Разьба ці роспіс?!

Разгадаць тэхніку дэкупаж удаецца нямногім  

Разгадаць тэхніку дэкупаж удаецца нямногім

Чытачам “Народнай газеты” ўжо добра знаёмая рубрыка

“З бабулінага куфра”, дзе журналісты разам з народнымі ўмельцамі знаёмяць з традыцыйнымі рамёствамі — саломапляценнем, вышыўкай, выцінанкай... Бабулінымі метадамі мы ўжо рабілі разам цацкі на ёлку, паштоўкі, лыжкі і гэтак далей, паэтапна распісваючы працэс. Аднак час ідзе, і разам з традыцыйнымі рамёствамі развіваюцца сучасныя тэхнікі. У новай рубрыцы “З унуччынай шафы”, якую плануем чаргаваць з праектам “З бабулінага куфра”, мы раскажам, як з цукерак “выгадаваць” цэлае дрэва, якім чынам зварыць мыла ў хатніх умовах і што такое скрапбукінг і дэкупаж.

Глядзіш на дзіўныя бутэлькі, альбомы, скрыначкі, аформленыя ў тэхніцы дэкупаж, і сапраўды не разумеш, як мог нарадзіцца такі цуд. Ці то роспіс, ці то разьба, ці то мазаіка... Падобна адначасова на ўсё разам. А ўвесь сакрэт, аказваецца, у маляўнічых папяровых сурвэтках, якія спецыяльным чынам прымацоўваюцца да паверхні прадметаў.

Святлана Карэйва з Гервяцкага дома рамёстваў Астравецкага раёна з дэкупажам (ад французскага decouper — выразаць) пазнаёмілася каля двух гадоў таму. З тых часоў, жартуе, у яе сапраўдная хвароба.

— Дзе б ні сядзела — у гасцях ці ў кавярні, — не магу раўнадушна глядзець на сурвэткі. Акуратна здымаю верхні пласт з малюнкам — і ў кішэнь, — прызнаецца Святлана Юр’еўна.

У майстра ўжо цэлы альбом эксклюзіўных сурвэтак на любы густ і любой тэматыкі. Цяпер зрабіць падарунак на дзень нараджэння, Новы год ці Восьмага сакавіка родным або сябрам — не праблема.

— Афармляць дэкупажам можна ўсё што заўгодна! — расказвае Святлана Юр’еўна. — Шкло, дрэва, пластмасу і нават тканіну.

У творчай “шафе” гервяцкага майстра знайшла, да прыкладу, бутэльку з яркім сланечнікам, “вясёлкавы” гадзіннік, скрыначку, аформленую пад  даўніну,  мора закладак, алоўкаў і іншых прадметаў, задэкараваных у тэхніцы дэкупаж. Асабліва замілаваў дзіцячы куфэрак — яго Святлана  зрабіла па просьбе сваіх знаёмых. Маладыя бацькі ў куфэрку з фотаздымкам дзіцяці, нанесеным на скрыначку тым жа спосабам дэкупажу, збіраюцца захоўваць бірачкі, шкарпэтачкі і іншыя рэчы нованароджанага.

Фантазія не мае межаў. Зараз Святлана афармляе табурэткі. У планах — глобус, які заказаў сын-школьнік.  Праўда, пачынаць майстар раіць з малых прадметаў — каб набіць руку. Усё ж такі  напачатку сурвэткі  могуць і рвацца, і расцягвацца.

— Дэкупаж — ідэальны від творчасці, — лічыць майстар. — Дзіўныя жывапісныя рэчы можна ствараць, нават не ўмеючы маляваць. Ды і траціцца на хобі шмат не прыходзіцца. Усё, што патрэбна, — клей, акрылавы лак ды сурвэткі або іншыя папяровыя нарыхтоўкі. Пераводзіць на прадметы можна нават фотаздымкі — праўда, трэба папрацаваць, каб зняць верхні танюткі пласт. А калі ёсць жаданне, — можна і раздрукаваць якія-небудзь малюнкі і надпісы, толькі абавязкова павінен быць лазерны прынтар.

Яшчэ вялікі плюс аформленых у тэхніцы дэкупаж прадметаў — яны ў адрозненне ад тых жа жывапісных твораў зусім не баяцца вады. Іх можна і  ад пылу праціраць, і нават пад кранам мыць, не трывожачыся, што малюнак можа пацячы.

Зацікавіліся, як  ствараюцца такія цуды?

 Спецыяльна для чытачоў “Народнай газеты” майстар-клас ад Святланы Карэйва Талерка ў стылі рэтра

1. Рыхтуем рэчы, якія нам спатрэбяцца для працы: драўляная талерка, клей ПВА, акрылавыя фарбы і лак, пэндзлік сярэдняй жорсткасці, губка, нажніцы, сурвэтка.

2. Таніруем аснову белай акрылавай фарбай. Я грунтую простай “Снежкай”, таму што на аснову ідзе даволі шмат фарбы — у цюбіках не накупляешся. Таніраваць можна пэндзлем, але лепш губкай — не будзе разводаў і фарба ляжа раўнамерна. Для асновы варта браць менавіта  белую фарбу — малюнак будзе ярчэйшы. Калі жадаем нашу працу “састарыць” — зверху асновы наносім яшчэ спецыяльны кракелюрны лак. Хвіліна — і “трэшчыны”, быццам пад дзеяннем магіі, самі з’явяцца на фарбе.

3. Далей выразаем з сурвэткі малюнак. Можна акуратна і абарваць узор — “рваныя” краі лепш лягуць на аснову.

4. Разводзім клей ПВА да стану рэдзенькага малака. І прыклейваем наш малюнак — праводзячы пэндзлем зверху сурвэткі з сярэдзіны да краёў, каб выйшла ўсё паветра. Калі атрымаецца якая складка ці сурвэтка ў нейкім месцы парвецца, палохацца не варта. Мы заўсёды зможам падобныя хібы затаніраваць. Або, калі ўжо наша праца высахне, падраўняць наждачкай.

5. Замест клею можна выкарыстоўваць акрылавы лак — абавязкова бясколерны.  Ім мы ўсё роўна павінны пакрыць нашу працу. Гэта чарговы этап. Пасля таго як лак падсохне, таніруем бакі талеркі і, пры жаданні, аснову  працы. Дваццаць — трыццаць хвілін  — і ўнікальная талерка ў стылі рэтра, якая і ўласны пакой упрыгожыць, і ў якасці падарунка падыдзе, гатова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter