны па 4,15 рубля за кілаграм, сакавіты чырвоны перац — трохі больш за 6. Прыкладна нашыя цэны. Немаладая наведвальніца адрывае мяне ад калькулятара воклікам на роднай мове:
— Бярыце лімоны ды дыні, на нашы па чатыры рублі за кіло. Фісташкі таксама танней, чым у нас. Але будзьце асцярожныя: цэны на арэхі і сухафрукты актуальныя для ста грамаў. Больш за тое, з сённяшняга дня перавозіць можна пяць кілаграмаў раслінных прадуктаў максімум.
Таццяна Нічыпарук наведваецца ў Цярэспаль на шопінг рэгулярна. Раней заўсёды частавала вялікую сям'ю прывезеным ананасам або авакада. Вазіла кілаграмамі арэхі. Сёння бярэ палову кавуна і небяспечна пераправярае, колькі ж той «пузач» важыць: не хочацца пакідаць на мяжы паласатую ягаду.

Гародніна і садавіна ў супермаркеце прыгранічнага польскага горада Цярэспаля вабяць пакупнікоў цаной.
Прывазное авакада
Таццяна расказала, што вытрымкі з Рашэння Камісіі Мытнага саюза ад 18 чэрвеня 2010 года № 318 «Аб забеспячэнні каранціну раслін у ЕАЭС» задоўга да 1 ліпеня з'явіліся на інфармацыйных стэндах у пункце мытнага афармлення на чыгуначным вакзале ў Брэсце.
Усе ў курсе
Начальнік інспекцыі па каранціне раслін Брэсцкай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін Таццяна Антановіч пазней пацвердзіла:
— Мы забяспечылі максімальнае інфармаванне насельніцтва: на нашым сайце, у раённых інспекцыях вобласці, у СМІ, у брэсцкім аэрапорце і на чыгуначным вакзале, а таксама на стэндах пунктаў пропуску праз дзяржмяжу на ўездзе і выездзе з краіны. Там, дзе дазваляюць тэхнічныя магчымасці, запусцілі «бягучы» радок. Акрамя таго, нашы інспектары апавяшчалі грамадзян у вуснай форме.

Мытнікі пільна даглядаюць багаж.
Мытная служба арганiзавала гукавыя ролікі і друкаваныя матэрыялы ў пасажырскіх цягніках і рэйсавых аўтобусах міжнароднага напрамку, на вакзалах і аўтастанцыях рэгіёна. Атрымаў улетку такi буклет і жыхар Брэста Максім Корхаў, які ў мінулую суботу быў у Забалацці:

— Больш за ўсё людзей у Забалацці па аўторках і суботах, у так званыя кірмашовыя дні. Хто для сябе, хто на перапродаж купляе прадукты, адзенне, грыбы, ягады, гародніну.
Максім упэўнены, што перакупшчыкі ўжо падладзіліся пад новы фітасанітарны парадак:
— Незнаёмка гадоў пяцідзесяці прапанавала мне сваё месца ў вагоне ўзамен на... дастаўку да Брэста пяці кілаграмаў чарніц. Дарога дамоў больш за дзве гадзіны, і ніхто не хоча стаяць з торбамі. Людзі пагаджаюцца. Пагадзіўся і я. Суседзям за такую паслугу перавозчыкі прапанавалі 10 грывень.
Самога Максіма рэфармаванне фітасанітарных нормаў засмуціла. Кожны год хлопец ездзіць з сябрамі адпачываць у Адэсу. І кожны год прывозіць адтуль гару персікаў, чарэшань, сліў, баклажанаў, памідораў. Зараз на вітаміны будзе дэфіцыт: цэны ў Брэсце на іх пакуль вышэй, чым на ўкраінскіх рынках.
Так ці інакш, адзіныя каранцінныя фітасанітарныя нормы працуюць для ўсіх краін—удзельніц ЕАЭС. Дырэктар Брэсцкай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Ігар Іўчын рэзюміраваў, што ў першыя дні работы па новых фітасанітарных патрабаваннях парушэнняў з боку фізічных асоб у рэгіёне выяўлена не было.
Да навацыi турысты хутка прывыклi.
Фота аўтара